Палітычны крызіс у Беларусі працягваецца з 9 жніўня мінулага году. Беларусы абураныя фальсіфікацыямі і гвалтам, які чыняць сілавікі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў. Рэжым у сваю чаргу пакуль не дэманструе жадання распачаць дыялог.
Амбасадар Вялікай Брытаніі ў Беларусі Жаклін Перкінс і пасол Канады ў Польшчы і Беларусі па сумяшчальніцтве Леслі Люіс Скэнлан у супольным відэазвароце, які змясцілі ў Facebook, заклікалі ўлады Беларусі стварыць бяспечныя ўмовы працы для незалежных медыяў.
3 траўня ў свеце адзначаецца адзначаецца Сусветны дзень свабоды прэсы. З гэтай нагоды амбасадар Вялікай Брытаніі ў Беларусі Жаклін Перкінс і пасол Канады ў Польшчы і Беларусі па сумяшчальніцтве Леслі Люіс Скэнлан запісалі супольны відэазварот да беларускіх уладаў, у якім нагадалі, што свабодная прэса з’яўляецца падмуркам дэмакратычнага грамадства, а свабода выказвання меркавання – універсальнае права чалавека. Пры гэтым амбасадарка Вялікай Брытаніі канстатуе, што ўлады Беларусі распачалі падаўленне незалежных медыяў. У выніку ў сусветным рэйтынгу свабоды слова нашая краіна стала самай небяспечнай краінай Еўропы для працаўнікоў медыяў.
Дыпламаты нагадалі беларускім уладам, што яны павінныя стварыць бяспечныя ўмовы працы для незалежных СМІ.
З нагоды Дня польскай дыяспары і палякаў за мяжой прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда 2 траўня напісаў ліст да арыштаваных сябраў Саюза палякаў у Беларусі: Анджэлікі Борыс, Ірэны Бярнацкай, Марыі Цішкоўскай і Анджэя Пачобута, а таксама да Ганны Панішавай – прэзідэнткі Форуму польскіх мясцовых ініцыятываў.
«У гэты асаблівы дзень – Дзень польскай дыяспары і палякаў за мяжой, які адзначаецца сёння, я хацеў бы выказаць салідарнасць з вамі і з усімі, хто зазнае пераслед у Беларусі з нацыянальных і палітычных матываў», – напісаў прэзідэнт Польшчы.
Міністэрства юстыцыі разгледзела дакументы на рэгістрацыю палітычнай партыі «Саюз». Ініцыяваў з’яўленне партыі Сяргей Лушч, вядомы дзеяч расейскага руху ў Беларусі, у мінулым прадстаўнік неанацысцкай секты. Ён неаднаразова выступаў правадніком ідэй «Рускага свету» ў Беларусі, карыстаецца падтрымкай расейскіх структур пра-імперскага толку. Нават на ўстаноўчы зʼезд партыі ў Беларусь прыбылі прадстаўнікі так званай ДНР эпохі Захарчанкі і прадстаўнік Севастопаля, які рыхтаваў анексію Крыму.
Мінюст адзначае, што заснавальнікі парушылі ўсталяваны парадак стварэння палітычнай партыі, а таксама прадставілі несапраўдныя дакумент.
«Паводле дакументаў у якасці заснавальнікаў палітычнай партыі» Саюз «выступіла 1023 асобы. Пры правядзенні міністэрствам юстыцыі выбарачнага правярання звестак аб асобах, якія ўтрымліваюцца ў спісе заснавальнікаў палітычнай партыі (праверана 150 з 1023 заснавальнікаў), у дачыненні да 26 асобаў устаноўлена, што такія людзі з названымі ў спісе персанальнымі дадзенымі адсутнічаюць. Такім чынам, прадстаўленыя дакументы не пацвярджаюць наяўнасць у палітычнай партыі »Саюз« не менш чым 1000 заснавальнікаў», – паведамілі ў ведамстве.
Акрамя гэтага чыноўнікі выявілі і шэраг іншых недакладнасцяў, у сувязі з чым, адмовілі партыі ў рэгістрацыі.
Адвакат Сяргей Зікрацкі з’ехаў з Беларусі. З 1 траўня яго часовым домам стане Вільня, паведамляе адвакат у сваім Facebook.
На сваёй старонцы Зікрацкі напісаў, што ў Беларусі яго пазбавілі любімай прафесіі і бізнесу, але ён спадзяецца хутка вярнуць у свабодную краіну.
«Мяне пазбавілі маёй любімай прафесіі, пазбавілі майго бізнесу. Ці павінен я гневацца і злавацца на гэтую краіну? Гневацца – так, злавацца на краіну – не. Я люблю Беларусь, і разумею, што тое зло, якое адбываецца сёння ў маёй краіне, робяць пэўныя людзі. І гэтыя людзі не маюць нічога агульнага з Беларуссю».
«Таму я не магу злавацца на Беларусь, а маю намер працягваць рабіць усё магчымае, каб змяніць сітуацыю ў Беларусі. На жаль, у бягучых рэаліях я не магу гэтага рабіць у Менску.
З 1 траўня маім часовым домам стане Вільня.
Вельмі спадзяюся хутка вярнуцца ў свабодную Беларусь», – напісаў адвакат.
Павел Латушка заявіў нямецкім журналістам, што разлічвае на масавую дэманстрацыю пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі 9 траўня, у Дзень Перамогі, перадае «Deutsche Welle».
«Праз сацсеткі я заклічу беларусаў выйсці на вуліцы. Калі Лукашэнка дазволіць збіць пратэстоўцаў 9 траўня, ён увойдзе ў беларускую гісторыю як фашыст», – заявіў Латушка.
Паводле кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, ён сам і іншыя сябры дэмакратычнага руху – гэта група экспертаў, «гатовых узяць лёс краіны ў свае рукі». Латушка адзначыў, што некаторыя чальцы гэтай каманды застаюцца ў Беларусі. Аднак не стаў называць імёнаў, адзначыўшы, што інакш ім пагражае неадкладны арышт.
Цяперашні пераслед апазіцыі ў Беларусі Павел Латушка назваў самым страшным у Еўропе за апошнія 40 гадоў. «Рэпрэсіі праніклі ва ўсе пласты грамадства», – адзначыў ён, дадаўшы, што цяпер беларускі парламент працуе над законам, які дазволіць сілавікам страляць па дэманстрацыях без папярэджання.
СК belsat.eu