Беларусы сталі меней набываць тавараў


Спажывецкі рынак нехарчовых тавараў змяншаецца. Падаюць прыбыткі, банкаўскія крэдыты даражэюць, таму беларусы купляюць усё менш. Урад шукае новыя магчымасці, каб скараціць выдаткі і знайсці новыя крыніцы папаўнення бюджэту.

Беларусы купляюць усё меней непрамысловых тавараў. У студзені ў параўнанні з аналагічным перыядам летась рознічны таваразварот скараціўся амаль на адзін адсотак.

«Што адбываецца ў Беларусі са спажывецкім рынкам? Ён скарачаецца, ён скурчваецца, бо ў беларусаў становіцца ўсё меней грошай, і калі грошай менш, адпаведна, чалавек менш ходзіць у крамы, на рынкі і менш купляе сабе ежы, адзення і тым больш тавараў доўгага спажывання», – адзначае эканаміст Леў Марголін.

Недасяжна дарагія спажывецкія крэдыты – ад 13 да 36 адсоткаў гадавых у сярэднім – таксама не спрыяюць росту попыту.

У гэтай пяцігодцы асобным катэгорыям бюджэтнікаў урад абяцае павысіць заробкі ў паўтара – два разы. Аднак пакуль, паводле Белстату, сярэдні заробак бюджэтнікаў у студзені ў параўнанні са снежнем скараціўся на 101 рубель да 1099 рублёў. Мінімальны ж заробак апусціўся да чатырохсот пяці 405 рублёў – цяпер гэта самая малая выплата сярод усіх краінаў Еўропы.

Сітуацыю пагаршае і тое, што дзяржаўны бюджэт сёлета зацверджаны з дэфіцытам памерам 5,6 мільярда рублёў. Каб заткнуць гэтую дзірку, дзяржава будзе змушаная скарачаць выдаткі, падвышаць падаткі і зборы, шукаць новыя пазыкі, упэўнены эканаміст Леў Марголін:

«Перш за ўсё, будзе спроба пазычыць, а паколькі за мяжой пазычаць будзе цяжка, то будзе спроба пазычаць унутры, на беларускім рынку. Будуць падвышацца адсоткі па дэпазітах, па аблігацыях дзяржаўнага займу».

Шэраг банкаў ужо павысіў адсоткавыя стаўкі на дэпазітах. Аднак пакуль беларусы імкнуцца захоўваць грошы ў валюце. У студзені і лютым беларусы набылі на 201 мільён долараў болей, чымся прадалі.

Ігар Станкевіч, «Белсат»