Ранкам 10 траўня на Сонцы адбылася ўспышка наймагутнейшага класу X: гіганцкі кластар плямін, у 15 разоў шырэйшы за Зямлю, даў вывяржэнне, часцінкі якога даляцелі да зямлі ў ноч на 11 траўня. На зямлі адзначылі геамагнітную буру максімальнага класу G5. Палярнае ззянне назіралі ў нетыповых для яго шыротах – нават у Беларусі. Імаверна, яно будзе і наступнай ноччу: выкідаў з Сонца было тры, рэшта дойдзе да Зямлі пазней.
Успышкі на сонцы і геамагнітныя буры на Зямлі адбываюцца рэгулярна. Яны адносна бяспечныя для людзей на Зямлі (калі не лічыць астранаўтаў па-за атмасферай), але могуць збіваць працу спадарожнікаў і энергасетак, перашкаджаць працы электронікі ў самалётах і пагражаюць пасажырам самалётаў падвышанай (хоць і не лятальнай) дозай радыяцыі. У некаторых людзей з хранічнымі захворваннямі ад іх могуць пачацца праблемы са здароўем.
Сонца цяпер надзвычай актыўнае, набліжаецца да піку актыўнасці ў бягучым 11-гадовым цыкле. 10 траўня з аднаго з найбуйнейшых у гісторыі назіранняў кластару сонечных плямаў адбылася вельмі магутная ўспышка, якая суправаджалася выкідам плазмы. Калі часцінкі з успышкі дасягнулі Зямлі, зафіксавалі геамагнітную буру экстрэмальнага класу G5 – апошні раз такое было на Гэлоўін 2003 года. Папулярызатар навукі Сяргей Бесараб называе тое, што адбылося, «сонечным таранам» і «бурай стагоддзя». За магчымымі наступствамі сочаць не толькі навукоўцы, а нават адміністрацыя прэзідэнта Злучаных Штатаў.
У паўночным паўшар’і Зямлі ў ноч на 11 траўня назіралі надзвычай моцнае палярнае ззянне. І яно было бачнае нават у нетыповых рэгіёнах: ад Беларусі да Флорыды. На момант публікацыі ззянне яшчэ можна пабачыць у Паўночнай Амерыцы, дзе цяпер ноч. Імаверна, ззянне можна будзе пабачыць яшчэ на выходных: часцінкі з выкіду ляцяць павольна.
Алесь Наваборскі belsat.eu