«ByPol» апублікаваў новыя звесткі аб забойстве Рамана Бандарэнкі

Плошча Пераменаў пераўтварылася ў народны мемарыял. Раман Бандарэнка памёр напярэдадні вечарам у шпіталі пасля брутальнага затрымяння і збіцця невядомымі. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2020 года. Фота: TК / Белсат

Прайшло больш за два месяцы, як Генеральная пракуратура ў асобе Міхаіла Шастапалава, намесніка начальніка ўпраўлення для расследавання асабліва важных крымінальных справаў, старэйшага дарадцы юстыцыі, праводзіць праверку па факце смерці Р. Бандарэнкі.

Крыніцы «ByPol» паведамілі, што зніклай экспертызы да гэтага часу не знайшлі, і гэта адзіная прычына зацягвання тэрмінаў правярання.

«Пры правядзенні экспертызы эксперты праявілі прынцыповасць і ў заключэнні паказалі праўдзівыя звесткі аб механізме прычынення цялесных пашкоджанняў і прычынах смерці Рамана Бандарэнкі, што, натуральна, не задавальняе Генеральную пракуратуру, якая праводзіць праверку. На найвышэйшым узроўні прынятае рашэнне аб тым, што неабходна прыцягнуць больш лаяльных экспертаў, якія будуць гатовыя змяніць вынікі экспертызы, што і было зроблена», – заяўляюць у «ByPol».

Таксама пацвердзілася прысутнасць медыка Алены Казак з атачэння Лукашэнкі ў ваколіцах плошчы Пераменаў, калі адтуль выкрадалі Рамана Бандарэнку. Казак стэлефаноўвалася з Жанетай Волчак, што «пацвярджае яе прысутнасць у кампаніі з іншымі «актывістамі» ў раёне плошчы Пераменаў».

Казак падазраюць у здзяйсненні злоснага хуліганства і неданясенні аб злачынстве – ч. 2 арт. 339 і ч.1 арт. 406 КК.

МГМ, Belsat.eu

Hавiны