Гібрыдная вайна і людская самаабарона


Трэці дзень датэрміновага галасавання скончыўся, засталося яшчэ два, і потым – галоўны дзень выбараў. Аляксандру Лукашэнку як ніколі складана перамагаць: «Супраць Беларусі вядзецца гібрыдная вайна», – заявіў ён з агаворкаю, што не ведае, хто гэтую вайну вядзе.

За 2 першыя дні галасавання яўка склала каля 13 %. Паводле ЦВК, на Гомельшчыне галасуюць найбольш актыўна.

«Паводле лічбаў – я налічыла 30 чалавек у першы дзень. Яны напісалі яўку 123 чалавек», – кажа Святлана Нарскіна, назіральніца з Гомлю.

У Гомельскай сярэдняй школе № 59 тры ўчасткі. Выбарчыя камісіі змусілі незалежных назіральнікаў працаваць не ўнутры, а пад дзвярыма – распаўсюджаная практыка.

«Мяне акрэдытавалі але з участку выдалілі. Сказалі, што нічога не могуць зрабіць, бо маюць указанне з Цэнтральнай Выбарчай Камісіі», – распавяла Галіна Бялова, назіральніца з Гомлю.

Летась на выбарах дэпутатаў, якія кіраўнік краіны называў рэпетыцыяй прэзідэнцкіх, за 5 дзён прагаласавалі 36 % выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі казалі пра махінацыі з заменаю бюлетэняў нават у апячатаных скрынях. Інфармацыя маланкава трапляла ў медыі. Уласна сёння Беларуская асацыяцыя журналістаў прэзентавала другі маніторынг асвятлення выбараў у медыях. У дзяржаўных – палова кантэнту ў агітацыйны перыяд прысвячалася Лукашэнку на пазітыўным фоне. Негатыўны фон – магчымы распад краіны ў выпадку змены ўлады.

«Быў такі шыкоўны анекдот пра тое, як чалавек прыходзіць з працы і пачынае шчоўкаць, пераключаючы каналы, А потым на экране зʼяўляецца чалавек, які кажа «я табе зараз папераключаю!» Цяпер такой сітуацыі няма. Мы цяпер знаходзімся ў сітуацыі рэальнага інфармацыйнага выбару», – кажа Алесь Анціпенка, БАЖ.

А таму і выбар палітычны бачым рэальны – у альтэрнатыўных дзяржаўным медыях. Паводле даследавання БАЖ, у цэнтры іхнай увагі былі асобы ўсіх кандыдатаў і іх палітычныя пазіцыі. Важнымі тэмамі былі выбарчыя пікеты, грамадскія ініцыятывы, звязаныя з назіраннем і падлікам галасоў, затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый і незалежных журналістаў.

«На жаль, у гэтым годзе сутыкнуліся з прыкрай сітуацыяй аб неакрэдытацыі многіх замежных журналістаў. Пытанне гэтае не раз уздымалася. Мы налічылі больш за 30 выпадкаў», – распавёў Барыс Гарэцкі, прэс-сакратар БАЖ.

Доступ да інфармацыі – абмяжоўваюць, праверку вынікаў галасавання – могуць сарваць. Пад час нарады па пытаннях бяспекі выбарчай кампаніі Лукашэнка даручыў даць ацэнку законнасці альтэрнатыўнага падліку галасоў і падрыхтаваць рэсурс для абароны краіны:

«Я ж сказаў – ідзе гібрыдная вайна супраць Беларусі і мы павінныя чакаць «пакасці» з любога боку. Што мы, дарэчы, і робім. […] І вось гэтае датэрміновае галасаванне, што людзі валам пайшлі галасаваць датэрмінова, кажа пра тое што людзі насцярожыліся. Яны ўчапіліся ў гэты кусок зямлі і яго яго згубіць не хочуць».

Ініцыятыва «Честные люди» падлічыла, што на сёння яўка завышаная ў 1,5 разу. Ці змогуць назіральнікі далей працаваць з падлікам і праверыць праз ініцыятыву «Голас», за каго беларусы аддалі галасы?

«У дачыненні давераных асобаў альт кандыдатаў і назіральнікаў на маю думку вядуцца палітычныя рэпрэсіі», – лічыць Яўген Хадакоў, давераная асоба кандыдата Дзмітрыева.

Яўгена Хадакова ўжо пазбавілі акрэдытацыі на двух гомельскіх участках (№ 10 і 12) і ўручылі пазоў у міліцыю.

Юлія Цяльпук, «Белсат»