Сацыёлаг: Пасля 2020-га Беларусь пакінулі 500-600 тысяч чалавек – як Горадня і Берасце разам узятыя


Пасля 2020 года Беларусь пакінулі каля 500-600 тысяч чалавек – гэта амаль Горадня і Берасце, разам узятыя. Да такіх высноваў прыйшоў сацыёлаг, старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў.

Людзі ідуць на фоне Палаца культуры і навукі і іншых хмарачосаў польскай сталіцы. Варшава, Польшча. 8 красавіка 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Эксперт прааналізаваў дасяжныя статыстычныя звесткі. Па стане на люты 2024 года ў польскай сістэме ZUS (аналаг беларускага ФСАН) было зарэгістравана 130 тысяч беларусаў. Столькі ж грамадзян нашай краіны мелі дазвол на жыхарства ў Польшчы. У 2020-м такіх было толькі 17 тысяч. Такім чынам, за гэты час у Польшчу з’ехалі мінімум 113 тысяч чалавек.

Але, на думку Генадзя Коршунава, у гэтай статыстыцы не хапае яшчэ некалькіх дзясяткаў тысяч беларусаў, якія цяпер чакаюць ДНЖ у Польшчы, бо тэрміны выдачы дазволаў расцягнуліся ў сувязі з вялікім наплывам замежнікаў.

У Літве з 2020 па люты 2024 год колькасць беларусаў афіцыйна вырасла з 18 тысяч да 63 тысяч чалавек.

Такім чынам, новая міграцыя беларусаў у Літву складае каля 45 тысяч чалавек. І гэта таксама хутчэй за ўсё мінімальны паказчык.

У Нямеччыну за апошнія гады пераехалі 6 – 8 тысяч беларусаў, у Ізраіль па стане на 2022 год – 3,6 тысячы чалавек. Каля 10 – 11 тысяч беларусаў пераехалі ў Грузію. У краіны ЕЗ, акрамя Польшчы і Літвы, паводле падлікаў сацыёлага, перабраліся каля 20 тысяч беларусаў.

Агульную колькасць беларусаў, якія эмігравалі ў заходнім кірунку, даследчык ацэньвае ў 220 тысяч чалавек.

Колькасць беларусаў, якія пераехалі ў Расею, падлічыць складана праз асаблівасці статыстыкі. МУС Расеі піша, што ў 2022 годзе там жылі 430 тысяч беларусаў, Еўразійская эканамічная камісія называе лічбу ў 173 тысячы. На думку Коршунава, эміграцыя з Беларусі ва ўсходнім кірунку можа быць цалкам супастаўная па памерах з заходнім кірункам.

Так ён прыходзіць да лічбы ў 500-600 тысяч чалавек. Гэта каля 6 – 7 % ад агульнай афіцыйнай колькасці насельніцтва краіны па версіі Белстату.

У гэты ж час беларускія рэлакаваныя IT-кампаніі – у топе літоўскіх падаткаплатнікаў, у самой жа Беларусі не хапае больш за 10 тысяч медычных працаўнікоў, а ў пошуках вырашэння праблем на рынку працы дайшлі ўжо да ідэяў рэкрутаваная пенсіянераў.

Агляд
На прадпрыемствах не стае тысячы працоўных рук. Якія спецыялісты самыя запатрабаваныя?
2024.05.08 14:01

У свой час прадстаўнікі ўлады і цалкам афіцыйна, і паўафіцыйна называлі пэўныя лічбы эміграцыі з Беларусі. Так, у прыватнасці, характарызуючы яе памеры цягам 2021 – 2022 гадоў, начальнік Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун адзначыў: «больш за 200 тысяч». А сумнавядомы намеснік міністра МУС Мікалай Карпянкоў у верасні 2023-га года акрэсліў агульныя памеры палітычнай міграцыі ў 350 тысяч чалавек.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў