«Не тчэ, забыўшыся, рука». Выйшла з друку кніга Зьмітра Саўкі «Іншамоўныя найменні ў беларускім тэксце»


9 красавіка 2016 года заўчасна пайшоў з жыцця мовазнавец, стваральнік моўнай службы «Белсату» Зьміцер Саўка. А ў пачатку 2021 года ў выдавецтве «Тэхналогія» пабачыла свет ягоная кніга «Іншамоўныя найменні ў беларускім тэксце» – першы беларускі дапаможнік практычнай транскрыпцыі.

Што такое іншамоўныя найменні? І з чым іх ядуць

Знаёмячыся з чалавекам, мы пытаем ягонае імя. Звяртаючыся да калегі, сябра ці суразмоўцы, мы называем яго. Апісваючы падзею, кажам, дзе яна адбылася, – называем мясцовасць. З галоўных складнікаў паведамлення (хто? што? дзе? калі?) два (хто? дзе?) – уласныя імёны (найменні), якія застаюцца нязменныя, на якой бы мове ні адбывалася камунікацыя.

Штодзень мы атрымліваем навіны з розных частак свету і кантынентаў. У паведамленнях гучаць іспанскія імёны, нямецкія гарады, назвы ісландскіх вулканаў і японскіх фірмаў. У адрозненне ад іншых словаў, гэтыя назвы, як правіла, не перакладаюцца, а адаптуюцца, або асвойваюцца. Усё гэта іншамоўныя найменні (яны прыйшлі да нас з іншай мовы). Такія словы гучаць аднолькава на любой мове.

Саўка Зьміцер. Іншамоўныя найменні ў беларускім тэксце. Мінск: Тэхналогія, 2021. – 190 с.
Фота: Белсат

Напрыклад, мяне зваць Настасься, і пры знаёмстве з носьбітамі любых моваў я называю сябе толькі гэтак. Я не раблюся Анастэйшай для брытанцаў і Анастазьяй для палякаў. Беларус Яўген не ператвараецца ў Юджына ў ЗША ці Эжэна ў Францыі. Таму і іншамоўныя імёны ды назвы ў беларускім тэксце мусяць гучаць максімальна карэктна. Пры гэтым напісанне ўласных імёнаў практычна не рэгулюецца падручнікамі і слоўнікамі. Кніга Зьмітра Саўкі і дапаможа правільна запісаць і вымавіць іншамоўныя найменні.

Што ёсць у кнізе?

Кніга змяшчае тры дзясяткі зручных і простых у выкарыстанні табліцаў для адаптацыі іншамоўных імёнаў з самых розных моваў: англійская, нямецкая, іспанская, кітайская, нідэрландская, венгерская, в’етнамская ды інш. Табліцы ўгрунтаваныя на правілах практычнай транскрыпцыі. Нягледзячы на «страшныя» лінгвістычныя тэрміны разабрацца з табліцамі і самастойна асвоіць небеларускую назву або імя – цалкам па сілах нават школьніку, шырокіх філалагічных ведаў для гэтага не трэба.

Пры транскрыбаванні словы перадаюцца з прыблізным захаваннем арыгінальнага гукавога аблічча і з улікам правілаў беларускага правапісу. Гэта і ёсць практычная транскрыпцыя.

Навошта карыстацца даведнікам Саўкі?

Бо «Саўка разабраўся», як кажа выдавецтва «Тэхналогія». Спадар Зьміцер блізу дзесяці гадоў даследаваў пытанне і напісаў дысертацыю «Фанематычна-графічная адаптацыя пазычанняў у беларускай мове».

Вядома, ёсць вялікая спакуса скарыстацца гатовай расейскай адаптацыяй, замяніўшы и на і. Але такім чынам мы не ўлічваем магчымасцяў беларукай фанетыкі, а нярэдка гукі беларускай мовы могуць лепш перадаць гучанне замежнага імя. У расейскай і беларускай моваў працуюць розныя фанетычныя законы і, адпаведна, розныя развязанні для адной і той задачы. Напрыклад, у расейцаў няма гуку ў, які амаль ідэальна пасуе для перадачы англійскага w: партал Wikileaks – «Ўікілікс», у той час як у расейскамоўным сегменце інтэрнэту бачым «Викиликс» (дарэчы, у балгараў – «Уикилийкс», у казахаў – «Уикиликс»). Японская газета «Mainichi Shimbun» – «Майніці Сімбун». Калі ж браць назву з расейскай крыніцы, то вялікая імавернасць, што мы пераробім «Майнити симбун» у «Майніты Сімбун», аддаліўшы адаптацыю ад арыгінальнага вымаўлення.

Урывак з інструкцыі для японскай мовы.
Фота: Белсат

Калі не ведаць або ігнараваць асаблівасці гучання ўласнага імя ў мове-крыніцы, то перанос яго на беларускую моўную глебу можа не палегчыць, а ўскладніць ідэнтыфікацыю асобы/мясцовасці/назвы. Таму любыя замежныя ўласныя назвы мусяць прыходзіць у беларускую без пасярэдніцтва іншых моваў, бо любое пасярэдніцтва аддаляе выніковую форму ад зыходнай.

«…Садился Дидерот на шаткий свой треножник…»

У рэальным жыцці часта знаёмства з імем ці замежнай назваю адбываецца ў пісьмовым выглядзе. Падавалася б, навошта карыстацца правіламі практычнай транскрыпцыі? Можна лацінічную літару перадаць адпаведнаю кірылічнай, не зважаючы на тое, як вымаўляецца слова, скарыстаўшыся метадам транслітарацыі. Але часам транслітарацыя да непазнавальнасці скажае прозвішча. Гэтак Ньютан (Newton) ператворыцца ў Нэўтана (тут дарэчы будзе прыгадаць Ламаносава, у якога чытаем: «…И быстрых разумом Невтонов…»), а Дыдро (Diderot) – у Дыдэрота (у Пушкіна: «…Садился Дидерот на шаткий свой треножник…»).

Урывак з інструкцыі для англійскай мовы.
Фота: Белсат

На жаль, няўважлівае стаўленне да ўласных назваў множыць кур’ёзныя прыклады і ў наш час. Чытаю навіны пра падзеі ў тайскім горадзе Хуанін. Высвятляецца, што такое кірылічнае аблічча атрымалася пры адаптацыі зыходніку з «Ройтэрзу»: Hua Hin. І вось замест прыморскага гораду Хуа-Хінь паўстаў няісны Хуанін. Гэтак жа праз нядбайнасць у Ізраілі ўзнікае паселішча Ніар Рагат (Near Rahat, дзе Near, вядома ж, не частка ўласнай назвы, а англійскае «каля, побач»). Асабліва недарэчна пры адаптацыі іншамоўных імёнаў карыстацца онлайн-перакладчыкамі. Гэтак, выканаўчы дырэктар «Грынпісу» Kumi Naidoo ператвараецца ў Кумі Знайду

«Добрапіс» на добрае пісанне

Зьміцер Саўка не толькі напісаў даведнік, але і ў супрацы з праграмістам Алесем Булойчыкам заснаваў адмысловы сэрвіс, «Добрапіс», у асобнай закладцы якога сабраныя адаптацыі больш як 40 тысячаў імёнаў, прозвішчаў, назваў мясцовасцяў, спартовых клубаў і перыядычных выданняў, тэлеканалаў і радыёстанцыяў. База стваралася і рэгулярна папаўняецца з прэцэдэнтаў, з якімі сутыкнулася моўная служба тэлеканалу «Белсат» у часе працы над рэальнымі тэкстамі. Каб атрымаць патрэбную адаптацыю, трэба ўвесці ў поле пошуку арыгінал наймення (у лацінічным выглядзе) і націснуць «Enter». Можна шукаць асобныя імёны, а таксама часткі канкрэтнага наймення, літарныя спалучэнні, якія выклікаюць цяжкасці пры адаптацыі.


Кніга Зьмітра Саўкі «Іншамоўныя найменні ў беларускім тэксце» і онлайн-сэрвіс «Добрапіс».
Фота: Белсат

У «Добрапісе» няма непрадуманых і выпадковых напісанняў, гэта сістэмна створаная база, якая дапаможа пры адаптацыі найменняў з самых розных сфераў жыцця. Беларускія асваенні, уключаныя ў яе, заснаваныя на правілах практычнай транскрыпцыі з дзясяткаў моваў, распрацаваных адмыслова для беларускай Зьмітром Саўкам.

І памятайма: калі маем справу з іншамоўнымі найменнямі, персідскія ўзоры мусяць заставацца персідскімі, нямецкія – нямецкімі, а італьянскія – італьянскімі. Няхай не тчэ, забыўшыся, рука цвяток радзімы васілька.

Пра аўтара

Зьміцер Саўка (1965–2016), беларускі лінгвіст, выкладчык, аўтар праграмы «Моўнік» на тэлеканале «Белсат». Адзін з распрацоўнікаў сучаснай версіі «тарашкевіцы» («Беларускі клясычны правапіс», Менск, 2005).

Аўтар шматлікіх мовазнаўчых публікацыяў, у тым ліку грунтоўных даследаванняў новай рэдакцыі «Правілаў беларускага правапісу і пунктуацыі» – «Вярблюд на трасянцы» (2007), «Правілы левапісу» (2007), «Мазаічная артаграфія» (2008–2009). Мэта гэтых публікацыяў – звярнуць увагу на хібы і давесці заўчаснасць прыняцця Правілаў у якасці афіцыйнага дакументу.

Фота: Белсат

Дасяжны ў інтэрнэце «Расейска-беларускі слоўнік дадатковай лексікі» Зьмітра Саўкі налічвае блізу чатырох з паловаю пазіцыяў рэдкіх лексемаў і выразаў, а таксама праблемных словаўжыванняў – з пазначэннем крыніцаў.

У лінгвістычным спектры Зьмітра – тэма беларускай лацінкі («Кансэрвацыя ці абнаўленьне? Актуальныя праблемы беларускай лацініцы», 2009), у тым ліку праблема раманізацыі: стварэнне нацыянальных сістэмаў перадавання фанетычнага матэрыялу роднае мовы сродкамі лацінскае графікі («Беларускае ў іншамоўным: шляхі стандартызацыі», 2011), а таксама даследаванне вузейшых праблемаў: двухтрывальныя дзеясловы, родны склон адмоўя, аўтамабільная і камп’ютарная тэрміналогія.

Зьміцер Саўка – стваральнік і шматгадовы кіраўнік моўнай службы тэлеканалу «Белсат» (2007–2016), аўтар «Моўнага мануалу» (2008) – практычнага даведніка для працаўнікоў «Белсату». Аўтар шматфункцыйнага онлайнавага сэрвісу «Добрапіс». «Добрапіс» дапамагае пазбавіцца памылак у беларускім тэксце, напісаным афіцыйным і класічным правапісам

Шэраг артыкулаў Саўкі прысвечаны пытанням адаптацыі іншамоўных найменняў (напрыклад, «Бруна, Віка, Карла – ён ці яна? Гендэрны аспект адаптацыі ненаціскнога фінальнага –о», 2011). Рыхтуецца да друку дысертацыя Зьмітра Саўкі «Фанэматычна-графічная адаптацыя пазычаньняў у беларускай мове», не абароненая з прычыны заўчаснай смерці.

Сярод зацікаўленняў Саўкі – даследаванне беларускага замежжа. У суаўтарстве з Вітаўтам Кіпелем склаў бібліяграфію «Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі» (2002, больш за 2200 бібліяграфічных пазіцыяў). У 2019 годзе, пасмяротна, выйшла ягоная кніга «Беларуская цывілізацыя ў Амэрыцы: Пяцьдзясят гадоў Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (1949–1999)».

Настасся Вікулава, belsat.eu

Стужка навінаў