Прысуд Аляксею Навальнаму застаўся без зменаў

Адразу два судовых працэсу ў адзін дзень: у Маскоўскім судзе з інтэрвалам у чатыры гадзіны прайшлі паседжанні над апазіцыйным расейскім палітыкам Аляксеем Навальным.

Два гады і амаль шэсць месяцаў расейскі палітык Аляксей Навальны правядзе за кратамі. Гарадскі суд Масквы на выязным паседжанні не задаволіў апеляцыі аб змене рэальнага тэрміну на ўмоўны ў справе «Іў Рашэ». Аднак скараціў тэрмін зняволення на паўтара месяца, што Навальны правёў пад хатнім арыштам. Адвакаты збіраюцца абскарджваць пастанову.

«Сённяшняя пастанова для нас было чаканаю. Мы лічым яе незаконнаю, нічога не змянілася. Усе тыя довады, якія былі ў першай інстанцыі, былі адрынуты тады, усе тыя ж довады былі адрынутыя і цяпер», – заявіў адвакат Вадзім Кобзеў.

Лідара расейскай апазіцыі Аляксея Навальнага асудзілі ў 2014 годзе на 3,5 года зняволення ўмоўна. Амаль год ён заставаўся пад хатнім арыштам. Аднак у пачатку лютага суд змяніў умоўны тэрмін на рэальны. Пасля таго як палітыка атруцілі працаўнікі ФСБ, ён быў на рэабілітацыі ў берлінскай клініцы «Шарытэ», пра што паведаміў федэральнай службе выканання пакаранняў толькі праз два месяцы. Гэта палічылі парушэннем умовы выпрабавальнага тэрміну.

17 студзеня апазіцыянер разам з жонкай Юліяй вярнуўся ў Расею і быў заарыштаваны. Еўрапейскі суд у пытаннях правоў чалавека заклікаў вызваліць палітыка. У Расеі не прыслухаліся.

«Да лістапада 2020 года Аляксей Анатолевіч не паведамляў Крымінальна-выканаўчай інспекцыі пра месца свайго перабывання, а таксама не з’яўляўся на рэгістрацыю. Прычынаў, чаму Аляксей Анатолевіч абраў такі шлях выканання пакарання, мы на судовым паседжанні не пачулі», – падкрэсліла пракурорка Кацярына Фралова.

Праз дзве гадзіны ў тым жа судзе – наступнае паседжанне. Гэтым разам – пра паклёп на ветэрана вайны Ігната Арцёменку. Улетку ў сваім Тўітэры Навальны змясціў ролік тэлеканалу RT, у якім вядомыя расейцы і ветэран агітавалі за пуцінскія папраўкі да Канстытуцыі. Апазіцыянер назваў іх «здраднікамі», «ганьбай краіны» і «людзьмі без сумлення». Гэта – ганьба гонару і годнасці ветэрана, пастанавілі ў Следчым камітэце і распачалі чарговую крымінальную справу.

Клопат пра ветэрана крывадушны, бо ўлады абкрадваюць пенсіянераў і ветэранаў, а на скрадзеныя грошы будуюць сабе палацы, заявіў у апошняй прамове палітык:

«Самае агіднае, што ёсць у гэтых уладаў, гэта тое, што яны існуюць дзеля таго, каб рабаваць гэтых людзей, самых няшчасных, гэтых ветэранаў, гэтых пенсіянераў. Яны ж крыніцы гэтых грошай. Адкуль жа бяруцца палацы, гэтыя ёршыкі па 50 тысячаў за штуку для прыбіральні».

Суд прызнаў віну Навальнага ў паклёпе на ветэрана і прысудзіў яму 850 тысячаў расейскіх рублёў, альбо амаль 11,5 тысячаў долараў. Сам апазіцыйны палітык сваёй віны не прызнае. Найбліжэйшым часам яго направяць у калонію.

Ігар Станкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама