Беларус, які дапамагаў штурхаць аўтобус у Варшаве: «Трэба заўсёды думаць пра іншых»


Зміцер Салагуб.
Фота: ІА / Белсат

Учора, 8 лютага, польскі і беларускі інтэрнэт узарвала відэа. Хлопец у звычайнай чорнай куртцы штурхае гарадскі аўтобус, які буксуе на дарозе. Да яго падбягае журналіст мясцовага тэлеканалу TVN24 і спрабуе ўзяць інтэрв’ю. Варшаўскім героем апынуўся мянчук Зміцер Салагуб, які нядаўна пераехаў у Польшчу.

«У нашым свеце замест таго, каб проста ўзяць і дапамагчы, усе здымаюць на відэа. Я не разумею гэтага», – кажа Зміцер Салагуб.
Герою польскіх і беларускіх навінаў 28 гадоў, ён нарадзіўся ў Менску. У Польшчу пераехаў пасля сёлетніх выбараў. Цяпер працуе роставай лялькай у цэнтры Варшавы, а таксама ходзіць на курсы ўэб-дызайну. У вобразе агромністага мядзведзя ён ездзіць у лагеры да ўцекачоў, каб пагуляцца з дзецьмі. Сябры кажуць пра Змітра як пра вельмі добрага хлопца. Гэтае меркаванне ён пацвердзіў і ўчора.
Зміцер Салагуб у вобразе мішкі з БЧБ-сцягам.
Фота: архіў героя

«Я ехаў у аўтобусе. У Варшаве былі моцныя снегапады, утварыліся коркі. Аўтобус стаяў без руху прыкладна хвілінаў 15. Кіроўца адчыніў дзверы, я і людзі пайшлі наперад. Прайшоў прыкладна кіламетр», – распавядае Зміцер.

Далей ён пабачыў аўтобус, які не мог заехаць на горку – не хапала счаплення з дарогай.

«Я зразумеў, што магу паспрабаваць яго падштурхнуць, і пайшоў. А тут прыйшоў хлопец з мікрафонам (карэспандэнт TVN24. – belsat.eu) і хіба што таксама паспрабаваў штурхануць. У нас атрымалася, і я пайшоў далей», – кажа хлопец.

Акцыя салідарнасці з Беларуссю ў Варшаве, на якой Зміцер Салагуб таксама зхявіўся ў вобразе мядзведзіка. 7 лютага 2021 г.
Фота: ІА / Белсат

Пра свой учынак Зміцер згадвае з пэўнай сціпласцю.

«Аніякім героям я сябе не лічу. Проста так атрымалася! Трэба заўсёды быць чалавекам і думаць пра іншых. Тады і свет можна змяніць у лепшы бок, як вы потым і пабачылі. Нават адзін маленькі чалавек можа, як высветлілася, прыбраць затор на дарозе. Я проста не разумею, чаму аніхто да мяне гэтага не зрабіў!»

  • У панядзелак усю Польшчу накрылі маразы і моцныя снегапады. Паводле інфармацыі парталу Onet па тэрыторыі краіны выпала ад 2 да 7 сантыметраў снегу, а ў некаторых месцах нават да 12 сантыметраў.
  • У Беларусі таксама сіноптыкі адзначаюць моцныя снегапады – на аўторак, 9 лютага, нават быў абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі.
Ксенія Тарасевіч, belsat.eu
Стужка навінаў