«Яны нас за людзей не лічаць». Асуджаныя-«хімікі» з Мазыра паскардзіліся ў Генпракуратуру на кіраўніцтва


Сядзельцы Папраўчай установы адкрытага тыпу (ПУАТ) № 21, ці, як у народзе кажуць, «хіміі», накіравалі з Генеральную пракуратуру калектыўную скаргу на ўмовы перабывання і непрымальныя адносіны кіраўніцтва. Скаргу падпісалі каля 60 з 83 асуджаных.

Папраўчая ўстановы адкрытага тыпу № 21, Мазыр.
Фота: чытачы Белсат

У калектыўнай скарзе сядзельцы сведчаць пра злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі начальнікам мазырскай «хіміі» Дзмітрыем Дываноўскім, а таксама ягонымі намеснікамі Дзмітрыем Піваваравым і Дзмітрыем Астаповічам. Падпісанты скардзяцца на свавольства, здзеклівае і зняважлівае стаўленне да асуджаных, на кепскія побытавыя ўмовы і просяць Генпракуратуру правесці праверку па фактах, якія яны выклалі ў калектыўнай скарзе.

У прыватнасці, асуджаныя з Папраўчай установы адкрытага тыпу № 21, што ў ведамстве Упраўлення Дэпартаменту выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных справаў па Гомельскай вобласці, указалі, што кіраўніцтва не проста абмежавала іхную свабоду (у адпаведнасці з выракам), а цалкам яе пазбавіла.

Напрыклад, гаворыцца ў лісце, ім дазволена пакідаць камендатуру, дзе яны жывуць, толькі ў суправаджэнні супрацоўнікаў ПУАТу. І гэта, на думку падпісантаў, стварае шматлікія перашкоды асуджаным: у прыватнасці, у атрыманні медычнай дапамогі, бо колькасць супрацоўнікаў абмежаваная, іх не стае на ўсіх людзей, якія маюць патрэбу ў наведванні лекара, абследаванні і медычных працэдурах, асабліва ў перыяд эпідэміі Covid-19.

Сядзельцы-«хімікі» наракаюць у скарзе, што ў два разы павялічылася колькасць штодзённых праверак, раней іх было 2–3 на дзень, а цяпер – 6 і нават болей. Прычым выключэння не робіцца нават для людзей, якія хварэюць, маюць высокую тэмпературу ці іншыя праблемы са здароўем.

Кіраўніцтва таксама забараняе хворым сядзець і ляжаць на сваіх ложках. Тэмпература ў памяшканні «Каранцін», дзе ляжаць хворыя, не падымаецца вышэй за +14. Абяцаных дадатковых коўдраў хворыя не атрымалі. Толькі 15 студзеня, падчас праверкі з гомельскага Упраўлення Дэпартаменту выканання пакаранняў, тэмпература ў гэтым памяшканні павысілася да +21.

«Хімікі» таксама скардзяцца пракурору, што ім не дазваляюць выходзіць на працу ў выходныя дні на жаданне з дазволу працадаўцаў.

Абураныя асуджаныя і немагчымасцю трапіць на некалькі дзён дадому за добрыя паводзіны пры ўмове адсутнасці парушэнняў рэжыму, хаця закон такое права ім дае. На думку падпісантаў скаргі, кіраўніцтва ПУАТ № 21 злоўжывае службовымі паўнамоцтвамі ды ўладаю, не пускае людзей дадому з надуманых прычынаў.

Асуджаныя незадаволеныя і тым, што карэспандэнцыя, якую яны атрымліваюць з дзяржаўных органаў (суда, пракуратуры ды інш.), ускрываецца і чытаецца. На пытанне, навошта гэта робіцца, кіраўніцтва «хіміі» адказвае, што мае асцярогі, што ў лістах могуць быць наркотыкі.

Не задавальняюць «хімікаў» і побытавыя ўмовы ў камендатуры. Кухня і душ працуюць толькі паводле раскладу, які можа не супадаць з працоўным графікам асуджаных. У выніку многія застаюцца без душу і гарачай ежы. У памяшканні камендатуры ёсць спартзала, але трапіць туды асуджаныя не могуць з незразумелай ім прычыны.

«Стала проста невыносна трываць гэтыя здзекі з боку кіраўніцтва, – кажа адзін з падпісантаў, Аляксандр. – Яны проста нас за людзей не лічаць, ствараюць нам нечалавечыя ўмовы. Мы маем кантакты з сядзельцамі іншых «хіміяў», і там зусім іншая сітуацыя. У іх і выхад у горад ёсць, і паездкі дадому на тры дні, яны сваіх дзяцей, жонак бачаць».

Падчас рыхтавання публікацыі падпісанты паведамілі карэспандэнту, што пра скаргу стала вядома кіраўніцтву «хіміі», і оперупаўнаважаныя ўстановы ўжо выклікаюць падпісантаў і запытваюцца, ці добраахвотна яны ставілі свае подпісы, а на аднаго з арганізатараў збору подпісаў ужо аформілі парушэнне рэжыму (паводле закону, тры парушэння, і асуджаны едзе на «зону»).

«Белсат» будзе інфармаваць чытачоў пра развіццё сітуацыі на ПУАТ № 21.

Ганна Кавальчук, belsat.eu

Стужка навінаў