У Горадні з акна восьмага паверха выпала дзяўчынка. Што рабіць, каб перадухіліць бяду


У Горадні з акна шматпавярхоўкі выпала дзіця. Гэта адбылося ўвечары 5 траўня, паведамляе Следчы камітэт Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Eduard Militaru / stocksnap.io, CC0

«Папярэдне ўстаноўлена, што мама дзяўчынкі на некалькі хвілін адлучылася з кватэры. У гэты час малая самастойна забралася на падаконнік, адчыніла акно і, не ўтрымаўшыся, звалілася ўніз. Дзіця на траве заўважылі суседзі», – паведамілі падрабязнасці ў СК.

Цяпер дзяўчынка знаходзіцца ў больніцы, яе стан ацэньваецца як вельмі цяжкі, бо ў выніку падзення яна атрымала сур’ёзныя траўмы.

З надыходам цяпла падобныя навіны з’яўляюцца ўсё часцей. Падзенне з акна з’яўляецца адной з асноўных прычын дзіцячага траўматызму і смяротнасці, асабліва ў гарадах. Дзеці вельмі ўразлівыя з-за натуральнай дапытлівасці. Большасць выпадкаў падзення здараецца тады, калі бацькі пакідаюць дзяцей без нагляду. Вось некалькі правілаў, якіх варта прытрымлівацца, каб перадухіліць трагедыю.

1. Не пакідайце маленькіх дзяцей адных.

2. Не пакідаць вокны адчыненымі, паколькі дастаткова адцягнуць увагу на секунду, якая можа стаць апошнім імгненнем у жыцці дзіцяці або скалечыць яго назаўжды.

3. Не выкарыстоўваць маскітныя сеткі без адпаведнай абароны акна.

Дзіця бачыць нейкую перашкоду наперадзе, упэўнена абапіраецца на яе, і ў выніку можа выпасці разам з сеткай, якая не разлічана на вагу нават гадавалага дзіцяці.

4. Не пакідаць дзіця без нагляду, асабліва калі яно грае каля вокнаў і шкляных дзвярэй.

5. Не стаўце мэблю паблізу вокнаў, каб дзіця не ўзлезла на падаконнік.

6. Не варта дазваляць дзецям скакаць на ложку ці іншай мэблі, размешчанай каля вокнаў.

7. Старанна падбярыце аксесуары на вокны.

У прыватнасці, сродкі сонцааховы, такія як жалюзі і рулонныя завесы павінны быць без шнуроў і ланцужкоў. Дзіця можа з іх дапамогай узлезці на акно або заблытацца ў іх і справакаваць удушша.

8. Усталяваць на вокны блакатары, якія перашкаджаюць адкрыццю акна дзіцем самастойна.

9. Калі вы нешта паказваеце дзіцяці з акна – заўсёды моцна фіксуйце дзіця, будзьце гатовыя да рэзкіх рухаў малога, трымайце далоні сухімі, не трымайце дзіця за адзенне.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў