Спартоўцы Лукашэнкі і смерць Рамана Бандарэнкі

Журналісты высветлілі, хто можа мець дачыненне да забойства Рамана Бандарэнкі. Інфармацыя, узятая з адкрытых крыніцаў, вядзе да вайсковай часткі спецназу і спартовых чыноўнікаў Лукашэнкі.

Апошнія хвіліны, калі Рамана Бандарэнку бачылі жывым у ягоным двары на сталічнай вуліцы Чарвякова. Пасля бойкі, ініцыяванай людзьмі ў цывільнай вопратцы, Бандарэнку завязуць у міліцыю, а адтуль – у шпіталь, дзе ён памрэ ад траўмаў галавы.

Сёння партал Tribuna.com апублікаваў матэрыял пад назвай «Бандарэнку на плошчы Пераменаў на зямлю заваліў чалавек, падобны да топ-байца, які гуляе ў камандзе Баскава з сынам Лукашэнкі». Пазней такую ж публікацыю зрабіў партал Тут.бай.

Журналісты сцвярджаюць, што вось гэты мужчына ў шэрым спартовым касцюме – чэмпіён свету па тайскім боксе і кікбоксінгу Дзмітрый Шакута.

«Трыбуна» піша, што Шакуту ў масцы апазналі людзі, знаёмыя са светам адзінаборстваў – і па голасе, і па бачным кавалку твару. Таксама на нападніку – шэры спартовы касцюм з эмблемаю, які носіць Дзмітрый Шакута, і чорныя красоўкі з белаю падэшвай, як у Шакуты.

Былы чэмпіён Дзмітрый Шакута служыў у вайсковай частцы № 3214 спецназу ўнутраных войскаў, а цяпер працуе там інструктарам спецпадрыхтоўкі. У той жа частцы калісьці служыў і забіты Раман Бандарэнка.

У вольны час Шакута гуляе ў хакейнай камандзе «Бастыён» разам з Віктарам Лукашэнкам і з трэнерам «Бастыёну» Дзмітрыем Баскавым удзельнічае ў аўтапрабегах за Аляксандра Лукашэнку.

Дзмітрыя Баскава, кіраўніка Федэрацыі хакею, таксама апазналі ў двары Пераменаў сярод людзей у масках, што ў той вечар прыйшлі зразаць з плота бел-чырвона-белыя стужкі.

Цяпер на народным мемарыяле Рамана Бандарэнкі ў двары Пераменаў дзень і ноч дзяжураць людзі.

Вось што кажуць удзельнікі акцыі памяці Рамана Бандарэнкі:

«Чалавек выйшаў са свайго дому і яго забілі».

«Прыйшлі аддаць даніну памяці, якога можна назваць героем. Пакласці кветкі».

«Аддаць даніну павагі, памяці. І сказаць дзякуй».

Таксама партрэт Рамана Бандарэнкі ды іншых забітых пратэстоўцаў жыхары Наваполацку ўзялі на акцыю ў цэнтры. І паказалі партрэты ўдзельнікам аўтапрабегу за Аляксандра Лукашэнку.

Учора ў Рызе Святлана Ціханоўская заклікала краіны Еўразвязу да новых санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, бо рэпрэсіі і забойствы не спыняюцца.

«Раман Бандарэнка спрабаваў перашкаджаць сілавікам у цывільным зняць нацыянальную сімволіку з двара свайго дому. Яго варварскі збілі да стану комы – і ён памёр ад траўмаў», – заявіла Святлана Ціханоўская, якую ў Еўразвязе і Паўночнай Амерыцы лічаць адзіным абраным лідарам беларускага народу, на міжнародным форуме па бяспецы і палітыкі Riga Conference.

А гэтае відэа – адно з апошніх – суседзі ды сябры Рамана Бандарэнкі даслалі «Белсату» і іншым медыям. Былы спецназавец, мастак, удзельнік дваровага руху грае ў футбол.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама