«Былі ўдары па ўсім целе». Архітэктара судзяць адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу


У судзе Цэнтральнага раёну Менску працягваецца разгляд крымінальнай справы архітэктара Вадзіма Дзмітранка, якога затрымалі 15 лістапада каля плошчы Пераменаў.

У рэчах Дзмітранка нібыта знайшлі дымавыя шашкі, рагатку, самаробную дубінку, выбухны пакет і нож. Цяпер яго абвінавачваюць адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

  • ч. 2 арт. 296 – «Незаконныя выраб або збыт халоднай зброі»;
  • ч. 1 арт. 342 – «Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»;
  • арт. 14 – «Замах на злачынства»;
  • ч. 2 арт. 293 – «Удзел у масавых закалотах».

Дзмітранок сваёй віны не прызнае.

Суд над архітэктарам Вадзімам Дзмітранком. Яму пагражае да 8 гадоў турмы. Фота АК/Белсат

Мужчына быў затрыманы 15 лістапада 2020 года, моцна збіты і дастаўлены ў шпіталь хуткай дапамогі з чэрапна-мазгавой траўмай лёгкай ступені, драпінамі, выцятасцямі ды іншымі траўмамі.

Дзмітранок сёння распавядаў пра акалічнасці свайго затрымання.

– А 14:30 я зайшоў у кафэ, каля плошчы Пераменаў.

– Вы ўвесь час былі ў масцы ў кафэ?

– Ну не, я каву піў. У 15:00 я выйшаў і пайшоў у сквер, там я знайшоў прадметы ў пакеце, пазней сканфіскаваныя супрацоўнікам міліцыі. Рэчы я ўзяў з сабой і пайшоў далей у двары, у бок бульвара Шаўчэнкі. Уласна, туды я не дайшоў.

– Не дайшлі чаму?

– Таму што ўбачыў супрацоўнікаў, якія беглі на мяне, а неўзабаве затрымалі.

– Мяне паставілі на калені, тварам да фасаду будынку. У Цэнтральным РУУС я паступіў каля 19-й гадзіны, увечары прыехала хуткая, якая павезла мяне ў БХМД. Там я заставаўся да 20 лістапада.

Суд над архітэктарам Вадзімам Дзмітранком. Яму пагражае да 8 гадоў турмы. Фота АК/Белсат

У судзе паказалі відэа апытання Дзмітранка, запісанае 15 лістапада ў Цэнтральным РУУС. На запісе ён распавядае, што прыязджаў на плошчу Пераменаў падтрымаць пратэстоўцаў, меў з сабой петарды і дубінку, а цяпер раскайваецца. Фрагменты гэтага відэа на наступны дзень пасля затрымання дэманстравала БТ: на іх бачна, што мужчына моцна збіты.

– Як вы пракаментуеце свае паказанні на відэа? – запыталі Дзмітранка ў судзе.

– Ну вы ж бачыце мой стан тут.

– Гэта які стан?

– Далёка не самы лепшы. Былі ўдары па ўсім целе, распылілі ў твар пярцовы газ, калі мае рукі былі звязаныя сцяжкай.

– Дзе гэта адбывалася?

– Гэта адбывалася ў машыне міліцыі. У РУУС я не мог стаяць на нагах, падпісваць нейкія дакументы. Проста хацеў, каб гэта скончылася. Я адчуваў жудасны боль, галавакружэнне, я не мог бачыць пасля выкарыстання газавага балончыка.

Суд над архітэктарам Вадзімам Дзмітранком. Яму пагражае да 8 гадоў турмы. Фота АК/Белсат

– Што за самаробная дубінка, знойдзеная ў вашых рэчах?

– Дубінку я не вырабляў сам. Так яе назваў адзін з супрацоўнікаў, апісваючы рэчы, на відэа я гэта паўтарыў.

– Вы прызналі віну на відэа. У чым гэтая віна?

– Ды ні ў чым, мне сказалі так казаць, таму што перш, чым здымаць відэа, у іншым кабінеце адбылася размова.

– Чаму вы так сказалі?

– На мяне аказвалі маральны ціск, абяцалі, што калі скажу так, то будзе толькі адміністратыўны артыкул.

Суддзя Таццяна Акавітая прызначыла наступнае пасяджэнне на 15 сакавіка і загадала рыхтавацца да спрэчак бакоў.

АK, ІІ belsat.eu

Стужка навінаў