Ці будзе месца жанчынам у новай Беларусі? Адказ не такі відавочны


Фемгрупа Каардынацыйнай рады з’явілася ў жніўні мінулага года ды аб’яднала актывістак і феміністак з мэтаю прасоўваць гендарную роўнасць у палітыцы новай Беларусі.

Напярэдадні Дня жаночай салідарнасці «Белсат» пагутарыў з лідаркаю фемгрупы Каардынацыйнай рады Юліяй Міцкевіч пра палітычныя падзеі, Канстытуцыю, заканадаўства для новай Беларусі і нежаданне Ціханоўскай мець дарадцу ў гендарных пытаннях.

Лідарка фемгрупы Каардынацыйнай рады Юлія Міцкевіч.
Фота: архіў гераіні

Чаму гендарныя пытанні істотныя цяпер?

Фемгрупа КР з’явілася ў жніўні з актывістак-феміністак. Нашая асноўная мэта – прасоўваць парадак дня гендарнай роўнасці як прыярытэтны ў палітыцы новай Беларусі. Мы зыходзім з таго, што хоць дакладна і не ведаем, калі зменіцца рэжым, але працаваць над гэтаю тэмаю трэба цяпер, бо пачынаць потым будзе позна.

З гісторыі іншых краінаў мы ведаем: калі жанчыны актыўна выступаюць як калектыўная група і сацыяльны суб’ект на пратэстах рэвалюцыі, гэта не значыць, што яны потым будуць так жа актыўна браць удзел у працэсе прыняцця пастановаў і што іхны голас будзе пачуты.

Жаночы гранд-марш салідарнасці. Менск, Беларусь. 29 жніўня 2020 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Для нас істотна падкрэсліць, што гендарная роўнасць – каштоўнасць у любым дэмакратычным грамадстве. Гэта датычыць кожнага. Мы не проста нейкае насельніцтва, Мы – людзі, і кожны мае свае характарыстыкі. Мы мужчыны ці жанчыны, ці хто як сябе ідэнтыфікуе, у нас розныя ўзрост, сексуальнасць, сацыяльны статус ды іншае. Гэта ўплывае на тое, як гендарны кампанент уключаецца ў нашае жыццё ў палітыцы, эканоміцы, сацыяльнай галіне. Нават у прыбіранні снегу ёсць гендарны кампанент.

Чаму ў штабе Ціханоўскай няма эксперткі ў гендарных пытаннях?

Якія б высілкі ні прыкладала фемсупольнасць, гендарныя актывісткі ці жаночыя ўстановы, да таго часу, пакуль гэтае пытанне не з’явіцца на павестцы ў тых палітыкаў, якія сёння маюць уплыў, усё гэта застанецца не такім бачным, як хацелася б.

Мы арганізаваліся ў Каардынацыйнай радзе, бо першапачаткова планавалася, што гэта будзе палітычны орган. І для нас гэта была палітычная пляцоўка. Пазней стала ясна, што гэта не зусім так, і мы пачалі звяртацца ў іншыя аб’яднанні.

Менск падчас жаночага маршу ў Менску. 17 кастрыніка 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Мы яшчэ ў кастрычніку запрапанавалі Святлане Ціханоўскай, каб у ейным Офісе была прадстаўніца ў гендарных пытаннях. Калі істотна прасоўваць адукацыю, міжнародную палітыку ці змены ў Канстытуцыю, то прасоўваць пытанні гендарнай рознасці нам падавалася натуральным. Асабліва з улікам таго, што яна – жанчына-палітык і нацыянальная лідарка.

Святлана Ціханоўская нам тады адмовіла ў наяўнасці прадстаўніцы, а казала максімум пра дарадцу, якая не будзе ўваходзіць у Кабінет прадстаўнікоў. Але ўсе нашыя сустрэчы і перамовы скончыліся пакуль што безвынікова ў гэтым пытанні.

У сваім інтэрв’ю радыё «Свабода» Ціханоўская сказала, што ў новай Беларусі пытанне гендарнай роўнасці ўжо развязанае. Тады ясна, чаму дарадца непатрэбная: калі праблемы няма, то і патрэбы яе развязваць – таксама. Але гэта пытанне адсутнасці фем-оптыкі: гендарныя пытанні часта нябачныя, а прывілеі вызначаюцца як норма.

Жаночы марш і акцыя людзей з інваліднасцю абʼядналіся. Менск, Беларусь. 31 кастрычніка 2020 года.
Фота: Агата Квяткоўска / Белсат

Дарэчы, Ціханоўская не пазіцыянуе сябе як феміністка, але інтуітыўна выкарыстоўвае фемінісцкую рыторыку.

Мне падаецца, што Святлана ператварылася ў закладніцу свайго вобразу, калі паўтарала пра часовае і вымушанае перабыванне ў палітыцы. Яна робіць неймаверную працу, а ў кожным інтэрв’ю яе працягваюць пытаць пра гэтыя катлеты і мужа. Тое, што днямі яна сказала, што можа застацца ў палітыцы, – гэта знак пераменаў.

Аднак змены адбываюцца, можа, не так хутка, як бы нам хацелася. Мы будзем працягваць даўбіць і спадзяёмся на з’яўленне нашых прыхільнікаў у палітычнай сферы, у Офісе Ціханоўскай, НАУ і КР.

Жаночы марш 17 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Вось як вынік нядаўна ў нас з’явіўся прыхільнік у штабе – прадстаўнік у выбарах Аляксандр Шлык. Ён даведаўся пра нашыя шматлікія звароты і сам звярнуўся да нас з запытам рабіць гендарную экспертызу тэкстаў заканадаўства аб выбарах. Цяпер будзем з ім абмяркоўваць, як і надалей прасоўваць нашую павестку разам. Бо тыя ж праекты законаў пішуцца гендарна нейтральна, а ў розных сацыяльных супольнасцяў могуць быць розныя патрэбы.

Што не так з Канстытуцыяй?

Калі мы пабачылі праект, то ў нас узнікла шмат пытанняў. Да прыкладу, там быў абзац пра маральныя каштоўнасці беларускага грамадства:

«Дзяржава падтрымлівае і ўмацоўвае маральныя каштоўнасці – спрадвечны здабытак народу Беларусі. Маральныя асновы праводзяцца ў заканадаўстве і пры яго выкарыстанні абумоўліваюць патрабаванні да службовых асобаў органаў улады, выступаюць складнікам адукацыі, заахвочваюцца ў культурніцкай творчасці і ўсіх іншых сферах грамадскага жыцця».

Жаночы марш. Менск, Беларусь. 26 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Што гэта за каштоўнасці, маральныя асновы і хто іх вызначае? Калі мы напісалі пра гэта іншай групе для працы над Канстытуцыяй, якую ўзначальвае Анатоль Лябедзька, то атрымалі адказ, што яны не бачаць праблемы з гэтым пунктам.

Тады ўзнікла яшчэ больш пытанняў. А хто гэтыя людзі, якія прымаюць такія пастановы ў дачыненні Асноўнага Закону краіны? Якія сацыяльныя групы бяруць удзел у працы над праектам? Якія міжнародныя практыкі выкарыстоўваюцца? І якая наагул працэдура прыняцця прапановаў ад беларусаў у гэты праект? Як ідзе абмеркаванне?

Акрамя таго, у прэамбуле да Канстытуцыі немагчыма знайсці такіх найважнейшых азначэнняў нашай краіны, як дэмакратычная, прававая і сацыяльная дзяржава, а таксама няма месца чалавечай годнасці і правам чалавека.

Жаночы гранд-марш салідарнасці. Менск, Беларусь. 29 жніўня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Мы зноў напісалі працоўнай групе, адказ нам не прыйшоў. Потым мы накіравалі ліст у штаб – і там не адказалі. Праз трэціх асобаў перадалі, што ёсць чат і YouTube-канал для абмеркавання, але гэта зусім не пра дэмакратычную працэдуру і рэгламент прыняцця пастановы. Тады нам сказалі, што мы неканструктыўныя і каб ішлі займацца сваймі справамі. То бок фемгрупа мусіць займацца толькі сваймі «жаночымі пытаннямі», а не абмяркоўваць заканадаўства.

Мы доўга думалі, ці варта публічна казаць пра такое. Але прыйшлі да высновы, што канструктыўна крытыкаваць палітыкаў – нармальна. Бо гэтае непрыняцце крытыкі можа быць вельмі ганебным для нашай будучыні. Палітычны плюралізм – гэта каштоўнасць дэмакратыі.

Што плануеце на 8 сакавіка?

Мы працуем з рознымі фемінісцкімі супольнасцямі, ініцыятывамі ды актывісткамі. Рыхтуем інфармацыйна-асветніцкую кампанію «Гендарная роўнасць не можа чакаць», якая будзе пачынацца напярэдадні 8 Сакавіка і доўжыцца да канца года. Будзем ладзіць онлайн-імпрэзы, ужо маем згоду беларускіх і замежных экспертак і спікераў.

Мы атрымалі згоду Святланы Ціханоўскай і ейнай каманды разам зладзіць ейны выступ у гэты дзень ды ацэньваем гэта як крок, што дасць надзею на далейшую супрацу.

Жанчыны акружылі бус, у які завялі затрыманых. Жаночы марш на пл. Свабоды ў Менску, 12 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

7-га і надалей будуць стрымы, абмеркаванні, дыскусіі, семінары, якія датычаць гендарных пытанняў.

Напрыклад, нам трэба прасоўваць закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. Будзем ізноў паказваць сувязь, якая, на жаль, не для ўсіх відавочная. Той высокі ўзровень хатняга гвалту, што назіраўся ў краіне, і той гвалт з боку ўладаў Беларусі, – гэта рэчы аднаго кшталту. Проста хатні гвалт прыняў дзяржаўны маштаб.

Будзем звяртацца да гісторыі 8 Сакавіка: чаму гэта зусім не пра кветкі і вясну, жаноцкасць і бясконцае наканаванне жанчыны як жонкі і маці. Згадаем, што першапачаткова гэта быў дзень міжнароднай салідарнасці працоўных жанчын, а нагодаю сталася барацьба кабет у Еўропе, ЗША і Расеі (потым СССР) мець выбарчае права і права роўных з мужчынамі ўмоваў аплаты за сваю працу. Што і праз болей як 100 гадоў не ёсць развязанаю праблемай.

Жаночы марш. Менск, Беларусь. 26 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У некаторых еўрапейскіх краінах гэты дзень з таго часу і цяпер – мажлівасць выйсці з пікетамі і мітынгамі, каб агучыць актуальныя для фемпарадку дня праблемы.

Абмяркуем падчас кампаніі, якія патрэбы сёння маюць беларускія жанчыны, наколькі тыя патрэбы цікавяць цяперашнюю дзяржаву. Чаму жанчыны, якія зрабілі такі вялікі ўнёсак у рэвалюцыйныя працэсы, сёння адчуваюць фрустрацыю і абясцэньванне гэтага ўнёску? Таму збіраемся ладзіць онлайн-школу нізавога актывізму для жанчын і праект пра псіхалагічнае падтрыманне з жанчынамі з беларускіх рэгіёнаў.

Анонсы ўсіх імпрэзаў можна глядзець тут.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў