Святлана Ціханоўская: 9 траўня не толькі Дзень Перамогі, але і дзень памяці


9 траўня ў Беларусі адзначаецца Дзень Перамогі. Дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў у гэты дзень і пажадала міру і свабоды.

Святлана Ціханоўская звяртаецца да беларусаў 9 траўня.
Фота: скрыншот з відэа / Святлана Ціханоўская / YouTube

У сваім звароце да беларусаў Святлана Ціханоўская адзначыла, што 9 траўня нагадвае нам пра чалавечую мужнасць і самаахвярнасць, пра тых, хто змагаўся за мір і свабоду. Гэта не толькі Дзень Перамогі, але і дзень памяці, бо беларусы ўспамінаюць пра ўсе жахі і боль, якія прынесла Беларусі тая вайна.

«Гэты дзень нагадвае нам і пра тое, да чаго вядзе беспакаранасць і неабмежаванасць улады. Калі тыраны ў імя ідэалогіі і ўласных амбіцыяў гатовыя прыносіць у ахвяру жыцці людзей. Вайна, якую развязала Расея супраць Украіны, паказвае, што не ўсе вынеслі ўрок з падзеяў 80-гадовай даўніны. Ізноў адзін тыран вырашыў, што мае права паняволіць іншых, ізноў забіваюць нявінных людзей, ізноў нашая краіна апынулася пад уладай тыраніі», – адзначыла Святлана Ціханоўская.

Беларуская дэмакратычная лідарка падкрэсліла, што беларускі народ спрабуюць уцягнуць у гэтую вайну, расказваючы з тэлеэкранаў пра ўнутраных і вонкавых ворагаў, а тых, хто выступае супраць вайны, называюць экстрэмістамі і здраднікамі.

«Як сталася, што ў Беларусі, дзе цэніцца мір, нават словы «Не вайне!» сталі злачынствам? Але мы ніколі не былі агрэсарамі. У свеце цяжка знайсці больш міралюбную нацыю, чым беларусы. Мы ўмеем жыць дружна з суседзямі і знаходзіць агульную мову. Але таксама мы ўмеем пастаяць за сябе і тых, хто ў бядзе. Мы ўмеем змагацца і ўмеем перамагаць. У гэты дзень я хачу пажадаць усім нам міру. Беларусам – свабоды, а Украіне – перамогі над агрэсарам», – сказала Святлана Ціханоўская.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў