Памежная ахова Польшчы: грошы ад нелегальнай міграцыі праз Беларусь ішлі на «Хізбулу» і «Ісламскі джыхад»


Польская памежная ахова разам з нямецкай паліцыяй выкрыла міжнародную злачынную групоўку, якая займалася арганізацыяй незаконнай міграцыі праз Беларусь і накіроўвала атрыманыя сродкі тэрарыстам.

Затрыманне арганізатара нелегальнай міграцыі праз Беларусь.
Фота: strazgraniczna.pl

Расследаванне вядзе Надбужанскі аддзел Памежнай аховы Польшчы пад наглядам Люблінскага аддзелу Дэпартаменту барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Нацыянальнай пракуратуры ў Любліне.

Заснавальніка злачыннай групоўкі – 33-гадовага сірыйца – затрымалі ў Нямеччыне. Ён арганізоўваў незаконную міграцыю праз Беларусь у краіны ЕЗ з сакавіка 2021 года да лістапада 2023 года. За гэты час праз групоўку прайшлі 3,5 тысячы іншаземцаў, у тым ліку з Сірыі, Іраку, ды Емену. Людзі спачатку адпраўляліся ў Польшчу, а адтуль – у краіны Заходняй Еўропы.

Паводле папярэдніх ацэнак, аб’ём крыптавалютных плыняў на выкрытых гаманцах групоўкі складае каля 581 мільёна долараў. Патэнцыйна амаль усе гэтыя грошы маглі быць накіраваныя тэрарыстам. Вядома, што ўзброенаму крылу «Хізбулы» і «Палестынскаму ісламскаму джыхаду» было пераведзена не менш за 30 мільёнаў долараў.

Затрыманы сірыец, паводле папярэдніх падлікаў, атрымаў ад арганізацыі перапраўкі людзей праз мяжу фінансавую выгаду памерам не менш за 1,67 мільёна еўраў. Цяпер мужчына чакае рашэння нямецкага суда аб перадачы яго ў Польшчу. Яму выставяць абвінавачанне ў кіраўніцтве арганізаванай злачыннай групай і ўдзеле ў ёй, арганізацыі нелегальнай міграцыі і фінансаванні тэрарызму. Затрыманаму пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 15 гадоў.

Аб’ектыў
Следчы камітэт расследуе смерці мігрантаў на мяжы
2024.05.02 20:32

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў ЕЗ пачаў развівацца ўвесну 2021-га і дасягнуў апагею ў лістападзе таго ж года, калі натоўп мігрантаў быў гатовы амаль штурмам узяць польскую мяжу. Пасля таго як Польшча адмовілася іх упускаць, тысячы грамадзянаў усходніх краінаў захраслі на беларускім баку мяжы. Бальшыня мігрантаў паходзіла з Іраку, куды яны паступова вярнуліся адмысловымі авіярэйсамі.

Цягам двух гадоў амаль штодня фіксуюцца спробы незаконна перайсці мяжу невялікімі групамі.

Польшча і Літва ўзвялі металічныя платы на мяжы з Беларуссю, каб перадухіліць міграцыйны крызіс, які Еўразвяз назваў гібрыднай агрэсіяй з боку ўладаў Беларусі. Афіцыйны Менск, у сваю чаргу, рэгулярна вінаваціць ЕЗ у жорсткасці да мігрантаў, якіх сумежныя краіны выцясняюць на беларускую тэрыторыю.

На мяжы з абодвух бакоў неаднаразова знаходзілі целы мігрантаў.

Hавiны
Кіраўнік МЗС Польшчы абвінаваціў асабіста Лукашэнку ў міграцыйным крызісе на мяжы
2024.05.01 21:50

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў