Дар'я Чульцова і Кацярына Андрэева: што трэба ведаць пра зняволенных журналістак «Белсату» і іх пераслед


Журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 года пасля жывога эфіру з жорсткага разгону мірнай акцыі на плошчы Пераменаў у Менску. Дар’я правяла за кратамі 657 дзён, Кацярына застаецца ў няволі.

Хто такая Кацярына Андрэева

Кацярына Андрэева. Фота з асабістага архіву

Кацярына нарадзілася ў 1993 годзе ў сям’і, якая складаецца з розных пакаленняў менскай інтэлігенцыі. Бацькі журналісткі – філолагі. Бабуля Ала Ваганава – дацэнт кафедры археалогіі БДУ. Дзядуля Сяргей Ваганаў – вядомы беларускі журналіст, публіцыст і паэт.

Каця скончыла гімназію № 23 у Менску, паступіла на іспанскі факультэт МДЛУ. У 2013 годзе паехала паводле валанцёрскай праграмы Еўракамісіі ў Іспанію, дзе правяла два гады.

Але ў канцы 2014 года вярнулася на Радзіму. Яшчэ ў дарозе яна напіша свой першы журналісцкі артыкул – «Паланэз на вакзале», – які дашле на конкурс «Народны журналіст». Гэты тэкст пераможа ў намінацыі «Шчырасць і стыль».

Hавiны
Адкрыты ліст да Кацярыны Андрэевай, журналісткі ў 3-м пакаленні, Сяргея Ваганава, журналіста ў 2-м пакаленні і дзеда
2020.12.03 11:37

«У мяне, як, упэўнена, у вялікай колькасці маладых беларусаў, ёсць мара. Мая мара вельмі простая, але яна ж і складаная – шчаслівае жыццё на роднай зямлі», – пісала ў сваім першым артыкуле Кацярына.

«З таго часу Кацярына цалкам прысвяціла сябе журналістыцы», – кажа дзядуля Каці Сяргей Ваганаў.

Каця супрацоўнічала з радыё «Свабода», украінскім праектам «Данбас. Рэаліі», друкавалася ў «Народнай Волі» і расейскім выданні «Новая газета». З сакавіку 2017 года яна карэспандэнтка «Белсату». Двойчы (у 2017 і 2020 гг.) прызнавалася на тэлеканале «Тэлевізійнай асобай года». Была лаўрэаткай конкурсу БАЖ «Вольнае слова».

У снежні 2016 года Кацярына пабралася шлюбам з журналістам Ігарам Ільяшом.

Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева. Фота з сямейнага архіву

«Мы з Кацяй упершыню сустрэліся на плошчы Свабоды, куды прыйшлі асвятляць акцыю пратэсту падчас выбарчай кампаніі 2015 года, – успамінае Ігар, – Я падумаў: якая прыгажуня, трэба абавязкова яе запрасіць у кавярню пасля акцыі! У той дзень я гэтага і не зрабіў, бо Каця сышла раней, і я нават не паспеў узяць у яе нумар тэлефона. Але праз тыдзень мы зноў сустрэліся на плошчы Свабоды, на новай акцыі пратэсту. Цяпер ужо я не выпускаў яе з-пад увагі, і пасля акцыі мы пайшлі ў кавярню.

Гісторыі
Хто такая журналістка Кацярына Андрэева? Расказваюць яе муж і дзядуля
2020.11.21 14:52

Самае смешнае, што гэтае нашае спатканне скончылася тым, што нас ледзь не затрымалі. Гэта быў дзень напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, а побач з кавярняй была гімназія, дзе месціўся выбарчы ўчастак, там ішло датэрміновае галасаванне. Мы доўга размаўлялі пра выбары, і потым Каця прапанавала наведаць гэты ўчастак перад закрыццём, каб проста паглядзець, як гэта ўсё выглядае. Але чальцы камісіі, убачыўшы ўвечары двух журналістаў, спалохаліся і выклікалі міліцыю. На шчасце, міліцыянты проста праверылі дакументы і адпусцілі нас. У той вечар я зразумеў, што закахаўся ў Кацю».

У суаўтарстве з Ігарам Ільяшом Кацярына падрыхтавала шэраг гучных журналісцкіх расследаванняў, а ў 2020 годзе яны выдалі дакументальную кнігу «Беларускі Данбас» пра ролю беларусаў у расейска-ўкраінскім канфлікце. Цягам мінулага года кніга вытрымала два тыражы.

Хто такая Дар’я Чульцова

Дарʼя Чульцова. Фота з сямейнага архіву

Дар’я нарадзілася ў 1997 годзе ў Шклове. Скончыла Гісторыка-філалагічны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту ім. Куляшова па спецыяльнасці «журналістыка».

Свой журналісцкі шлях яна распачала нядаўна. Спачатку спрабавала сябе як аўтар рэпартажаў, але больш яе вабіла праца аператара. Пасля выбараў 2020 года Даша пераехала працаваць у Менск.

«Дачка – за праўду гарой і не трывае несправядлівасці. Калі мы размаўлялі аб працы, Даша казала, што хоча паказваць людзям праўду. Я думаю, яна вырашыла ісці ў журналістыку ўжо ў старэйшых класах, бо моцна націснула на вучобу. Паведаміла пра свой выбар на выпускным. Я, сястра і Дашына цёця былі супраць, адгаворвалі. Мы простыя працоўныя, палітыкай і журналістыкай ніхто не цікавіўся. Але Даша сказала адназначна: «Калі не ў журналістыку, значыць, нікуды!» – распавядае ейная маці Наталля.

Дарʼя Чульцова з мамай. Фота з сямейнага архіву

Апошнія некалькі тыдняў перад арыштам Дар’я Чульцова падчас нядзельных акцыяў пратэсту ў Менску працавала на стрымах разам з Кацярынай Андрэевай.

«Цяпер я дакладна не забуду нашай з ёй размовы яшчэ да затрымання, – распавядае Крысціна, сяброўка Дар’і. – Я спытала: «Даша, ты не баішся арышту?» Той адказ застаўся ў памяці:

«Гэтага складана не баяцца, маральна сябе кожны раз падрыхтоўваеш да такога, усё роўна бярэш у рукі камеру і ідзеш на здымку. Пра што казаць, калі нават мужчыны-аператары проста адмаўляюцца выходзіць на рэпартажы, таму што іх збівалі, не шкадуючы?! Хто тады гэта будзе асвятляць? Вось і ідзеш на свой страх, спадзеючыся, што ты дзяўчынка, а значыць, цябе могуць пашкадаваць».

Але, мабыць, не ў той раз. У тую нядзелю Дашка чарговы раз пайшла на здымку, каб людзі ўбачылі праўду».

Hавiны
Даша і Каця. 50 дзён журналісткі «Белсату» сядзяць за кратамі
2021.01.04 16:31

Як журналісткі трапілі за краты

Плошча Пераменаў пераўтварылася ў народны мемарыял. Раман Бандарэнка памёр напярэдадні вечарам у шпіталі пасля брутальнага затрымяння і збіцця невядомымі. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2020 года.
Фота: TК / Белсат

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу на плошчы Пераменаў.

Стрым яны вялі з кватэры на 14-м паверсе дому па вуліцы Смаргоўскі тракт, куды іх запрасілі гаспадары. Пасля завяршэння акцыі спецназаўцы са зброяй выламалі дзверы ў кватэру і затрымалі дзяўчат. Сілавікі паводзілі сябе з журналісткамі вельмі груба.

«Калі мяне затрымліваў спецназ, яны крычалі: «Паедзеш на зону на 7 гадоў, будзеш мянтам форму шыць». Намеснік начальніка ў РУУС называў «цёткаю», «малою», штурхаючы ў спіну з лесвіцы. Крычалі мянты: «Ты больш не будзеш весці сваіх стрымаў! Ніколі!» – распавядала Кацярына пра сваё затрыманне ў адным з лістоў.

Затрыманні на плошчы Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

У РУУС Кацярыне стала блага, яна адчула рэзкі боль у галаве, яна ванітавала, а потым журналістка страціла прытомнасць. Ёй выклікалі хуткую і даставілі пад канвоем у 9-ы шпіталь. Нічога сур’ёзнага не знайшлі, але прапісалі пасцельны рэжым, поўны спакой і абавязковы візіт да неўролага на наступны дзень. Але раніцай 16 лістапада яе забралі ў РУУС, а адтуль даставілі ў ЦІП.

На Акрэсціна Дар’я і Кацярына спачатку трапілі ў адну камеру, умовы ўтрымання былі жахлівыя. Камера была разлічаная на чацвярых, але туды запіхнулі 11 чалавек. Затрыманыя спалі, уткнуўшыся адна ў адну. Пасцельнай бялізны не далі, даводзілася спаць на пыльных і брудных матрацах. Сядзець або ляжаць днём не дазвалялі, пагражалі забраць нават матрацы. У перанаселенай камеры было вельмі душна, але «акенца» спецыяльна пакідалі зачыненым.

Ізалятар на Акрэсціна. Снежань 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

«Мы спыталі, ці ў курсе яны, што ў нас катавальная, а не камера затрыманых адміністратыўных правапарушальнікаў. Усміхаюцца, кажуць, што так, так і трэба, мы задавальненне атрымліваем. Вось так… Мацюкі праз слова», – распавядала потым суседка Каці і Дашы з камеры ў ізалятары.

У чым абвінавацілі журналістак

Журналістка belsat.eu Кацярына Андрэева.
Фота: belsat.eu

Спачатку на Кацю і Дашу склалі адміністратыўныя пратаколы паводле арт. 23.34 і 23.4 КаАП – іх звінавацілі ў тым, што яны нібыта ўдзельнічалі ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту і не падпарадкоўваліся пры гэтым міліцыі. 17 лістапада суд Кастрычніцкага раёну пакараў журналістак за прафесійную дзейнасць 7 соднямі адміністратыўнага арышту.

У пастанове суда адзначалася, што Кацярына і Дар’я здзейснілі правапарушэнне, але ў іх дзеяннях адсутнічаў склад злачынства. Аднак насуперак высновам суда супраць журналістак «Белсату» адначасова была распачатая крымінальная справа. 20 лістапада ім выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Для дзяўчат абралі меру стрымання ў выглядзе арышту, яны былі этапаваныя ў жодзінскую турму. У Жодзіна іх трымалі ў асобных камерах.

Дарʼя Чульцова. Фота з асабістага архіву

Затым Кацю і Дашу абвінавацілі ў тым, што яны нібыта бралі актыўны ўдзел і нават кіравалі «групавымі дзеяннямі, што груба парушаюць грамадскі парадак», якія пацягнулі за сабой парушэнне працы грамадскага транспарту. Следства сцвярджала, што стрым Кацярыны і Дар’і нібыта пацягнуў за сабой прыпыненне руху 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных (хаця большасць з гэтых маршрутаў наагул не маюць дачынення да плошчы Пераменаў). Шкода «Менсктрансу» была ацэненая на 11 562 рублі і 14 капеек.

Кацярына і Дар’я сваёй віны не прызналі. Акрамя таго, Каця наагул адмовілася даваць паказанні падчас следства.

Hавiны
Адкрыты ліст Ігара Ільяша да следчых
2021.01.20 09:08

Хто спрычыніўся да пераследу журналістак

Справу супраць Дашы і Каці вялі следчыя Фрунзенскага РАСК г. Менску – капітан юстыцыі Ігар Курыловіч і лейтэнант Ігар Кудзеля. Аператыўным суправаджэннем следства займаўся ГУБАЗіК.

Імаверна, супрацоўнікі ГУБАЗіК дзяжураць на лесвічных пляцоўках у дамах каля плошчы Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 года.
Фота: АВ / Белсат / Vot Tak TV

Менавіта байцы ГУБАЗіКу ў лістападзе затрымалі мужа Кацярыны Ігара Ільяша (ён трапіў за краты на 15 содняў) і арыштавалі ягоную тэхніку, якая потым была чамусьці прызнаная рэчавымі доказамі ў справе Каці і Дашы.

Крымінальны пераслед журналістак суправаджаўся інфармацыйнымі атакамі з боку адыёзных прапагандыстаў. У лістападзе Андрэй Мукавозчык на сайце «СБ – Беларусь сегодня» апублікаваў пасквіль пра Кацярыну Андрэеву і ейную сям’ю.

Кацярына Андрэева. Фота з асабістага архіву

А ў студзені Рыгор Азаронак на СТВ абвінаваціў дзяўчыну ў тым, што яна нібыта кіравала міфічнымі «масавымі закалотамі», назваў яе «чыстай крымінальніцай», «замежным агентам», з якімі падчас вайны «разбіраўся СМЕРШ». На абразы з боку прапагандыста Кацярына адрэагавала кароткім адказам, які перадала праз адваката:

«Шкада беднага хлопчыка, які зрабіў няправільны выбар. Я магу яму толькі паспачуваць. Таму што я раней ці пазней усё роўна выйду з турмы, а ён застанецца з гэтым цяжарам на ўсё жыццё. Мае спачуванні Грышу Азаронку», – перадала яна свой адказ прапагандысту.

Hавiны
Пракуратура адмовілася распачаць крымінальную справу супраць прапагандыста Рыгора Азаронка
2021.02.02 08:51

Як дзяўчаты перажывалі зняволенне

«Маральна Даша трымаецца вельмі нават добра, таму што ў лістах усё па-баявому… Яна сказала мне так: я хачу, каб ты мной ганарылася. Я ёй вельмі ганаруся, хоць і дапякаю часам тым, што яна туды ўлезла… Проста я яе люблю і хачу, каб у яе ўсё было добра. Яна ў нас ваяр. Даша – пераможца», – распавядала ў інтэрв’ю «Белсату» Наталля, маці Дарʼі, калі дачка была за кратамі амаль тры месяцы.

Турма не прымусіла Дашу ўсумніцца ў сваім жыццёвым выбары. У лістах да маці дзяўчына пісала, што, калі б яна ведала, да чаго прывядзе яе журналісцкая праца, яна б усё роўна абрала менавіта гэты шлях.

У будучыню Дар’я глядзіць аптымістычна. «2021 год – мой год. Бо я нарадзілася ў год быка. І я, як і ён, вельмі настойлівая», – напісала яна ў лісце калегу. Дзяўчына кажа, што адчувае сябе добра, не хварэе і вельмі сумуе па працы.

Кацярына Андрэева. Фота з асабістага архіву

Кацярына ў лістах піша, што не адчувае страху перад будучыняй і не ўпускае ў сваю душу крыўду і злосць:

«Самае дзіўнае, што я не адчуваю злосці, крыўды, прагі помсты да таго, хто прыняў рашэнне паступіць так з намі, са мной. Што я адчуваю? Жаль да іх, якія выконваюць загады. Лянівае раздражненне, якое здольнае выклікаць хіба што гудзенне мухі. Бедныя, бедныя маленькія людзі… Ім жыць з усім гэтым, а маё жыццё ніяк не сапсаванае, як бы ім не хацелася».

Напярэдадні судовага працэсу Кацярына даслала з СІЗА заяву для прэсы, дзе кажа, што зняволенне не зламала яе і не прымусіла адмовіцца ад сваіх прынцыпаў:

«Амаль тры месяцы я правяла за кратамі. Паводле іхнай (спецслужбаў. – Заўв. belsat.eu) задумы, зняволенне павінна было зламаць мяне і прымусіць усумніцца ў правільнасці абранага шляху. Аднак нічога падобнага не адбылося. Гэты час у СІЗА толькі загартаваў мой характар».

Яна дадае, што будзе шчаслівая незалежна ад прысуду, бо сумленне яе чыстае, «а праўду казаць лёгка і прыемна».

Гісторыі
«Калі нам будзе 70, некалькі месяцаў ці гадоў пададуцца дробяззю»: Ігар Ільяш – пра тое, як быць мужам палітзняволенай
2020.11.28 18:30

Рэзананс і салідарнасць

Дар’я Чульцова. Фота з сацсетак

Кацярыну і Дар’ю прызналі палітвязнямі ўжо праз чатыры дні пасля выстаўлення ім абвінавачвання. А ў снежні дзяўчаты сталі лаўрэаткамі прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі «Журналіст года». Брытанская праваабарончая арганізацыя «Article 19» у адмысловай заяве падкрэслівае, што абвінавачанні, выстаўленыя журналісткам, супярэчаць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека, а іхны пераслед – парушэнне права на свабоду выказвання думкі.

У абарону журналістак выступіла Беларуская асацыяцыя журналістаў, ПЭН-цэнтр Беларусі, Асацыяцыя польскіх журналістаў, Нацыянальны саюз журналістаў Украіны і Еўрапейская федэрацыя журналістаў, расейскія няўрадавыя арганізацыі «Свабоднае слова» і ПЭН-Масква. Саюз журналістаў Літвы ўзнагародзіў журналістак прэміяй «Надзея свабоды».

Кацярына Андрэева. Фота з асабістага архіву

Больш за паўтары тысячы чалавек з Беларусі, Расеі, Украіны і іншых краінаў паставілі свае подпісы пад петыцыяй аб вызваленні Кацярыны Андрэевай. У тым ліку – вядомыя пісьменнікі і літаратары. Салідарнасць набывала і канкрэтныя юрыдычныя формы.Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, галоўны рэдактар «Народнай волі» Ёсіф Сярэдзіч, галоўная рэдактарка «Новага часу» Аксана Колб і журналіст Валер Каліноўскі ў снежні накіравалі ў Следчы камітэт хадайніцтва з просьбай вызваліць дзяўчат пад асабістую паруку. Аднак следчыя адмовіліся змяніць меру стрымання для Дашы і Каці.

Расейскі журналіст Уладзімір Познер, журналіст і грамадскі дзеяч Мікалай Сванідзэ, тэлевядоўца і палітык Ксенія Сабчак з патрабаваннем вызваліць Дар’ю і Кацярыну звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі.

Hавiны
Познер, Сванідзэ і Сабчак заклікалі Лукашэнку вызваліць арыштаваных журналістак
2020.12.16 17:20

«Аляксандр Рыгоравіч, журналістам не месца ў аўтазаку і на нарах. Асабліва калі гэтыя журналісты жанчыны. Пераследуючы іх, саджаючы за краты, вы дэманструеце не сілу, а слабасць», – заявіў Мікалай Сванідзэ.

У межах міжнароднага праекту салідарнасці з палітвязнямі «хросным» Кацярыны Андрэевай стаў сусветна вядомы нямецкі філосаф Юрген Габэрмас (Jürgen Habermas). А Дар’ю Чульцову пад апеку ўзяла дэпутатка літоўскага Сейму Даля Асанавічуце (Dalia Asanavičiūtė).

Дар’я Чульцова. Фота з сацсетак

Агулам за час зняволення Каця і Даша атрымалі сотні лістоў, у тым ліку ад незнаёмых людзей, якія хацелі выказаць салідарнасць з журналісткамі. Лісты прыходзяць таксама з-за мяжы: Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Бельгіі, Чэхіі, Бразіліі, Швецыі ды іншых краінаў. Дзяўчаты кажуць, што такая салідарнасць вельмі дапамагае ім у турме.

«Неверагодная падтрымка з волі напаўняла радасцю кожны дзень», – адзначала ў сваім адкрытым звароце Кацярына.

Дар’я на волі, Кацярыне дадалі тэрмін

Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева ў судзе Фрунзенскага раёну. Менск, Беларусь. 9 лютага 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову абвінавацілі ў тым, што яны нібыта бралі актыўны ўдзел і нават кіравалі «групавымі дзеяннямі, што груба парушаюць грамадскі парадак», якія пацягнулі за сабою парушэнне працы грамадскага транспарту. Следства сцвярджала, што стрым журналістак з пратэставай акцыі 15 лістапада нібыта пацягнуў за сабою прыпыненне руху 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных (хаця большасць з гэтых маршрутаў наагул не маюць дачынення да плошчы Пераменаў, дзе іх затрымалі).

Справу разглядала суддзя Наталля Бугук. Пракурорка запатрабавала для дзяўчат два гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Суддзя яе падтрымала. Вырак агучылі 18 лютага 2021 года. Акрамя таго, Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова ў поўным аб’ёме скампенсавалі шкоду, якую выставіў «Менсктранс»: 11 562 рублі і 14 капеек. Разгляд апеляцыі адбываўся без прысутнасці зняволеных.

Hавiны
«Прымітыўны акт помсты спецслужбаў». Што трэба ведаць пра суд над Дар’яй Чульцовай і Кацярынай Андрэевай
2021.02.15 14:17

Дар’я Чульцова правяла за кратамі амаль два гады, выйшла на волю 3 верасня 2022 года. Неўзабаве яна вярнулася да журналісцкай працы.

У зняволенні Дар’ю паставілі на прафілактычны ўлік як «схільную да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Такі статус прадугледжваў узмоцнены кантроль з боку адміністрацыі. Дзеўчына мусіла насіць жоўтую бірку – такім колерам пазначаюць асобаў, «схільных да экстрэмізму».

Дар’ю шмат разоў прымушалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Яна расказвала, што прашэння не падпісала, бо ў ім трэба прызнаць віну – а Дар’я не магла прызнаць таго, чаго не рабіла. І не магла прасіць адпусціць яе чалавека, які яе і пасадзіў, бо адчувала проста фізічнае непрыманне: казала, калі б адна рука пачала пісаць, другая рука перашкодзіла б.

Гісторыі
«Ніколі не пытайся ў зняволенага: «Як ты?..» Вялікая размова з Дар’яй Чульцовай – на 38-ы дзень пасля турмы
2022.10.13 18:30

З канца траўня 2021 года да пачатку лютага 2022-га Кацярына Андрэева была ў папраўчай калоніі № 4 у Гомлі. Як распавядала журналістка «Белсату» Дар’я Чульцова, якая адбывала пакаранне там сама, Каця тады зазнала моцны ціск з боку адміністрацыі: ад яе дамагаліся падпісання прашэння аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Кацярыну кінулі ў 9-ы атрад, вядомы здзекамі з палітзняволеных: былі правакацыі, шантаж, ціснулі псіхалагічна. Але прашэння журналістка так і не падпісала.

Тэрмін пакарання Кацярыны мусіў завяршыцца 5 верасня 2022 года, сваякі ўжо адлічвалі месяцы і нават тыдні да вызвалення. Але 10 лютага журналістку нечакана этапавалі ў гомельскі СІЗА. Цягам 55 дзён блізкія не ведалі, у якім статусе і ў межах якой справы трымаюць Кацярыну. Сям’і казалі, што яе змясцілі ў следчы ізалятар у сувязі з нейкімі «працэсуальнымі дзеяннямі».

7 красавіка высветлілася, што Кацярыне выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»), які прадугледжвае пакаранне ад 7 да 15 гадоў зняволення. Следства вяло УКДБ у Гомельскай вобласці. На справу наклалі грыф сакрэтнасці, таму ніхто не ведаў, што канкрэтна інкрымінавалася журналістцы.

Фільмы
Белсат. Місія Свабода
2023.03.25 14:01

Новы працэс над Кацярынаю пачаўся 4 ліпеня ў Гомельскім абласным судзе і праходзіў у закрытым рэжыме. Ніякіх акалічнасцяў працэсу сваякі не ведалі, нават імя пракурора засталося таямніцаю.

Рэзалютыўную частку выраку ўсё-такі зрабілі публічнай, але пра час абвяшчэння стала вядома прыблізна за 1,5 гадзіны да пачатку, таму трапіць у Гомельскі абласны суд амаль ніхто не паспеў. На выраку прысутнічаў муж Кацярыны Ігар Ільяш і некалькі неабыякавых беларусаў.

Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызнаў журналістку вінаватай у здрадзе дзяржаве і пакараў яе 8 гадамі пазбаўлення волі. Праз частковае складанне двух прысудаў Каця ў выніку атрымала 8 гадоў і 3 месяцы калоніі.

«Я атрымала больш, чымся Салжаніцын», – сумна пажартавала Кацярына.

  • Адрас для лістоў: ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.
Гісторыі
«Я нібыта разблакавала апошні ўзровень у складанай гульні». Год з жыцця Кацярыны Андрэевай
2022.11.02 08:33

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў