Расея змушае Беларусь да больш шчыльнага саюзу


Менск і Масква гавораць… на розных мовах. Беларускія ўлады – пра паніжэнне для Беларусі коштаў на нафту, а расейскія ўлады – пра супольную валюту і мяжу. Пра вынікі паседжання Свету міністраў саюзнай дзяржавы, што прайшло ў Берасці.

Рэанімаваць Дамову аб стварэнні Саюзнай дзяржавы запрапанаваў у Берасці расейскі прэм‘ер. Дзмітрый Мядзведзеў вярнуўся да ідэі ўвесці ў Беларусі расейскі рубель і стварыць агульную мытню:

«Расея гатовая надалей прасоўвацца па шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суда, падліковай палаты ў тым парадку, які прадугледжаны Дамоваю аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года».

Праўда, інтэграцыйныя дасягненні апошняга часу даволі сціплыя. Перад сустрэчай у Берасці Дзмітрыя Мядзведзева і Сяргея Румаса анансавалася падпісанне Дамовы аб узаемным прызнанні візаў, якая рыхтуецца больш за год. Масква і Менск абяцаюць, што ўладальнік беларускай візы зможа бесперашкодна трапіць у Расею самалётам. Ці зможа ён праехаць праз сухапутную мяжу, як у шэнгенскай прасторы, – надалей невядома. Подпісаў пад дамоваю так і не паставілі.

«Расея не любіць бескантрольных дзеянняў з боку сваіх партнёраў, таму яна наўрад ці пойдзе на тое, каб аддаць частку візавай суверэннасці. Я не ўпэўнены, што мяжа разблакуецца», – каментуе медыяэксперт Аляксей Лявончык.

Масква закрыла расейска-беларускую мяжу для неграмадзянаў Расеі ды Беларусі больш за два гады таму. Фармальнаю нагодаю для гэтага стала ініцыятыва Менску ўвесці 5-дзённы бязвізавы рэжым для жыхароў 80 краінаў. Бязвіз запрацаваў, гэтым летам яго павялічылі да 30 содняў. У 2017 годзе турысты прынеслі Беларусі 800 мільёнаў долараў.

Адмыслоўцы мяркуюць, што калі б мяжа з Расеяй была адкрытай, зарабіць можна было б больш.

«Праблема – у тым, што Беларусь і Расея ў шэрагу пытанняў цяпер вагаюцца ў супрацьфазах. Расея з 2010–2011 гадоў усё больш замыкаецца сама на сябе. Гэта яе спосаб, спосаб яе эліты ўтрымацца пры ўладзе», – кажа палітолаг Сяргей Нікалюк.

Мяжа – далёка не адзіная праблема ў адносінах Масквы і Менску. Ад 8 да 12 мільярдаў долараў – на такую суму ацаніў міністр фінансаў Беларусі страты нашай краіны ад расейскага падатковага манеўру на працягу 6 гадоў. За гэты час Масква павысіць кошты нафты на ўнутраным рынку, і, адпаведна, для Беларусі – да сусветных. Урады Беларусі ды Расеі спрачаюцца пра памер і форму кампенсацыі. Палітолаг Сяргей Нікалюк:

«Пра што ўрэшце дамовяцца, я, канечне, не ведаю. Але Расея Беларусь без датацыяў не пакіне. Іначай яна проста згубіць саюзніка. І не таму, што ён некуды пяройдзе, а таму, што ён проста рассыплецца».

Акрамя нафтагазавых пытанняў, у планах сустрэчы Румаса і Мядзведзева значылася абмеркаванне новай ваеннай дактрыны Саюзнае дзяржавы:

«Асноўнай небяспекай для будучай Саюзнай дзяржавы ёсць справакаваныя вонкавымі сіламі ўзброеныя канфлікты і лакальныя войны, здольныя пры пэўных умовах перарасці ў буйнамаштабную (рэгіянальную) вайну».

Так гаворыцца ў цяперашняй рэдакцыі дакументу. А ў новай, як кажуць беларускія і расейскія медыі, да спісу пагрозаў далучаць каляровыя рэвалюцыі і гібрыдныя войны. Таксама ў дакумент дададуць раздзел аб абароннай прамысловасці ды вайскова-тэхнічнай супрацы. Але наўрад ці дактрына дасць нагоду размясціць у Беларусі расейскую базу ці выслаць сюды «зялёных чалавечкаў», лічыць вайсковы аналітык Аляксандр Алесін:

«Пасля падзеяў 2014 года ва Украіне я не думаю, што ў бліжэйшае дзесяцігоддзе такі аб‘ект з’явіцца ў нас у краіне. Улада беларуская не хоча рызыкаваць, не хоча губляць свайго ўплыву ў краіне».

На думку адмыслоўцаў, Масква чарговы раз схіляе Менск да таго, каб выконваць больш абавязкаў за меншыя грошы. Але ў выніку Расеі і так прыйдзецца плаціць. Прывабнага праекту будучыні Крэмль не прапаноўвае, таму саюзнікаў яму даводзіцца купляць.

https://redakcja.belsat.cloud/?p=938696

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фота: Alexander Astafyev / Russian Government Press Office / TASS / FORUM