Дачка палітзняволенага палітыка Рыгора Кастусёва не выйшла на волю пасля трох содняў ІЧУ. Пра гэта паведамляе праваабарончая ініцыятыва MAYDAY TEAM.
Кацярына Кастусёва была затрыманая 22 красавіка. Падкантрольныя спецслужбам тэлеграм-каналы апублікавалі відэа, на якім жанчыну прымусілі сказаць, што ў 2020 годзе яна аказвала садзейнічанне ПЦ «Вясна», а таксама – што яна нібыта зарэгістравалася ў чат-боце плану «Перамога».
Паводле праваабаронцаў, Кацярына Кастусёва не выйшла па заканчэнні трох содняў з ізалятару часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкама.
Таксама ў магілёўскіх судах не было адміністрацыйных працэсаў у адносінах да яе. Імаверна, супраць жанчыны распачалі крымінальную справу.
Бацьку Кацярыны, старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, ужо больш як тры гады трымаюць у няволі. Палітыка затрымалі 12 красавіка 2021 года і абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». 5 верасня 2022 года яго пакаралі 10 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 15 студзеня 2024 года Кастусёва перавялі на турэмны рэжым – у гарадзенскую турму № 1. У зняволенні ў старшыні Партыі БНФ вельмі пагоршыўся стан здароўя, выявілася анкалагічная хвароба.
Глеб Нержын belsat.eu