Сусвет ляціць у бездань на вялікіх хуткасцях

Калі і якім чынам мы забылі ўрокі мінулага?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прапалестынская дэманстрацыя каля Універсітэту Макгіла, дзе сотні студэнтаў 8 дзён жылі ў намётах у знак салідарнасці з палестынцамі. Манрэаль, Канада. 4 траўня 2024 года.
Фота: Amru Salahuddien / Anadolu Press / Abaca Press / East News

У Шведскім Мальмё 7 траўня распачнецца мой любімы конкурс Еўрабачанне. Абажаю глядзець на канкурсантаў і канкурсантак, абмяркоўваць строі, голас і музыку. Раней, калі жыла ў Менску, мы з сябрамі збіраліся ў кавярнях, гаманілі пад чарговага выканаўцу, заўзелі… Калісьці так, за столікам у менскай кавярні, пабачылі Ларын (Швецыя), Канчыту Вурст (Аўстрыя) і іншых. Пасля 2020-га мы раз’ехаліся, але ўсё гэтак жа збіраемся – з дапамогай сучасных трафікаў Zoom.

Еўрабачанне для мяне – гэта шоу пра свабоду. Дзе не важна, хто ты. Галоўнае – спявай і забаўляй публіку. І вось чытаю: фанатам Ізраіля забаранілі махаць нацыянальнымі сцяжкамі, у Мальмё (акурат дзе і пройдзе конкурс) адбудуцца два буйныя мітынгі ў падтрымку Палестыны, а дэлегацыі Ізраіля забаранілі ў мэтах бяспекі пакідаць гатэль (выключэнні: рэпетыцыі і выступы).

Не паверыла. Перачытала зноў. І яшчэ раз. Прадстаўнікі краіны, на якую напалі з тэрыторыі Палестыны 7 кастрычніка мінулага года не могуць памахаць нацыянальнымі сцяжкамі і выйсці пагуляць? Ці не нагадвае вам гэта нешта з мінулага стагоддзя? Калі габрэі маглі хадзіць па пэўных вуліцах, заходзіць у пэўныя крамы, хадзіць па пэўнай тэрыторыі? Ці не з гэтага ўсё пачыналася?

6 траўня адзначаецца Дзень памяці ахвяраў Халакосту. Можна па-рознаму ставіцца да сучаснай палітыкі, але гістарычную памяць ігнараваць не варта. Памятаю, як у 2014 годзе была ў адной міжнароднай дэлегацыі ў Берліне. Адная, скажам так, не самая разумная журналістка з Масквы падчас вячэры вырашыла бліскануць розумам. «А ў нас кажуць так: першы тост за Халакост». Позірку ўсіх нас было дастаткова, каб яна рэціравалася з вечарыны і рэшту візіту правяла ў самоце. Гэта не тое, над чым варта жартаваць, і гэта дакладна не тое, што можна забыць. І вось раніцай 6 траўня мае сябры і сяброўкі пішуць пасты памяці ў сацсетках, дзе… яны баняцца, паніжаюцца ў праглядах, а каментары са словам Халакост пазначаюцца як патэнцыйна абразлівыя. Безумоўна, гэта робяць робаты. Але хтосьці ж ім такую задачу паставіў…

Маю адчуванне, што сусвет ляціць у бездань на вялікіх хуткасцях. І дзесьці там існуе не толькі паралельная рэчаіснасць, дзе пануюць «ябацькі» і прыхільнікі «спецыяльнай ваеннай аперацыі», але і тыя, хто прагульваў урокі гісторыі і даў задачу робатам баніць у сацсетках выказванні пра Халакост. А, мо, гэта адныя і тыя ж людзі? Проста мы чамусьці вырашылі, што за заходняй мяжой іх быць не можа.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чалавек праходзіць міма шыльдаў конкурсу песні Еўрабачанне-2024 у Мальмё, Швецыя. 17 красавіка 2024 года.
Фота: Tom Little / Reuters / Forum

Канкурсантка ад Ізраіля Эден Голан выступіць у другім паўфінале, 9 траўня. Давайце яе падтрымаем.

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў