Брытанскія праваабаронцы патрабуюць вызваліць Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову ды спыніць пераслед беларускіх журналістаў


Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова.
Фота: belsat.eu і архіў гераіні

Брытанская праваабарончая арганізацыя «Article 19» апублікавала заяву з нагоды судовага пераследу журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай.

«Article 19» адзначае, што абмежаванні свабоды выражэння меркаванняў, што прымаюцца ў мэтах аховы грамадскага парадку і/альбо нацыянальнай бяспекі, могуць служыць законнаю падставаю для абмежавання свабоды выражэння меркаванняў і свабоды сходаў. Аднак гэтае абмежаванне не павінна выкарыстоўвацца ўладамі, каб прымушаць апазіцыю маўчаць і знішчаць іншадумства. Таму, на думку праваабаронцаў, меркаванне, што асвятленне пратэсту ў СМІ можа ўяўляць сабой «арганізацыю парушэння грамадскага парадку», ёсць небяспечным прэцэдэнтам і супярэчыць асноўным функцыям журналісцкага рэпартажу.

З гэтага вынікае, што абвінавачанні, выстаўленыя журналісткам, супярэчаць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека, а іхны пераслед – парушэнне права на свабоду выражэння меркавання. Не было ніякіх доказаў таго, што іхныя дзеянні ўяўляюць сабой «арганізацыю парушэння грамадскага парадку».

«Article 19» агучыў некалькі патрабаванняў уладам Беларусі.

  • Неадкладна і без усялякіх умоваў спыніць крымінальную справу Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай, а таксама ўстрымацца ад аналагічных абвінавачанняў на адрас журналістаў, якія асвятляюць пратэсты, у будучыні.
  • Поўнасцю прызнаваць, паважаць, ажыццяўляць і абараняць права беларускага народу на мірныя сходы і права на свабоду выражэння меркаванняў.
  • Спыніць пераслед і рэпрэсіі працаўнікоў СМІ, праваабаронцаў, актывістаў грамадскай супольнасці і звычайных пратэстоўцаў.
  • Вызваліць палітычных вязняў і распачаць сапраўдны і канструктыўны дыялог з апазіцыяй.

Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова застаюцца за кратамі з 15 лістапада. Іх затрымалі за стрым жорсткага разгону падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі ды разбурэння сілавікамі народнага мемарыялу. Кацярыне і Дар’і выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Праваабаронцы прызналі журналістак палітвязнямі.

Hавiны
Адкрыты ліст Ігара Ільяша да следчых
2021.01.20 09:08

Суд над дзяўчатамі прызначаны на 9 лютага. Справу будзе разглядаць суд Фрунзенскага раёну Менску. Суддзя – Наталля Бугук.

«Article 19» – брытанская праваабарончая арганізацыя, дзейнасць якой накіраваная на абарону і спрыянне свабодзе выражэння меркаванняў, а таксама свабодзе інфармацыі па ўсім свеце.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў