Журналістка TUT.by Кацярына Барысевіч – на свабодзе. Яе асудзілі ў справе «нуль праміле» за тое, што яна распавяла пра адсутнасць алкаголю ў крыві забітага Рамана Бандарэнкі. У месцах пазбаўлення воля журналістка правяла паўгода. За тры дні да вызвалення яе этапавалі з Магілёва ў гомельскую калонію.
7:24. Гомель. Кацярына Барысевіч выйшла з брамы калоніі № 4 з дзвюма вялікімі торбамі. Адну – адразу панесла да сметніка, каб выкінуць рэчы, якія б нагадвалі пра жыццё ў няволі:
«Усё добра! Я дагэтуль перахварэла, увесь час займалася спортам, танцавала, дыхала свежым паветрам, як паложана – гадзіну ў дзень».
Турэмным тэрмінам Кацярыну пакарала суддзя Святлана Бандарэнка 2 сакавіка. Журналістку затрымалі летась 19 лістапада, калі яна выйшла з дому ў краму. Гэтак званую справу «нуль праміле» завялі, абвінаваціўшы ў разгалошванні медычнай таямніцы, што пацягнула цяжкія наступствы. У сваім артыкуле Кацярына напісала, што забіты на плошчы Пераменаў Раман Бандарэнка быў цвярозы. Доктара Арцёма Сарокіна, які падаў Барысевіч гэтую інфармацыю, асудзілі на два гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем на год і забавязалі выплаціць 1450 рублёў.
«Я 15 гадоў працую журналістам, кожны дзень пішу матэрыялы. Мне здаецца, што аніводнаму журналісту да галавы не прыйдзе, што ягоны артыкул паслужыць падставаю для таго, што ён акажацца ў калоніі», – кажа Кацярына.
У жодзінскай следчай турме Кацярыне прысвоілі карычневую картачку – як схільнай да экстрэмізму асобе. З Жодзіна ў Магілёў, а адтуль у Гомель жанчыну этапавалі ў кайданках.
«Са мной разам былі дзве жанчыны, асуджаныя за забойства па 139 артыкуле. У іх тэрміны былі 9–10 гадоў. Яны потым смяяліся, што яны ехалі проста, а як экстрэміст альбо схільная да экстрэмізму – у кайданках. Нічога, я гэты этап таксама прайшла», – успамінае журналістка.
У няволі Кацярына прачытала каля 30 кніг, вывучыла больш за 30 танцаў розных краінаў свету і сабрала сотні жыццёвых гісторыяў. Журналістка адзначыла, што ўнутры заўсёды заставалася свабоднай: «Ішла з горда паднятаю галавой, нават у кайданках. Мне здаецца, я навучылася на ўсё вар’яцкія рэчы глядзець спакойна. Сказаць, што мяне нехта там зламаў, я стала іншай… У лістападзе зайшла адной, а выйшла другой, я так не магу сказаць. Да майго здзіўлення, аказалася, што я моцны чалавек – і гэта было прыемна», – дзеліцца Кацярына.
Пасля 12-й у Менску родныя і калегі чакалі Кацярыну з кветкамі. Яна іх вельмі любіць:
«Я ў кветках! З трускалкамі, з вішняй! Паела дурніц, сыру… Усё добра!».
Сёння, упершыню за паўгода, Кацярына Барысевіч абняла сваю дачку Дашу, пасмакавала маміны сырнікі ды боршч. У планах – адпачываць у вёсцы, вырошчваць кветкі і сустракацца з сябрамі. Нашыя ж каляжанкі Кацярына Андрэева і Дарʼя Чульцова – за кратамі ўжо 185 дзён. Вызваляць іх 20 лістапада налета.
Каця Малей, «Белсат».