Праваслаўныя вернікі сёння адзначаюць Вялікдзень – самае вялікае свята хрысціянаў, якое азначае перамогу жыцця над смерцю. Святочныя набажэнствы прайшлі ва ўсіх храмах краіны.
Вялікдзень хрысціяне называюць таксама святам Уваскрашэння Хрыста. Як сведчыць Біблія, у гэты дзень, пасля распяцця на крыжы за грахі ўсяго чалавецтва, Ісус Хрыстос уваскрэс з мёртвых.
Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веньямін у сваім велікодным пасланні сказаў, што Хрыстос «страшыўся пакуты і смерці, але пераадолеў натуральную немач дзеля паслухмянасці Айцу Нябеснаму і выратавання людзей ад граху, вечнай смерці і праклёну, паказаўшы вялікі прыклад для ўсіх сваіх паслядоўнікаў».
«Падзеі, якія папярэднічалі Уваскрасенню, з аднаго боку, паказваюць нам, што зрабіў грэх з чалавечай прыродай, бо не было на зямлі граху страшней за забойства Сына Божага. Але, з іншага боку, менавіта гэта самая нізкая кропка падзення чалавека і найвышэйшая ўрачыстасць ворага роду чалавечага становяцца пераломным момантам зямной гісторыі», – гаворыцца ў пасланні мітрапаліта.
ІІ belsat.eu