Жанчына адсудзіла кампенсацыю за свой незаконны арышт


Таццяна называе вынік сваёй судовай справы перамогай. Хоць дзяржава ў якасці кампенсацыі за маральныя пакуты прысудзіла спадарыні ўсяго 500 рублёў. Яна распавяла «Белсату» акалічнасці ўласнай справы і дала парады тым, хто трапіў у падобную сітуацыю.

Таццяну затрымалі падчас жаночага маршу ў верасні мінулага года. Суддзя Алена Капцэвіч пакарала дзяўчыну 9 соднямі арышту (ч. 1 арт. 23.34 КаАП). Такое пакаранне стала нечаканасцю для спадарыні, бо ў яе няпоўнагадовае дзіця, і паводле ч. 2 арт. 6.7 КаАП яе нельга караць арыштам. Аспрэчыць пастанову з турмы яна не магла. Але Таццяна прыдумала перадаць запіску мужу, каб той звярнуўся да адваката, і ўжо адвакат ад імя зняволенай аспрэчыў пастанову.

Таццяна з дачкой. Фота з асабістага архіву

На другім паседжанні суд замяніў меру пакарання Таццяны з арышту на папярэджанне, але да гэтага часу яна ўжо адседзела 6 дзён (2 дні ў ІЧУ і 4 дні ў турме). Яна апісала, якім чынам аказвалі псіхалагічны ціск у ІЧУ на Акрэсціна і ў ІЧУ Жодзіна: забіралі матрацы, адключалі ваду, хамілі ды крычалі, пужалі сабакам, пагражалі фізічным гвалтам. Дзяўчыне было млосна, яе трэсла, былі панічныя атакі ды іншыя псіхасаматычныя праявы.

«У сітуацыі міліцэйскай усёдазволенасці я моцна баялася, што мяне павязуць у невядомым кірунку і павесяць, а сваякі не змогуць адшукаць майго цела», – напісала Таццяна ў пазове.

У Жодзіне спадарыня вяла дзённік, дзе фіксавала ўсе парушэнні і катаванні, якія адбываліся з ёю і ейнымі сукамерніцамі:

«Дзяжурны супрацоўнік ІЧУ Жодзіна адабраў у мяне мае запісы, за кожны пункт з маіх запісаў накрычаў на мяне».

Пасля вызвалення ў Таццяны быў такі цяжкі эмацыйны стан, што яна была вымушаная звярнуцца па дапамогу да псіхолага. Таксама яна адзначыла, што арышт цяжка адбіўся на маленькай дачцэ:

«Стрэс, які перанесла мая дачка ў сувязі з маёй доўгаю адсутнасцю, яе моцная постстрэсавая рэакцыя на расстанне прынеслі мне глыбокія маральныя пакуты, бо для мяне няма нічога важнейшага за маю сям’ю».

Таксама пад пагрозу трапіла і прафесійная дзейнасць Таццяны. Яна юрыстка, мусіць кантактаваць з міліцыянтамі. Аднак кожны раз у спадарыні пачынаюцца псіхасаматычныя праявы страху нават ад нядоўгай размовы.

Спадарыня звярнулася ў суд, каб дзяржава скампенсавала 5000 рублёў за маральныя страты, 118,18 рублёў дзяржаўнае мыта, 743,44 рублі – за псіхалагічнае тэставанне, якое выявіла ў Тацяны праблемы з псіхалагічным станам.

Аднак суддзя пастанавіў, што варта вярнуць грошы за псіхалагічнае тэставанне (250 рублёў), а 500 рублёў – дастатковая сума кампенсацыі за маральныя і матэрыяльныя страты. У астатніх патрабаваннях Таццяне адмовілі.

«Для мяне гэта перамога, – прызнаецца Таццяна, бо шмат хто з яе знаёмых юрыстаў меў вялікія сумневы ў паспяховасці гэтай справы. – Закон наўпрост кажа, што я мушу нешта атрымаць. Я разумела, што суму паменшаць у любым выпадку. Звычайна за маральную шкоду ад дзяржавы змяншаюць у дзесяць разоў. У мяне так і атрымалася».

Незалежна ад таго, якое рашэнне прыняў бы суд, Таццяна адчувала б сябе ў плюсе: «Я думала, што калі я не перамагу, то буду мець яшчэ адну нагоду сказаць, што ў нашай краіне прававы дэфолт. А калі перамагу – тады добра, грошы атрымаю. А яшчэ я – юрыстка, і мне ў судах цікава».

Адразу пасля агучвання рашэння вялікай радасці ў спадарыні не было: «Я разумела, што мне зменшылі памер кампенсацыі маральнай шкоды так, што ніжэй няма куды. Мне не пакрылі выдаткаў на адваката. Я ўсміхнулася, але праз тое, што была ў масцы, ніхто гэта не пабачыў. Я выйшла з пачуццём задавальнення».

Юрыстка мае на думцы абскарджваць рашэнне суда, бо грошай за паслугі адваката, калі Таццяна была ў турме і не магла сама абараняць сваіх правоў, ёй не вярнулі: «Я планую яшчэ пазмагацца за гэта».

Інтарэсы ў цяперашнім разборы спадарыня абараняла сама. Яна раіць людзям, якія трапілі ў падобную сітуацыю, звяртацца ў суды па кампенсацыю:

«Я веру, што ў суддзі ідуць людзі з павышаным пачуццём справядлівасці. Вядома, не 100 % такіх суддзяў, але не могуць усе яны ісці супраць справядлівасці, і чалавек можа трапіць на адэкватнага суддзю».

Калі чалавек ніколі не падаваў у суд, наша суразмоўца раіць звярнуцца да адмыслоўца, хаця б каб слушна скласці пазоў. Яна нават гатовая сама пракансультаваць і падзяліцца ўласным пазовам для прыкладу. З Таццянай можна звязацца праз тэлеграм ейнай сястры – @Olenik9.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў