«Мама, я вытрымаю. Ты, галоўнае, не плач». Размова з сям’ёю палітвязня Арцёма Хвашчэўскага


Арцём Хвашчэўскі з 2011 года жыве ў Польшчы – з’ехаў паводле праграмы Каліноўскага з сябрам Арцёмам Саўчуком. Сяброў разам затрымалі на Плошчы-2010, яны адседзелі на Акрэсціна, потым іх выключылі з універсітэтаў, і яны эмігравалі. Летась разам прыехалі ў Менск на вяселле аднакласніка. 17 жніўня сяброў затрымалі праз падазрэнне ў арганізацыі масавых закалотаў. Арцёма Саўчука асудзілі на 4 гады калоніі строгага рэжыму, Арцёма Хвашчэўскага – на 1 год агульнага рэжыму – яго на пачатку лютага перавялі ў Жодзіна.

«А тым вечарам ён не прыйшоў»

Даведка

Арцём Хвашчэўскі – былы футбольны трэнер. Маладзён з юнацтва захапляўся футболам. Шмат гадоў гуляў у аматарскім клубе «Менск Космас», потым у класе «В» у Польшчы. Паступіў у Акадэмію фізічнага выхавання ў Вроцлаве (AWF Wroclaw), паралельна працаваў трэнерам у моладзевым футбольным клубе («Akademia Piłkarska Olompic» і «Polish Soccer’s Skills»). Праз траўмы адышоў ад трэнавання і заняўся каардынацыяй запісаў матчаў ды іх аналізам для Польскай нацыянальнай каманды і Экстракласу ў фірме «InStat Football».

29 снежня Арцёму споўніўся 31 год – дзень народзінаў менчуку давялося адзначаць у СІЗА на Валадарцы.

У Менск Арцём Хвашчэўскі прыехаў разам з сябрам Арцёмам Саўчуком 8 жніўня.

«Ён нікуды не лез, не браў удзелу, дапамагаў мне ў хатніх справах, працаваў аддалена, – адзначыла падчас размовы з намі маці Арцёма спадарыня Жанна Хвашчэўская. – Мы з ім на выбары разам схадзілі, потым ён яшчэ ўвечары выходзіў вынікаў чакаць. Наступныя дні вечарамі хадзіў гуляць – ён малады, не са мной жа яму сядзець».

Паводле жанчыны, Арцём заўсёды пісаў смс-паведамленні або тэлефанаваў, каб паведаміць, дзе ён і што ўсё добра.

«Самае позняе – у гадзіну ночы прыходзіў, – кажа спадарыня Жанна. – А тым вечарам, 17 жніўня, не прыйшоў. На тэлефон не адказваў».

«Тэлефанавалі паўсюль – нідзе не было пра яго інфармацыі»

Жанчына заявіла пра знікненне сына ў міліцыю. Паводле яе, дамоў да іх прыехала следчая група, склалі пратакол аб знікненні.

«Ягоныя сябры паўсюль тэлефанавалі – у шпіталі, моргі, я не магла, плакала. Нідзе не было інфармацыі пра яго», – згадвае спадарыня Жанна. Толькі а 15.30 наступным днём, 18 жніўня, жанчыне патэлефанаваў следчы і сказаў, што маладзён на Акрэсціна. Яшчэ праз некалькі дзён яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага.

Спачатку маладога мужчыну абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі – арганізацыя масавых закалотаў. Нібыта Арцём Хвашчэўскі браў удзел у блакаванні вуліцы Прытыцкага 10 жніўня, заклікаў да актыўных дзеянняў.

Станцыя метро «Пушкінская», Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Амаль у самы апошні момант перад судом артыкул змянілі на 342 – удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. 15 студзеня пасля некалькіх паседжанняў суд Фрунзенскага раёну Менску агучыў вырак – 1 год у калоніі агульнага рэжыму. Менавіта столькі запытвала дзяржаўная абвінаваўца, памочніца пракурора Аліна Касьянчык.

Акрамя таго, у асобную грамадзянскую судовую вытворчасць вынеслі намер вызначыцца з кампенсацыяй позвы ад «Менсктрансу» датычна шкоды за блакаванне дарогаў на суму амаль 23 тысячы рублёў.

Адвакат Арцёма падаў на прысуд апеляцыйную скаргу – разгляд адбудзецца ў Менскім гарадскім судзе 9 красавіка.

Пасля пераводу ў Жодзіна ад Арцёма не было ніводнага ліста

Пакуль Арцём Хвашчэўскі заставаўся на Валадарцы, на ўмовы ён не скардзіўся, кажа ягоная маці. Ад маладзёна рэгулярна прыходзілі лісты, калі не лічыць перапынку пры канцы снежня – на пачатку студзеня. Яму можна было без перашкодаў прыносіць перадачы. Двойчы дазволілі сустрэчу – пасля сканчэння следства і агучвання прысуду.

«Там жа ўсё праслухоўваецца, таму мы размаўлялі пра агульныя побытавыя справы, ён пытаўся, як у каго з сям’і справы, – распавядае спадарыня Жанна пра сустрэчу. – Пра сябе сказаў толькі: «Мама, я вытрымаю. Галоўнае, ты не плач». І я бачу, што трымаецца».

Арцём Хвашчэўскі. Фота з сямейнага архіву героя публікацыі

На пачатку лютага Арцёма нечакана перавялі ў Следчую турму ў Жодзіна. Маці маладзёна праз гэта вельмі пераймаецца. Прычынаў пераводу жанчына не ведае. Доўгі час пасля пераводу ад Арцёма не было ніякіх звестак – толькі на пачатку сакавіка маці атрымала ліст.

«Я шмат ад каго чула, што ў Жодзіна – зусім жах, – кажа маці палітвязня. – Я спрабавала трапіць на сустрэчу, але мне не дазволілі – сказалі, што толькі пасля разгляду апеляцыі. Адвакат таксама пакуль не ездзіў. Арцём піша, што ўсё добра, трымаецца. А іншага ён мне і не напіша».

Праз дзесяць гадоў зноў затрымалі разам з найлепшым сябрам

Арцём Хвашчэўскі не ўпершыню сутыкнуўся з сістэмаю Беларусі і несправядліваю пастановаю суда – хоць ранейшая была нашмат мякчэйшая. У снежні 2010 года Арцёма за ўдзел у пратэстах на Плошчы пакаралі 15 соднямі арышту. Сябру Арцёму Саўчуку, разам з якім затрымалі Арцёма Хвашчэўскага, далі 12 содняў. Пасля арышту абодвух сяброў выключылі з універсітэтаў: Саўчука – з БНТУ, Хвашчэўскага – з трэцяга курсу Менскага інстытуту кіравання. Сябры разам паехалі ў Польшчу праз праграму Каліноўскага. Толькі Саўчук – у Кракаў, а Хвашчэўскі – у Вроцлаў. Там ён скончыў Акадэмію спорту.

Hавiны
Палітвязня Арцёма Саўчука асудзілі да чатырох гадоў калоніі за тое, што перасунуў вазкі ад крамы да дарогі
2021.02.09 12:20

Працаваў футбольным трэнерам, але праз траўму быў вымушаны змяніць працу – цяпер аналізуе футбольныя матчы, працуе як каардынатар. На пачатку 2020-га ажаніўся з полькаю. Яна дагэтуль не змагла прыехаць у Беларусь, бо мае адседжваць каранцін спачатку ў Менску, потым – у Вроцлаве пасля вяртання з Беларусі. Працадаўца не гатовы прапанаваць дзяўчыне настолькі доўгі адпачынак.

Падчас заняткаў па футболе ў Польшчы. Фота з сямейнага архіву героя публікацыі

Маці Арцёма Хвашчэўскага адзначае, што сын заўсёды быў неабыякавы да таго, што адбывалася ў палітычным жыцці краіны. У 2010 годзе зрабіўся назіральнікам на выбарах.

Да бацькоў і старэйшага брата, які жыве ў Беларусі, Арцём прыязджаў раз або двойчы на год. Маці таксама ездзіла ў госці да сына. Спадарыні Жанне падабаецца ў Польшчы, і яна б, магчыма, пераехала туды бліжэй да сына, але ў Беларусі жанчыну трымае апекаванне стрыечным братам Арцёма, у якога ёсць інваліднасць. Акрамя таго, у свае 58 гадоў маці палітвязня працягвае працаваць бухгалтаркаю на заводзе.

«Польшча стала домам, а на радзіме – страшна»

Маці палітвязня кажа, што, калі ён з’язджаў у Польшчу дзесяць гадоў таму, ёй было страшна, а цяпер жанчына чакае, каб сын хутчэй выйшаў на волю і з’ехаў, бо там знайшоў дом, а страшна – на радзіме.

«Калі Арцёму было 20 гадоў, мне было цяжка прыняць ягоны ад’езд – я ўсё думала, як ён будзе ў чужой краіне, без ведання мовы, – кажа спадарыня Жанна. – Але прайшоў час, і цяпер там ягоны дом. Хоць і ён, і бабуля ягоная любілі паўтараць: «Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся». Але аказалася, што гэтай дзяржаве ён не патрэбны».

Выказваць сваё меркаванне пра тое, што адбываецца ў Беларусі апошнія паўгода, Жанна Хвашчэўская не наважваецца:

«Я не хачу нічога каментаваць. Усё настолькі страшна, усе так моцна перапужаныя цяпер, што я не ведаю ні што думаць, ні што казаць. Я хачу проста, каб сын выйшаў і з’ехаў туды, дзе бяспечна».

Арцём разам з жонкаю Катажынай. Фота з сямейнага архіву героя публікацыі

У Польшчы Арцёма чакае жонка Катажына – маладыя людзі ажаніліся летась. 1 лютага была першая гадавіна вяселля.

Дзяўчына распавяла, што ў час, вольны ад працы, Арцём любіць вандраваць, а яшчэ – добрую ежу, гуляць у покер, сустракацца з сябрамі і сваю котку.

«Арцём – вельмі адкрыты і таварыскі чалавек, – кажа Катажына пра свайго мужа. – Ён заўсёды ахвочы да знаёмства з новымі людзьмі, рэчамі, месцамі, заўсёды ўсміхаецца, гатовы дапамагчы».

«Пакуты людзей не павінны забыцца – яны мусяць прывесці да пераменаў»

Катажына вельмі сумуе па мужу, кантактаваць з ім можа толькі праз лісты. Спачатку яна дасылала іх бацькам Арцёма, а ўжо яны – сыну.

«А потым з’явілася старонка письмо.бел, і я сама праз яе пачала высылаць лісты і паштоўкі, – распавядае дзяўчына. – Я пісала штотыдзень, але шмат што ад мяне доўга да яго не даходзіла, бо ён пісаў бацькам і знаёмым, каб яны папрасілі мяне пісаць яму. Ведаю таксама, што ён не атрымаў нашых паштовак ні на дзень народзінаў, ні на Новы год. Я тут, у Польшчы, атрымала ад яго чатыры лісты. Пры гэтым з пачатку лютага не было нічога. Цяжка, калі ты высылаеш ліст, і ніколі не ведаеш – атрымае ён яго ці не».

Арцём Хвашчэўскі (справа) разам са стрыечным братам (у цэнтры). Фота з сямейнага архіву героя публікацыі

Катажына лічыць арышт і прысуд Арцёму Хвашчэўскаму, як і ягонаму сябру Арцёму Саўчуку, несправядлівымі.

«Яны хацелі дапамагчы людзям, у якіх сапсаваўся аўтамабіль, і трапілі ў турму, – кажа дзяўчына. – І такая самая сітуацыя шмат у якіх іншых беларусаў, якіх кінулі за краты ні за што. На іх вешаюць злачынствы, якіх яны не рабілі, або пераварочваюць сітуацыю так, як насамрэч не было».

Катажына сочыць за тым, што дзеецца ў Беларусі, і кажа, што сітуацыя выглядае цяжкою і што перамены вельмі патрэбныя.

«Тое, што здарылася ў Беларусі ў жніўні, павінна было здарыцца, – кажа нашая суразмоўца. – Было відавочна, што грамадства хоча зменаў, ісці наперад, але не можа гэтага зрабіць пры цяперашняй уладзе. Столькі людзей пацярпелі, былі асуджаныя ні за што. Гэта ўсё не павінна быць забытым, марным, яно мусіць прывесці да пераменаў, за якія змагаюцца беларусы».

Гісторыі
«Што было б з Беларуссю, калі б мы не марнавалі час невінаватых на турмы?» Надзея Знак чакае мужа на волі з шампанскім
2021.03.06 09:00
Гісторыі
«Марым вярнуцца дамоў». Муж палітзняволенай Ірыны Шчаснай – пра ўцёкі з сынам з Беларусі і жыццё ў Кіеве
2021.02.25 07:10
Гісторыі
«Вошы? Вас у камеры шмат, самі душыце іх». Ян Салановіч – пра 86 дзён на Акрэсціна
2021.02.23 07:15

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў