У залу суда прывялі ў кайданках. Суд над Віктарам Бабарыкам

Упершыню праз паўгода пасля затрымання блізкія пабачылі Віктара Бабарыку, былога банкіра, затрыманага падчас удзелу ў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. У залу суда яго прывялі ў кайданках. Справу «Белгазпрамбанку» разглядае Вярхоўны суд – і хоць працэс мусіў быць адкрытым, пускаюць толькі дзяржаўных і расейскіх журналістаў.

Гэткая атмасфера панавала сёння каля будынку суда Маскоўскага раёну сталіцы. Тут Вярхоўны суд разглядае «справу «Белгазпрамбанку» і Віктара Бабарыкі.

«Гэты суд – гэта экзамен для нашага заканадаўства, для нашых судоў», – кажа бацька Марыі Калеснікавай Аляксандр.

Нягледзячы на абяцанні ўладаў зрабіць працэс адкрытым, на паседжанне пусцілі выключна прадстаўнікоў дзяржаўных медыяў і расейскіх агенцтваў. Для незалежнай беларускай прэсы дзверы засталіся зачыненымі, гэтаксама, як і для сотні ахвочых трапіць на працэс. Афіцыйная прычына – каронавірус.

«Раздражнёны гэткай сітуацыяй, мне праз яе прыкра, але ў цэлым рады, што людзі сабраліся і ўсё яшчэ працягваюць верыць і змагацца. Бабарыка важны для людзей. Таму людзі прыйшлі яго падтрымаць», – гаворыць адзін з тых, хто прыйшоў падтрымаць Віктара Бабарыку.

Віктара Бабарыку, які мог стацца галоўным супернікам Аляксандра Лукашэнкі на леташніх прэзідэнцкіх выбарах, у суд даставілі пад канвоем. Рукі – за спінаю ў кайданках.

«Віктара Дзмітрыевіча відаць вельмі дрэнна. Яго пасадзілі ў самы канец гэтай клеткі. Але на голас гучыць вельмі бадзёра, адказвае добра, відаць, што сочыць за працэсам», – распавядае чалец Каардынацыйнае рады Максім Баграцоў.

Адвакаты прасілі адвод суддзі Ігара Любавіцкага, змяніць меру стрымання для Віктара Бабарыкі на хатні арышт, зняць арышт з маёмасці экс-банкіра, а таксама дапусціць у залу незалежную прэсу. Суд хадайніцтвы адхіліў.

«На судзе ляжыць абавязак стварыць пэўныя ўмовы, адна з якіх – галоснасць працэсу як абавязковы элемент справядлівага суда, таму мы маем права прасіць у суда гэта зрабіць, а суд абавязаны гэта зрабіць. Нашае хадайніцтва было далучана да матэрыялаў справы. Аднак нам сказалі, што суд адкрыты. І суддзя за пытанні пропуску ў будынак не адказвае», – кажа адвакат Віктара Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі.

Віктара Бабарыку і шэсць былых топ-менеджараў «Белгазпрамбанку» абвінавацілі ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванаю групаю. Віктара Бабарыку дадаткова выставілі абвінавачанне ў легалізацыі даходаў.

Яму пагражае да 15 гадоў зняволення.

Жыхары Менску кажуць:

«Я не веру, што ён усё гэта рабіў. Але куды падзецца? Як ёсць».

«Спачатку трэба даказаць, а потым абвінавачваць».

«У нас любому могуць даказаць тое, чаго няма насамрэч».

«Ён крыштальна чысты. І мы ведаем яго як заўзятара ў мастацтве. Добры чалавек. І ён неаднойчы расказваў нам пра справы Лукашэнкі, якія той зрабіў, і мы зразумелі даўно, што трэба змагацца».

Генеральны пракурор Андрэй Швед заявіў: следства праведзенае аб’ектыўна і бесстаронна, а сабраныя доказы сведчаць, што гэта карупцыйная схема.

«Это чистой воды уголовщина. Ни больше, ни меньше. Практически все обвиняемые признали свою вину, дали признательные показания, кроме Бабарико, сотрудничают со следствием», – сказаў Андрэй Швед.

Справу распачалі летась – пасля таго як Віктар Бабарыка абвесціў пра намер браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах і сышоў з пасады старшыні праўлення «Белгазпрамбанку».

У банку ўчынілі ператрусы з выманнем сродкаў, а таксама карцінаў з яго карпарацыйнай калекцыі.

Затрымалі Віктара Бабарыку 18 чэрвеня. Кандыдатам на прэзідэнцтва Цэнтрвыбаркам яго не зарэгістраваў, нягледзячы на больш як 400 тысяч подпісаў.

Прадстаўнік штабу Віктара Бабарыкі Іван Краўцоў падчас адмысловага стрыму на нашым тэлеканале адзначыў:

«Віктар Бабарыка не адмовіўся ад сваіх задачаў і ад тых матываў, праз якія ішоў у прэзідэнты. Ён сапраўды хоча зрабіць гэтую краіну лепшаю. І ён цяпер, можна сказаць, ахвяруе сабой і сядзіць, можна так сказаць, у кірунку перамогі».

Справу адносна Віктара Бабарыкі, экс-банкіра і экс-прэтэндэнта на прэзідэнта, працягнуць разглядаць заўтра.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Глядзі таксама