Ад штрафаў і содняў да 8 гадоў турмы. Як улады караюць за справу Рамана Бандарэнкі


Больш за тры месяцы спатрэбілася Генпракуратуры Беларусі, каб распачаць крымінальную справу па факце гібелі Рамана Бандарэнкі. За стрым з плошчы Пераменаў, адкуль выкралі менчука, пасадзілі карэспандэнтак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову. За зняпраўджанне інфармацыі Следчага камітэту і Лукашэнкі, што ў крыві забітага быў алкаголь, асудзілі журналістку TUT.by Кацярыну Барысевіч і доктара Арцёма Сарокіна. Па гібелі на плошчы Пераменаў распачатая не адна справа. Дзяржава карае тых, хто спачуваў і не быў абыякавы да Рамана і ягонай сям’і. Тым часам невядомыя забойцы – дасюль на свабодзе.

Два гады калоніі за стрым з плошчы Пераменаў

18 лютага суддзя Наталля Бугук пакарала журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову двума гадамі калоніі. Дзяўчат затрымалі 15 лістапада за трансляцыю жорсткага разгону акцыі, стыхійна зладжанай у памяць Рамана Бандарэнкі на плошчы Пераменаў. Сілавікі ў касках і балаклавах са зброяй у руках выцягнулі дзяўчат з кватэры на 14-м паверсе, вокны якой выходзяць на двор на вуліцы Чарвякова, выламаўшы дзверы. Кацярыну і Дар’ю абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі «Белсату». Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай агучылі вырак. Ім прысудзілі па два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: АВ / «Белсат»

Дзяржаўная абвінаваўца Аліна Касьянчык сцвярджала, што журналісткі падчас трансляцыі з карыслівых меркаванняў здзейснілі «збор актыўных удзельнікаў з мэтаю стварэння масавасці». Паводле яе, трансляцыя прывяла да парушэння працы грамадскага транспарт – прыпынення 19 маршрутаў. Страты «Менсктрансу» ацанілі на больш як 11 000 рублёў. Суму цалкам сплацілі сваякі дзяўчат. Злачынства, паводле пракурора, Кацярына і Дар’я здзяйснялі пры дапамозе мабільных тэлефонаў, відэакамераў, штатываў і камізэлек з надпісам «Прэса».

«Напэўна, было за што, раз суд так вырашыў», – пракаментаваў гучны прысуд журналісткам міністр інфармацыі Ігар Луцкі.

26 лютага адвакаты Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай абскардзілі вырак журналісткам. Праваабаронцы прызналі Кацярыну і Дар’ю палітзняволенымі.

Да трох гадоў турмы за «разгалошванне таямніцы»

Працэс над журналісткай TUT.by Кацярынай Барысевіч і доктарам Арцёмам Сарокіным, які распачаўся 19 лютага, паспелі назваць справай «нуль праміле». Генпракуратура, якая распачала крымінальную справу, абвінаваціла журналістку і медыка ў разгалошванні медычнай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы, а менавіта – «павышэнне напружанасці ў грамадстве і стварэнне атмасферы недаверу да кампетэнтных дзяржаўных органаў».

Кацярына Барысевіч у судзе. Першы дзень суда над журналісткай ТUT.by Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным. У судзе Маскоўскага раёну Менску. 19 лютага 2021 года.
Фота: радыё «Свабода» / Reuters
Даведка

Анестэзіёлага і журналістку затрымалі 19 лістапада. Арцём Сарокін – доктар найвышэйшай катэгорыі шпіталю хуткай медычнай дапамогі, Кацярына Барысевіч – журналістка TUT.by з 15-гадовым стажам. У сваім артыкуле пра смерць Рамана Бандарэнкі са спасылкаю на медычныя дакументы, словы доктара і дазвол бацькоў забітага Рамана Кацярына напісала пра тое, што маладзён быў цвярозы.

Артыкул «Разгалошванне медычнай таямніцы» мае абараняць пацыента або ягоных сваякоў ад пакутаў. Маці ж Рамана Бандарэнкі Алена Бандарэнка неаднойчы публічна заяўляла, што ніякіх прэтэнзіяў да журналіста і доктара не мае, а сямʼя давала дазвол на публікацыю дакументу, што і зрабілі ў інтарэсах грамадства і Рамана.

Сёння Кацярыне і Арцёму агучылі вырак. Ім пагражала да трох гадоў турмы. У выніку журналістка атрымала 6 месяцаў калоніі і штраф у памеры 100 базавых велічыняў (2900 рублёў), доктар – 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год. Абодвух праваабаронцы прызналі палітвязнямі.

Суд над журналісткай TUT.by Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным. Арцём Сарокін выйшаў з залы суда. Дом Правасуддзя, Менск. 2 сакавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Содні за здымкі

21 снежня суддзя Анастасія Ляйкоўская завочна прызнала фатографа «Нашай Нівы» Шуру Піліповіч-Сушчыц вінаватай ва ўдзеле ў «несанкцыянаваным мерапрыемстве» і пакарала 7-дзённым арыштам. 20-гадовая дзяўчына адбывала тэрмін у ізалятарах на Акрэсціна і ў Жодзіне.

Шура Піліповіч-Сушчыц ідзе адседжваць 7 содняў на Акрэсціна. Фота «Наша Ніва»

15 лістапада Шура асвятляла Марш памяці Рамана Бандарэнкі. Дзяўчыну затрымалі на Пушкінскай і адвезлі ў Першамайскае РУУС. Тое, што ў Шуры быў на поясе бэйдж журналіста, ёй не дапамагло. Фатографа адпусцілі толькі раніцай на наступны дзень, забраўшы ўсю тэхніку. Згодна з пратаколам, Шура ішла разам з удзельнікамі вулічнага шэсця, якія трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сцягі і выкрыквалі «Жыве Беларусь». Дзяўчыну арыштавалі прыкладна праз месяц пасля затрымання. На Акрэсціна Шуру і ўчастковага, які прыйшоў яе затрымліваць, завёз бацька дзяўчыны.

Да 8 гадоў за акцыю на плошчы Пераменаў

Менскі архітэктар Вадзім Дзмітранок таксама 15 лістапада браў удзел у акцыі памяці ў гонар Рамана Бандарэнкі на плошчы Пераменаў. У той дзень яго затрымалі. Па БТ распавялі, што ў мужчыны выявілі «нямірны арсенал». У сюжэце паказалі нібыта ягоны заплечнік, у якім знайшлі вайсковую дымавую шашку, самаробныя петарды, рагатку і жалезныя шарыкі да яе, самаробную дубінку, балаклаву. Падкрэслівалася, што мужчына 35 разоў прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці. У часе затрымання Вадзіма моцна збілі, ён ляжаў у шпіталі хуткай дапамогі з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай.

Даведка

43-гадовы Вадзім Дзмітранок застаецца пад вартай з 15 лістапада. Мужчына быў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, збіраў подпісы за ягонае вылучэнне кандыдатам на прэзідэнцтва. Пазней Дзмітранок увайшоў у пашыраны склад Каардынацыйнай рады.

Вадзіма Дзмітранка пачалі судзіць 12 студзеня адразу паводле чатырох артыкулаў. За ўдзел у мірным пратэсце на плошчы Пераменаў яму пагражае да васьмі гадоў. Адзіны сведка на працэсе – супрацоўнік ГУБАЗіКу ў балаклаве. Дзмітранок віны не прызнаў. На судзе мужчына распавядаў, як яго білі і залівалі вочы газавым балончыкам. «Кроў з твару выціралі бел-чырвона-белым сцягам», які, паводле Дзмітранка, яму не належыць, але фігуруе ў справе як ягоная ўласнасць.

Суд над архітэктарам Вадзімам Дзмітранком. Яму пагражае да 8 гадоў турмы. Фота АК / Белсат

Пасля падзеяў 15 лістапада жонка бачыла Вадзіма толькі аднойчы – у прыёмным пакоі больніцы, куды прыехала пасля ператрусу ў кватэры. Мужчына сядзеў у інвалідным вазку, не мог паварушыцца, а калі санітарка паспрабавала перавезці яго ў аддзяленне, не ў стане быў нават падняць ногі на падстаўку.

2 сакавіка ў Цэнтральным судзе Менску адбылося другое паседжанне. Суддзя аб’явіў перапынак да 15 сакавіка.

Буйны штраф за «цынічныя малюнкі»

17 лютага мастачку Крысціну Палтавец аштрафавалі на 4350 рублёў (150 б. в.) за тое, што цягам некалькіх месяцаў у розных месцах Скідзелю, а таксама на прыпынках і мастах Гарадзенскага раёну і ў некалькіх вёсках яна малявала.

Малюнкі Крысціны Палтавец. Скрыншот МУС

Мастачка ездзіла на ровары і замалёўвала нецэнзурныя словы бусламі, гербам Пагоня, бел-чырвона-белымі ялінкамі, партрэтамі Рамана Бандарэнкі, надпісамі «Я выходжу», «Жыве Беларусь». Яе абвінавацілі ў апаганьванні будынкаў і псаванні маёмасці.

Андрэй Апанасовіч і Крысціна Палтавец.
Фота: «Гарадзенская вясна»

Разам з Крысцінай за «апаганьванне» судзілі Андрэя Апанасовіча, знаёмага дзяўчыны, які тры разы падвозіў дзяўчыну да месца, але сам ніколі не маляваў. Мужчыну аштрафавалі на 2900 рублёў. У дзяўчыны сканфіскавалі ровар – як сродак учынення злачынства.

1,5 года калоніі за запененыя дзверы

16 лютага 55-гадовага вайсковага пенсіянера Ігара Канапайку асудзілі на 1,5 года калоніі агульнага рэжыму і забавязалі сплаціць Таццяне Абознай, прэс-афіцэру Цэнтральнага РУУС Менску, 7000 рублёў кампенсацыі шкоды. Грамадзяніна Расеі пакаралі за хуліганства і абразу прадстаўніка ўлады.

Hавiны
Вайсковы пенсіянер абурыўся хлуснёй прэс-афіцэркі пра алкаголь у крыві Бандарэнкі і запеніў ёй дзверы
2021.02.09 16:39

13 лістапада Капанайка заліў мантажнай пенай уваходныя дзверы кватэры супрацоўніцы органаў унутраных справаў. Таксама ён запеніў механізм замка дзвярэй і паштовую скрыню. На скрыні напісаў фразу «Мент забойца», чым, паводле пракурора, «панізіў аўтарытэт пацярпелай і падарваў прэстыж кіраўнічай дзейнасці ў дзяржаве».

На судзе Ігар Канапайка распавёў, што прачытаў артыкул з каментарамі Абознай пра смерць Рамана Бандарэнкі, што ён быў п’яны. Яго абурыла, што ў словах прэс-афіцэра не было спачування да сям’і загінулага. Надпіс на паштовую скрыню, паводле яго, нанёс, каб данесці Абознай, што ў людзей іншае меркаванне аб прычынах смерці Рамана Бандарэнкі.

3 гады «хіміі» за знічы

Пасля выбараў актывістку «Краіны для жыцця» і сябру ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Вольгу Паўлаву затрымлівалі чатыры разы, апошні – 15 лістапада, у дзень акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Дзяўчына з сябрам накіраваліся на плошчу Пераменаў, каб паставіць зніч. Прыехалі, паставілі і ўжо збіраліся з’ехаць, як раптам плошчу атачылі сілавікі, і пачаўся хапун, пад які трапіў сябар. Вольга не змагла заставацца ўбаку, таму зноў трапіла ў аўтазак. Жанчыну не адпусцілі, а праз некалькі дзён ёй выставілі абвінавачанне паводле арт. 342, ч. 1 КК («Арганізацыя масавых беспарадкаў»).

Актывістку «Краіны для жыцця» Вольгу Паўлаву пакаралі 3 гадамі «хатняй хіміі». Вольга Паўлава пасля прысуду ў судзе Ленінскага раёну Менску. 19 лютага 2021 года.
Фота: «Белсат»

У зняволенні Вольга некалькі разоў трапляла ў карцар і абвяшчала там галадоўку. 11 студзеня 2021 года жанчыну прызналі палітзняволенай.

19 лютага Паўлавай далі 3 гады «хіміі» без накіравання ў папраўчую ўстанову. У Вольгі ёсць 6-гадовы сын.

25 содняў для «цяжарнай»

16 лістапада суддзя Фрунзенскага раёну Андрэй Млечка разглядаў справу мянчанкі Вікторыі, якую разам з мамай затрымалі 15 лістапада на плошчы Пераменаў. Дзяўчына заявіла, што не ўдзельнічала ў мітынгу і не супраціўляліся міліцыянтам, як напісана ў пратаколе. Паводле затрыманай, яна цяжарная – напярэдадні зрабіла тэст, які аказаўся станоўчы. Суддзя, аднак, прызначыў дзяўчыне адміністратыўны арышт на 25 содняў.

17 лістапада прэс-служба Вярхоўнага Суда паведаміла, што факт цяжарнасці мянчанкі не пацвердзіўся.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў