«А давайце проста выведзем яго ў двор і расстраляем». Гісторыя № 3 праекту «Мне яшчэ пашанцавала»


Публікуем гісторыі белсатаўскага праекту, прысвечанага пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў.

Пратэстоўцаў і выпадковых мінакоў затрымліваюць нават падчас рыхтавання гэтага тэксту. Яўген Вялько трапіў за краты напрыканцы верасня. Яму, лічы, пашанцавала трапіцца ў адносна спакойны – у параўнанні з пачаткам жніўня – час. Хлопец-трансгендар пачынае з тлумачэння, чаму ходзіць на жаночыя маршы: «Бо гэта ўсё яшчэ пра мяне, пра беларусаў, якія не могуць глядзець на тое, што адбываецца. Немагчыма глядзець на тое, што адбываецца, на той гвалт, што чыніць гэтая ўлада». Яўгена затрымалі 26 верасня.

Яўген Вялько.
Фота: «Белсат»

Ужо падчас затрымання амапаўцаў развесяліла тое, што ім у рукі трапілася трансгендарная асоба. Пазней, ужо ў РАУС Ленінскага раёну, працягнуліся кпіны: «Ну што нам вось з гэтым рабіць? Давай яго да мужчынаў пасадзім, тады і пабачым, які ён хлопец». Яўген трапіў на Акрэсціна ў камеру да двух прыязна настроеных мужчынаў, якіх таксама затрымалі падчас жаночага маршу. Хлопец падумаў, што не так усё і дрэнна, улічваючы гісторыі пра катаванні, вядомыя тады ўжо кожнаму. Але ўвечары амаль усіх затрыманых у той дзень перавезлі ў Жодзінскі СІЗА. Перавод суправаджаўся бясконцымі жартамі пра пол Яўгена, абяцалі абавязкова закінуць да мужчынаў.

У Жодзіне затрыманых прымусілі раздзявацца. Шмат каго з дзяўчат даглядалі амапаўцы ды наглядчыкі-мужчыны. «У кабінет, дзе я быў, пакінулі адчыненыя дзверы. Усе заглядалі, як у цырку: маўляў, глядзіце, якога чалавека прывезлі. Калі загадалі раздзецца да майткаў, я сказаў, што я трансхлопец і ў мяне ёсць грудзі. У адказ пачуў: «Нам пох*й», – нервова распавядае Яўген. Перад размеркаваннем у камеру да здзекаў далучыліся дзясяткі работнікаў СІЗА: «А што ў цябе ў майтках? Ёсць там што-небудзь? А давай да хлопцаў засунем, там яго навучаць быць хлопцам. А давайце выведзем яго ў двор і расстраляем».

Абмежаваліся пагрозамі ды закінулі ў камеру на шасцярых. Яўгену не выдалі ніякіх рэчаў, і штораніцы ён курчыўся ад холаду. «Пасля гэтага фармальнага суда я быў шчаслівы, што не 15 содняў. Я не ведаю, як бы там вытрываў. Калі моцна захацець – у камеры можна скончыць з жыццём, і я прадумаў, як гэта зрабіць», – прызнаецца Яўген.

Малюнак Яўгена.
Фота: «Белсат»

З Жодзінскага ізалятару Яўгена выпускаў працаўнік з дручком у руках. У пэўны момант прадмет стаў замінаць адчыняць дзверы, але мужчына не адклаў яго ўбок, а даў патрымаць Яўгену. Хлопец трымаў дручок у руках і думаў пра людзей, якіх ім збівалі.

«Мы ўсе наслухаліся пра тое, што было 9–11 жніўня, і гэта жахліва. Таму, калі мы выходзілі і размаўлялі адно з адным, было адчуванне, што гэта яшчэ нармальна. Прынамсі нас не білі ды не згвалцілі», – згадвае размовы ў першыя гадзіны пасля затрымання Яўген. Хлопцу спатрэбілася некалькі содняў і шэраг паведамленняў ад сведак стаўлення да яго сілавікоў, каб зразумець: тое, як з ім абыходзіліся, – не нармальна.

«І потым мне кажуць, што ўмовы, у якіх я быў, тое, як да мяне ставіліся, міжнародныя арганізацыі лічаць катаваннем», – Яўген выказвае шчырую ўдзячнасць тым, хто дапамог яму гэта ўсвядоміць. І зразумець, што людзі не павінны выходзіць з месцаў часовага ўтрымання ды казаць: пашанцавала, што не згвалцілі.

Усе гісторыі праекту «Мне яшчэ пашанцавала» чытайце, глядзіце і слухайце тут.

Стужка навінаў