Ксёндз Вячаслаў Барок: «Прысуд незаконны, яны злачынцы!»


Па факце катаванняў супраць сілавікоў не распачалі ніводнае крымінальнае справы. Не ўдалося дамагчыся справядлівасці і пінчуку Дзянісу Сядых, затрыманаму і збітаму 10 жніўня. За нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі яго пакаралі штрафам. А адразу пасля сканчэння тэрміну аплаты забралі аўтамабіль і заблакавалі рахункі.

«Следчы камітэт у межах крымінальнае справы супраць фонду BY_HELP заблакаваў мне ўсе асабістыя рахункі, пазбавіў маю сям’ю сродкаў існавання, не было на што ні набываць прадукты, ні запраўляць аўтамабіль. Рахункі былі арыштаваныя, з рахункаў забралі буйную суму грошаў, якая значна перавышала дапамогу ад фонду BY_HELP», – кажа Дзяніс Сядых.

Віцяблянка Людміла Конан, шматдзетная маці, правяла ноч у пастарунку, хоць закон гэта забараняе. Затрымалі яе ў Віцебску пасля акцыі. Справу ў судзе Першамайскага раёну развязалі папярэджаннем. Віны Людміла Конан не прызнае:

«Штрафу не прызначылі, аднак суддзя не палічылася з тым што я не брала ўдзелу ў акцыі. Адмаўляюся лічыць сябе вінаватай – у акцыі я ўдзелу не брала».

Іншаму жыхару Віцебску, Аляксандру Кірыленку, прысудзілі сёння два з паловаю года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску прызнаў яго вінаватым ва ўчыненні гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў. Прысуд вынесла суддзя Іна Грабоўская.

Крымінальную справу ў дачыненні 33-гадовага праграміста распачалі за інцыдэнт, які адбыўся 6 верасня ў Віцебску. Адна з удзельніц пратэставага маршу сарвала маску з твару прапаршчыка Юрыя Валейчанкі, той спрабаваў яе затрымаць, але Аляксандр Кірыленка ўступіўся за жанчыну. Праваабаронца Павел Левінаў лічыць, што ў дачыненні Аляксандра Кірыленкі было парушанае права на прэзумпцыю невінаватасці:

«Яго вадзілі перад усімі людзьмі ў наручніках, рукі за спінаю, і ўтрымлівалі, як звера ў заапарку ў клетцы – чалавека, у дачыненні якога прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу».

Пакаранне ж на думку праваабаронцы магло быць і мякчэйшым, тым больш што пацярпеламу ўжо сплацілі маральную кампенсацыю, і ён не настойваў на пазбаўленні волі.

Ужо кампенсаваў шкоду – 25 рублёў 52 капейкі – і падсудны ў крымінальнай справе, якую разглядалі сёння ў Паставах. Аляксея Казлоўскага вінавацяць у тым, што ён у ноч з 16 на 17 кастрычніка на аўтобусным прыпынку ў Паставах зрабіў надпісы «3 %» і «Саша, ты уволен» ды намаляваў бел-чырвона-белы сцяг.

«Для такой, на мой погляд, нязначнай справы, як пара надпісаў, задзейнічалі столькі людзей і столькі паперы перавялі, за такое шыць белымі ніткамі – гэта проста не адпавядае ніякаму здароваму сэнсу», – кажа жыхар Лынтупоў Анатоль Лоўкіс, які адмыслова прыехаў на суд падтрымаць Аляксея Казлоўскага.

Пракурор Ігар Валынец запатрабаваў для падсуднага месяц арышту. Прысуд у справе агучаць у панядзелак.

Пасля некалькіх пераносаў справы 10 содняў арышту прысудзілі каталіцкаму святару з Расонаў Вячаславу Барку. Суд над ксяндзом пачаўся першага снежня за тое, што на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы ён размясціў плакат Уладзіміра Цэслера.

«Я размясціў мастацкі твор славутага мастака Цэслера «Стоп лукашызм», я не размяшчаў нямецкае фашыстоўскае свастыкі. Я размясціў гэты плакат, паказваючы свой пратэст супраць гвалту ў краіне ў жніўні месяцы», – тлумачыць ксёндз Вячаслаў Барок.

Адміністратыўны працэс супраць сябе ксёндз Вячаслаў Барок лічыць палітычна матываваным. Паўмесяца таму святара выклікалі ў Следчы камітэт, патрабуючы тлумачэнняў у справе ягонага Youtube-каналу, дзе між іншага ён разважае і пра палітыку.

Ірына Дарафейчук belsat.eu