Невядомыя з памылкамі ў літоўскай мове заклікаюць вешаць студэнтаў ЕГУ, якія жывуць у Літве


Беларускія студэнты, якія навучаюцца ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні, атрымліваюць паведамленні з пагрозамі расправы ад ананімных акаўнтаў у Telegram. Беларусы звярнуліся ў літоўскую паліцыю, але атрымалі адмовы ў завядзенні справаў за пагрозы, паведамляе LRT.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт ў Вільні, Літва.
Фота: ehuofficial / Instagram

Як паведаміў выданню студэнт Аляксей (імя змененае) 16 красавіка ён пачаў атрымліваць паведамленні з пагрозамі з невядомага акаўнту ў Telegram ад чалавека, падпісанага як Вінцас. Затым яму пачалі паступаць званкі з невядомага літоўскага нумару, але ніхто нічога не казаў – чуваць было толькі шум і грукат. Пазней Вінцас даслаў беларусу спасылку на групу «Švarus Vilnius. Už rasę ir tautą!» («Чыстая Вільня. За расу і нацыю!»). Там былі змешчаныя фота, імя і адрас студэнта з заклікамі павесіць яго за нібыта гомасексуальнасць (сам ён гэта адмаўляе). Пасля гэтага пагрозы на адрас Аляксея пачалі ўзмацняцца.

Таксама Вінцас трапіў ва ўнутраны чат студэнтаў ЕГУ, дзе пачаў змяшчаць фотаздымкі «трупаў, абгарэлых целаў, нейкіх незразумелых частак цела». А ў групе «Švarus Vilnius. Už rasę ir tautą!» з’явіўся пост пра яшчэ аднаго студэнта ЕГУ, з ягоным фота, на якім ён загорнуты ў вясёлкавы сцяг. Яго таксама прапаноўваецца павесіць або «ператварыць ягонае жыццё ў пекла». Апроч таго, ЕГУ наўпрост звязвалі з ЛГБТ.

Тэксты з памылкамі ў літоўскай мове

Першы пост у «Švarus Vilnius. Už rasę ir tautą!» з’явіўся 7 красавіка. У ім гаворыцца, што мэтай групы ёсць «выяўленне і адсочванне асобаз і арганізацый, якія ствараюць пагрозу нашым перакананням, ладу жыцця і бяспецы літоўскага народу». За пару тыдняў існавання ў групе зʼявілася некалькі дзясяткаў паведамленняў неанацысцкай скіраванасці, а таксама відэа збіцця людзей.

На апублікаваных відэароліках намаляваны лагатып ультраправай тэрарыстычнай арганізацыі, заснаванай неанацысцкай міжнароднай групай «Кроў і гонар» (B&H). У Літве чальцы гэтай групы згуртаваныя ў Telegram вакол групы «B&H Lietuva». Як заяўляюць літоўскія журналісты, «Švarus Vilnius. Už rasę ir tautą!» проста капіюе публікацыі «B&H Lietuva», а ў дадатак да гэтага робіць пасты пра студэнтаў ЕГУ з заклікам павесіць іх. Гамафобны наратыў таксама адрознівае яе ад «B&H Lietuva».

На думку Аляксея, кампанія запалохвання – справа беларускіх спецслужбаў, а яе мэта – дыскрэдытаваць Літву «ў вачах беларусаў, выклікаць страх». Ён нагадаў, што беларускія прапагандысты ўжо пагражалі прызнаць ЕГУ экстрэмісцкім фармаваннем. Спробы запужвання беларус звязвае з надыходам уступнай кампаніі і жаданнем не дапусціць туды паступлення новых абітурыентаў.

Літоўскія журналісты пацвярджаюць, што калі ў «Švarus Vilnius. Už rasę ir tautą!» з’яўляюцца не рэпосты з «B&H Lietuva», там шмат памылак і бязглуздзіцы, тэкст нібыта пісаўся праз перакладчык.

Адказ на выкрыццё «Ліцвінаў»

Аляксей згадвае, што стаў ахвярай пераследу пасля таго, як у адной з закрытых перапісак ЕГУ нехта са студэнтаў падзяліўся фота ўлёткі, якая зʼявілася ва ўніверсітэце. На ім былі адлюстраваныя нацыянальныя сімвалы Беларусі з QR-кодам, што вёў у падазроную Telegram-групу пад назвай «Ліцвіны». У групе публікаваліся заявы з патрабаваннем далучэння Вільні да Беларусі.

Аляксей напісаў у гэтай групе каментар, у якім паведаміў, што такія ўлёткі трэба рваць, бо гэта нагадвае працу беларускіх спецслужбаў. Праз два дні ў «Švarus Vilnius. Už rasę ir tautą!» з’явіліся пагрозы на адрас Аляксея.

Звароты ў паліцыю не дапамаглі

У адказ на інцыдэнты адміністрацыя ЕГУ параіла студэнтам захоўваць ананімнасць у інтэрнэце і звяртацца ў паліцыю, калі яны атрымліваюць пагрозы. Некалькі студэнтаў так і зрабілі, але з паліцыі прыйшлі адказы, што «прыкметаў злачыннай дзеі, адміністратыўнага або іншага парушэння закону выяўлена не было».

Прадстаўнікі паліцыі не захацелі каментаваць журналістам свае рашэнні не пачынаць справы.

Між тым пасля публікацыі журналісцкага матэрыялу LRT па-расейску група «Švarus Vilnius. Už rasę ir tautą!» змяніла назву і выдаліла большасць сваіх пастоў.

Раней ужо паведамлялася, што некаторыя беларусы, якія пераехалі ў Вільню пасля 2020 года, сталі атрымліваць ананімныя паведамленні з пагрозамі забойствам. У частцы паведамленняў людзей заклікаюць пакінуць Літву. Тэксты паведамленняў па-літоўску былі напісаныя з памылкамі, таму ёсць падазрэнне, што гэта правакацыя беларускіх спецслужбаў. Літоўскай паліцыі пра гэтыя выпадкі вядома.

Студыя «Белсат»
Ігар Тур: ЕГУ прызнаюць экстрэмісцкім. Вечаровы эфір за 9 студзеня
2024.01.09 20:40

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў