Алена Гнаўк: «Судзяць нас за песню і танцы, што, вядома, дзіка»


Дзве крымінальныя справы і больш як два дзясяткі абвінавачаных. Два судовыя працэсы за паслявыбарчыя пратэсты пачаліся сёння ў Берасці.

У судзе Маскоўскага раёну суддзя Вера Філонік разглядае справу дзесяцярых берасцейцаў, сярод якіх двое няпоўнагадовых. Усіх іх вінавацяць у масавых беспарадках за падзеі 10-га жніўня.

«Людзей судзяць групамі па 10–12 асобаў, цяпер ужо, напэўна, больш як 70 абвінавачаных у гэтай справе. Сёння будуць судзіць першую дзясятку. Тэрміны паводле гэтага артыкулу ад 3 да 8 гадоў узмоцненага рэжыму. На маё меркаванне, у нас у горадзе не было ні пагромаў, ні падпалаў. Каб дзесьці сур’ёзна пацярпелі працаўнікі міліцыі, я таксама не чула», – кажа Яўгенія Аўчыннікава, жонка палітвязня Віктара Панцялеева, якога таксама будуць судзіць па гэтай справе.

Яшчэ больш абсурдна гучыць абвінавачанне ў другім працэсе, што пачаўся ў судзе Ленінскага раёну Берасця. Суддзя Дзмітрый Шурын пачаў судзіць дзесяць асобаў за грубае парушэнне грамадскага парадку. А дакладней – яны танчылі ў карагодзе ў цэнтры гораду 13-га верасня.

«Я разумею словы, што кажуць абвінаваўцы, але я не разумею, якім чынам яны ў іх складаюцца ў абвінавачанне. Якім чынам свята і масавае шэсце, свята ў горадзе ператварылася чамусьці ў крымінальна каранае наўмыснае нанясенне шкоды таму ж гораду?», – кажа абвінавачаная ў гэтай справе Валянціна Жукоўская.

Для першай дзясяткі з паўсотні абвінавачаных у гэтай справе пракурор запатрабаваў ад года з чвэрцю хатняй хіміі да двух гадоў калоніі. Актывістку Алену Гнаўк будуць судзіць трэцім заходам. Яна спадзяецца, што іхная група зможа супольна падрыхтавацца да суда:

«Зараз ідзе справа аб тым, што людзей робяць вінаватымі. А мы зробім працэс, што мы будзем абвінавачваць уладу. Не мы вінаватыя, а вінаватыя тыя, хто зрабіў гэты працэс, хто вывеў людзей за гэты карагод, за песню. Таму што судзяць нас за песню і за танцы, што, вядома, дзіка».

У судзе Маскоўскага раёну Менску суддзя Святлана Бандарэнка пачала працэс над Антонам Бяленскім. Вінавацяць валанцёра штабу Віктара Бабарыкі ў арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

«Ясна, што гэта тэндэнцыя. Заўтра ў гэтай справе будзе суд Лявона. Усё тое самае, толькі больш крэатыўны пракурор, і ў яго там тры старонкі тэксту, дзве кропкі і сорак сем косак. То бок лепшы ў словапляценні. Паводле гэтай жа справы быў ужо Савіцкі пакараны – тры гады хіміі», – кажа валанцёр штабу Віктара Бабарыкі Зміцер, які прыйшоў падтрымаць Антона Бяленскага на судзе.

Антон Бяленскі прызнаў віну часткова.

«Гэтыя працэсы нічым не адрозніваюцца ад працэсаў пасля 2010 года, проста паказальнае судзілішча, нічога больш. На людзей спрабуюць аказаць ціск, але ўсё ўжо ад людзей залежыць. Мінулы год паказаў, што ўжо зашмат цярпелі, і гэтыя фармальнасці ўжо надакучылі ўсім», – лічыць сяброўка Антона Бяленскага Злата.

Паводле падлікаў праваабарончага цэнтру «Вясна», за дзевяць месяцаў, з пачатку кампаніі для выбараў прэзідэнта Беларусі 2020 года, у краіне завялі больш за 1800 крымінальных справаў. Найчасцей – за нібыта масавыя беспарадкі ды іх арганізацыю, супраціў або гвалт у дачыненні працаўнікоў органаў унутраных справаў, а таксама за хуліганства ды няплату падаткаў. Сёння да ліку палітвязняў праваабарончая супольнасць Беларусі далучыла яшчэ дзесяць асобаў. Цяпер іхная агульная колькасць – 256 чалавек.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»