5 галоўных пытанняў аб Канстытуцыі


Напярэдадні Усеагульнага народнага сходу тэма Канстытуцыі зноў набірае папулярнасць. «Белсат» задаў упаўнаважанаму Святланы Ціханоўскай у рэфармаванні Канстытуцыі Анатолю Лябедзьку базавыя пытанні, каб зразумець сітуацыю з дакументам на сёння.

Што не так з цяперашняй Канстытуцыяй?

Шмат чаго не так. Галоўнае – праз апошнія змены амаль ліквідаваныя ўсе галіны ўлады, акрамя прэзідэнцкай. Не дзее прынцып супрацьвагаў, бо судовая сістэма і парламент страцілі самастойнасць. Канцэнтрацыя такой улады ў адных руках – моцная пагроза для краіны. Акрамя таго, падзаконныя акты (дэкрэты і ўказы) маюць больш моцы за самі законы, гэта руйнуе прававую сістэму. Праваўжывальная практыка паказвае, што Канстытуцыя стала фармальнай.

Акцыя салідарнасці з працаўнікамі МТЗ. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 году.
Фота: Света Фар / Белсат

Што варта найперш прапісаць у Канстытуцыі?

Варта вярнуць розныя галіны ўлады, парламент і судовую сістэму. Увесці мажарытарную сістэму выбараў (парадак вызначэння вынікаў галасавання, калі абраны кандыдат, які атрымаў большасць – абсалютную або адносную – галасоў), каб даць мажлівасць развівацца партыям і ўключаць у палітычны працэс больш насельніцтва.

Ці можна пакінуць цяперашнюю Канстытуцыю?

Канстытуцыя – гэта сістэма кіравання і сістэма, якая фіксуе правы і абавязкі грамадзяніна. Таму калі цяпер сыдзе Лукашэнка, а сістэма захаваецца, то на ягонае месца можа прыйсці новы аўтарытарны кіраўнік.

Акцыя салідарнасці мастакоў. Менск, Беларусь. 15 жніўня 2020 году.
Фота: Света Фар / Белсат

Чаму абодва бакі хочуць фармаваць Канстытуцыю?

Офіс Святланы Ціханоўскай адкрыты: на канале «Канстытуцыя» можна пабачыць, якія ёсць прапановы, што абмяркоўваюць і як ідзе працэс падрыхтоўкі дакументу. Галоўная мэта – зрабіць дакумент, які адновіць прававую сістэму і верне давер да Канстытуцыі. Лукашэнка намагаецца закансерваваць цяперашнюю сістэму і застацца на пасадзе правіцеля.

Ці ёсць сэнс вяртацца да Канстытуцыі 1994 года?

Вяртанне да Канстытуцыі 1994 года – гэта вяртанне ў прававое поле. Яна была прынятая ў адпаведнасці з юрыдычнымі працэдурамі ды застаецца легітымнай. Ёсць выснова Венецыянскай камісіі пра тое, што дакумент адпавядае міжнародным стандартам. Пазнейшыя дапаўненні былі неканстутыцыйныя. Але і ў першай Канстытуцыі шмат недахопаў, праз гэта варта падрыхтаваць новую рэдакцыю.

Акцыя салідарнасці з працаўнікамі МТЗ. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 году.
Фота: Света Фар / Белсат

На платформе «Голас» будзе адбывацца галасаванне аб спрэчных фармулёўках ці палажэннях новай рэдакцыі. Лябедзька перакананы, што такі чын – калі шмат людзей маюць дачыненне да стварэння галоўнага дакументу краіны, – можа вярнуць давер да Канстытуцыі.

Размаўляла МГМ Belsat.eu

Стужка навінаў