За «здраду дзяржаве» будуць судзіць цэлую сям'ю. Хроніка рэпрэсіяў


Беларусаў працягваюць караць за салідарнасць з Украінай і за ўдзел у пратэстах 2020 года, а за кратамі працягваюцца катаванні над палітвязнямі. 

Ларыса, Васіль і Павел Прохаравы (злева направа і зверху ўніз).
Фота: BELPOL, старонка Укантакце Васіля і ютуб-канал Васіля. Калаж: «Наша Ніва»

Цэлую сям’ю з-пад Гомля судзяць за «здраду дзяржаве»

Стала вядома, па якіх артыкулах будуць судзіць сямʼю Прохаравых з беларуска-ўкраінскага памежжа. Ім можа пагражаць да пятнаццаці гадоў калоніі, піша «Наша Ніва».

У раскладзе судоў зʼявілася імя Васіля, Ларысы і Паўла Прохаравых. Пра іх затрыманне стала вядома ў снежні 2023-га. Дачку Анастасію, якую затрымлівалі разам з імі, падобна, судзіць не будуць.

Уся сямʼя жыла ў вёсцы Грабоўка Гомельскага раёну – яна за некалькі кіламетраў ад мяжы з Украінай і за 25 кіламетраў ад Гомля.

Васілю Прохараву 54 гады. Ён родам з гораду Чарнобыль, у якім знаходзілася сумнавядомая атамная электрастанцыя. Прохараў служыў у дэсантных войсках. Потым працаваў на будоўлях і падпрацоўваў грузаперавозкамі, а таксама вёў невялікі блог. У блогу Васіль распавядае пра свае вандроўкі ў Чарнобыльскую зону, асаблівасці працы і свой быт. Вядома, што ён пацярпелы ў аварыі на ЧАЭС.

Ягонаму сыну Паўлу 27 гадоў. Ён нарадзіўся ў Грабоўцы. Вядома, што хлопец працаваў на будоўлі.

Ларыса Прохарава – зусім не публічны чалавек. Яна нарадзілася ў 1975 годзе ў Грабоўцы, дзе пражыла ўсё жыццё. Працавала санітаркай у мясцовай лякарні.

З імі разам па справе праходзяць Фёдар Аксененка і Руслан Прахарэнка. Пра іх нічога невядома.

Групу абвінавачваюць па чытарох артыкулах – «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК), «распальванне варожасці ці варажнечы» (ч. 1 арт. 130 КК), «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК) і «неданясенне пра злачынства» (ч. 1 арт. 406 КК).

Невядома напэўна, каго з іх вінавацяць па якім артыкуле. «Гомельская Вясна» паведамляла, што за «здраду дзяржаве» затрымлівалі менавіта Прохаравых. Суд пачнецца 20 мая ў Гомельскім гарадскім судзе.

Праваабаронцу Насту Лойку ў калоніі пазбавілі грашовых пераводаў ад сваякоў

«Наста Лойка ў калоніі шмат працуе і працягвае прытрымлівацца веганскай дыеты. Яе абмежавалі ў атрыманні грашовых пераводаў, а лісты яна атрымлівае толькі ад маці», – такой інфармацыяй пра палітзняволеную падзялілася крыніца з Радыё Свабода.

Станам свайго здароўя Наста Лойка не задаволеная, але «скардзіцца яна не мае звычкі».

Таксама вядома, што Наста працягвае чытаць шмат мастацкай і гістарычнай літаратуры.

«Кажа, што збольшага ў яе ўсё нармальна: працуе на пашыве адзення, шмат чытае. Апошняя прачытаная кніга – «Крыжакі» Генрыка Сянкевіча. Сказала, што кніга, у якой вядзецца пра часы Грунвальдскай бітвы, падаравала ёй новыя веды і цікавыя вобразы, што вельмі карысна, бо інфармацыі з волі ў яе мала. Але з гэтым нічога не зробіш, даводзіцца ёй трываць», – расказала крыніца.

Прадстаўніца міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human constanta Наста Лойка ў зняволенні знаходзіцца з кастрычніка 2022 года.

Насту абвінавацілі паводле 342 і 130 артыкулаў Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя альбо ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці»). Сваёй віны Наста Лойка не прызнала. Судзілі праваабаронцу на закрытым паседжанні, тэрмін у 7 гадоў зняволення Наста Лойка адбывае ў Гомельскай жаночай калоніі №4. Улады занеслі яе ў спісы тэрарыстаў і экстрэмістаў, а беларускія праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.

Каментар
Праваабаронцы: Пераслед Насты Лойкі – асабістая помста сілавікоў
2023.06.13 17:31

Віцебскага лекара арыштавалі на 15 дзён за падтрымку Украіны ў чаце-рулетцы

15 красавіка суд Першамайскага раёну Віцебску арыштаваў лекара Аляксандра Рандарэнку за «несанкцыянаванае пікетаванне» (частка 1 артыкула 24.23 КаАП), паведамляе тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю» са спасылкай на банк судовых рашэнняў.

Згодна з пастановай суду, віцяблянін у чаце-рулетцы выкрыкваў «лозунг грамадска-палітычнага характару і дэманстраваў прадмет з выявай сцяга жоўта-сіняга колеру».

Берасцейца затрымалі за ўдзел у пратэстах у жніўні 2020 году

Адзін з праўладных тэлеграм-каналаў, набліжаных да сілавікоў, апублікаваў відэа з затрыманым за ўдзел у пратэстах 2020 году берасцейцам.

На відэа сілавікоў беларус кажа, што ўдзельнічаў у масавых мерапрыемствах, выходзіў на праезную частку, абгарнуўшыся ў бел-чырвона-белы сцяг, выкрыкваў лозунгі, перакрываў дарогу транспарту і быў на пратэстах у той момант, калі людзі кідалі камяні і будавалі барыкады.

Паводле якога артыкулу абвінавачваюць затрыманага і ў якім статусе ён знаходзіцца, невядома.

10 траўня васьмярых жыхароў Берасця будуць судзіць за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе паводле «народнага» артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

Навіны палітвязняў: асуджанага журналіста Аляксандра Зянкова накіравалі ў калонію

Папраўчая калонія № 15 размешчаная ў Магілёве. Гэта мужчынская калонія агульнага і ўзмоцненага рэжымаў утрымання.

Hавiны
Вярхоўны Суд пакінуў без зменаў прысуд палітзняволенаму журналісту Зянкову
2024.04.16 15:42

Кааліцыя Латушкі і руху «За Свабоду» прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем»

Рашэнне было прынятае ў КДБ яшчэ 3 траўня, звярнулі ўвагу праваабаронцы. Кааліцыя ўдзельнічае ў выбарах у Каардынацыйную раду, якія адбудуцца ў канцы траўня.

Рэжым адчувае пагрозу – так адрэагаваў на навіну пра прызнанне кааліцыі «экстрэмісцкім фармаваннем» Павел Латушка.

Таксама «экстрэмісцкімі фармаваннямі» прызнаныя праекты «Дактары за праўду і справядлівасць» і Free Info Bel.

У красавіку ў Беларусі адбыліся не менш за 530 палітычных судоў

Вядома, што былі прызначаныя мінімум 31 арышт, 45 штрафаў, а ў адным выпадку – грамадскія працы.

Беларусаў пераследавалі за нацыянальную сімволіку і падпіскі на незалежныя СМІ. Некалькі чалавек былі затрыманыя пры перасячэнні мяжы. Так, 8 красавіка ў Воранаве асудзілі беларуса за падпіску на канал «Next_tv». Яму прызначылі штраф у памеры 1200 рублёў (30 базавых велічынь). Прайшоў суд і ў Берасці – адной з затрыманых суд прызначыў штраф за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Да суда жанчыну адправілі ў ІЧУ, дзе яна правяла тры дні.

Судзяць таксама за «пікетаванне» у сацыяльных сетках. Так у Дзятлаўскім раёне мясцоваму жыхару прызначылі 60 гадзін грамадскіх работ за «несанкцыянаванае пікетаванне на асабістай старонцы ў інтэрнэце БЧБ-сцяга пратэснай накіраванасці».

Па стане на 8 траўня ў Беларусі 1375 палітвязняў, прызнаных праваабарончай супольнасцю. Рэальная колькасць палітвязняў можа быць большая.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў