277-ы дзень пратэстаў. Беларусы збіраюць грошы на аднаўленне касцёлу ў Будславе, судовы канвеер не спыняецца


277 дзён не спыняюцца акцыі пратэсту ў Беларусі. Грамадзяне краіны патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі, пакараць вінаватых у фальсіфікацыях і гвалце. Рэжым не жадае дыялогу і працягвае рэпрэсіі супраць людзей. «Белсат» падводзіць вынікі дня.

Дзеля аднаўлення святыні ў Будславе

Беларусы за адзін дзень перавялі на аднаўленне касцёлу ў Будславе больш за 40 тысячаў рублёў. Падчас пажару, які ўспыхнуў напярэдадні, цалкам згарэў дах святыні, піша TUT.by.

У выніку пажару ў Будслаўскім касцёле над цэнтральным нефам цалкам знішчаны дах. Але прыхажанам і працаўнікам МНС удалося выратаваць іконы, кнігі і іншыя каштоўныя рэчы. Агонь не закрануў арган і алтар.

Касцёл у Будславе пасля пажару.
Фота: natbelographic / Telegram

Каталіцкія біскупы заклікалі вернікаў дапамагчы ў аднаўленні касцёла. Аналагічныя заклікі ў сацсетках распаўсюдзілі і вернікі. У выніку сёння на 14.10, на дабрачынны рахунак каталіцкага таварыства «Карытас» Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі беларусы перавялі крыху больш за 40 787 рублёў, распавяла Вольга Лабуць, намеснік дырэктара дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч лічыць, што адбылася «вельмі вялікая трагедыя» як для беларускага касцёла, так і для краіны, таму што касцёл у Будславе – гісторыка-культурніцкая каштоўнасць, а Будслаўскі фэст унесены UNESCO ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Hавiны
За дзень беларусы сабралі больш за 40 тысячаў рублёў на аднаўленне касцёла ў Будславе
2021.05.12 16:47

На вуліцах Менску зноў з’явіліся дзяўчаты ў белым

Жанчыны ў белай вопратцы сёння прагуляліся каля Камароўскага рынку.

Менавіта на гэтым месцы 9 месяцаў таму пачаліся мірныя жаночыя пратэсты супраць гвалту, які адбыўся пасля прэзідэнцкіх выбараў. Тады жанчыны выйшлі ў белым адзенні і сталі ў ланцуг каля Камароўскага рынку і на плошчы Перамогі з кветкамі ў руках.

Дзяўчыны, якія традыцыйна шпацыруюць з бчб-парасонамі, выйшлі да Камароўскага рынка. Менавіта тут 9 месяцаў таму пачаліся жаночыя пратэсты пасля выбараў у 2020 годзе. Менск. Беларусь. 12 траўня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Суд над Севярынцам і актывістамі «Еўрапейскай Беларусі»

У Магілёўскім абласным судзе 12 траўня распачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Паўла Севярынца і яшчэ шасцярых палітычных вязняў: Ірыны Шчаснай, Максіма Вінярскага, Змітра Казлова, Яўгена Афнагеля, Андрэя Войніча і Паўла Юхневіча – актывістаў «Еўрапейскай Беларусі».

Усіх іх вінавацяць паводле некалькіх частак артыкулу 293 Крымінальнага кодэкса («Масавыя беспарадкі»).

Каля будынку суда затрымалі журналіста Аляксандра Буракова, які супрацоўнічае з «Deutsche Welle». Таксама паведамляюць пра затрыманне журналіста Уладзіміра Лапцэвіча і каардынатара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Алега Аксёнава. Да суда іх пакінулі ў ІЧУ.

Міліцыя патрабуе разысціся людзей, якія прыйшлі падтрымаць палітвязняў.
Фота: MAYDAYhr / Telegram

Ссуд над палітвязнямі адбываецца ў закрытым рэжыме, нават сваякам не дазволілі прысутнічаць на працэсе. Гэта патлумачылі тым, што матэрыялы справы нібыта адносяцца да таямніцы, якую ахоўвае закон.

Адвакаты палітвязняў звязаныя падпіскаю пра неразгалошванне і не могуць распавесці пра сутнасць абвінавачання ды пазіцыю сваіх падабаронных.

Артыкулы
Суд над Севярынцам і актывістамі «Еўрапейскай Беларусі». Што трэба ведаць пра гучную справу
2021.05.12 08:00

Справу Ціханоўскага і Статкевіча разгледзяць у абласным судзе Гомля

Віктар Мацкевіч, адвакат Сяргея Ціханоўскага, паведаміў, што крымінальная справа супраць ягонага падабароннага, а таксама Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча ды іншых падазраваных у справе будуць разглядаць у Гомельскім абласным судзе, перадае Tut.by.

У судзе паведамілі, што, «згодна з пастановай намесніка старшыні Вярхоўнага Суда Беларусі 4 траўня 2021 года, крымінальная справа супраць Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча ды іншых накіраваная ў Гомельскі абласны суд для разгляду па першай інстанцыі».

Блогер Сяргей Ціханоўскі, Страна для жизни

Дату першага пасяджэння прызначыць Гомельскі абласны суд.

У Горадні ліквідуюць «Цэнтр гарадскога жыцця»

Абласны эканамічны суд Горадні прыняў рашэнне аб ліквідацыі «Цэнтр гарадскога жыцця». Суддзя Юлія Баклажэц задаволіла позву пракурора Уладзіміра Клішына аб ліквідацыі культурна-асветніцкай установы «Цэнтр гарадскога жыцця».

«Беларускае заканадаўства вельмі дакладна вызначае тэрмін нацызм, і ні Пушкін, ні Мажэйка блізка не стаялі каля гэтых тэрмінаў. Быў загад знішчыць незалежную непадкантрольную пляцоўку, што і было выканана. Таксама прычына – бчб-фон на карціне Пушкіна», – кажа Павел Мажэйка, стваральнік пляцоўкі.

Павел Мажэйка стваральнік «Цэнтра гарадскога жыцця» пасля суда.
Фота: Белсат

Журналістку Кацярыну Барысевіч перавялі ў СІЗА Магілёва

Журналістку Кацярыну Барысевіч перавялі з Жодзінскага СІЗА ў Магілёў, паведамляе партал Tut.by. Гэта зрабілі за тыдзень да таго, як канчаецца ейны тэрмін утрымання пад вартаю, 19 траўня.

Верагодна, Кацярына выйдзе на волю з калоніі ў Гомлі, куды накіроўваюць упершыню асуджаных жанчын. Пакуль жа яна часова застаецца ў СІЗА Магілёва.

Журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч
Hавiны
Зняволеную журналістку Кацярыну Барысевіч за тыдзень да канца тэрміну перавялі ў СІЗА Магілёва
2021.05.12 13:23

«Intex-press» не выйшла ў друкаванай версіі

Баранавіцкая газета «Intex-press» не выйшла ў друкаванай версіі ўпершыню за 26-гадовую гісторыю існавання. А ўсё праз тое, што выдавецтва «Беларускі дом друку» паведаміла пра скасаванне дамовы на друк штотыднёвіку.

У непрацоўны і выходны дзень 9 траўня рэдакцыя атрымала электронны ліст ад Беларускага дому друку, у якім апавясціла, што «ў аднабаковым парадку» скасоўвае дамову на аказанне сваіх паслуг.

Прычыны адмовы кіраўніцтва друкарні не пазначыла. У канцы афіцыйнага ліста было напісана: «Просім прабачэння і спадзяёмся на паразуменне».

Галоўны рэдактар Intex-press Уладзімір Янукевіч.
Фота: Intex-press

Галоўны рэдактар газеты Уладзімір Янукевіч звярнуўся да чытачоў і выказаўся наконт забароны друкавання газеты, адзначыўшы, што гэта было зроблена «па-садысцку дасканала»:

«Што да прычынаў такога ціску на нас, то няма тут нічога, што трэба было б разжоўваць або ў чымсьці капацца. Усё настолькі цынічна, пахабна і адначасова зразумела: гэта сістэмнае рашэнне пра зачыстку непадкантрольнага СМІ, якое рызыкуе адстойваць права людзей на свабоду меркаванняў, свабоду іх выказвання і распаўсюду».

Цяпер газета будуць выдаваць у электронным варыянце, пакуль не знойдзецца новая друкарня. Выпускі газеты можна будзе спампаваць на сайце intex-press.by.

Hавiны
Упершыню за 26 гадоў газета «Intex-press» не выйшла ў друкаванай версіі
2021.05.12 10:48

Судовы канвеер

У Берасці за ўдзел у «масавых беспарадках» судзяць 13 асобаў, 11 з якіх праваабаронцы прызналі палітзняволенымі. Двое з фігурантаў справы не маюць яшчэ 18 гадоў.

Затрыманых абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 293 КК («Масавыя беспарадкі»). 20-гадовы Данііл Бандарук яшчэ абвінавачваецца ў хуліганстве: паводле пракуратуры, 9 жніўня летась ён ударыў рукой па грузавым аўтамабілі МАЗ і разбіў бакавое люстэрка.

Пракурор запатрабаваў абвінавачаным да пяці гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Hавiны
У Берасці пракурор запатрабаваў 5 гадоў калоніі фігурантам «справы аб масавых беспарадках»
2021.05.12 17:32

Віцяблянка Ангеліна Туравец атрымала 20 содняў адміністратыўнага арышту за маску на парадзе ў гонар Дня Перамогі.

Дзяўчыну затрымалі ранкам 9 траўня, яна адседзела 72 гадзіны ў ІЧУ да суда.

Паседжанне адбылося ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску, на якім суддзя Алена Цыганкова палічыла, што Ангеліна правяла адзіночны пікет, і прызначыла 20 содняў адміністратыўнага арышту. Разам з дзяўчынаю затрымалі і хлопца, але яго адпусці, бо той не меў маскі.

З рашэннем суда дзяўчына не згадзілася і збіраецца яго абскарджваць.

Ангеліна Туравец.
Фота: Белсат

65-гадовы пенсіянер Адам Шпакоўскі правядзе за кратамі амаль месяц. На мужчыну склалі яшчэ адзін пратакол паводле арт. 19.10 КаАП («Прапаганда ці публічная дэманстрацыя, выраб, распаўсюд нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі») і прысудзілі яму яшчэ 12 содняў арышту. Раней пенсіянера асудзілі на 15 дзён арышту.

Адам Шпакоўскі. Скрыншот з відэа YouTube/МВД Беларусі

Адама Шпакоўскага затрымалі 21 красавіка. Міліцыянты заявілі, што 65-гадовы пенсіянер адмініструе раённы чат Уручча. Падставаю для ператрусаў і затрымання стала нібыта тое, што на пенсіянера паскардзіліся суседзі, бо «ён дастаў усіх сваёй беларускай мовай». У МУС заявілі, што ў кватэры мужчыны нібыта знайшлі 65 тысяч еўраў і 87 тысяч долараў. Сілавікі распачалі правяранне ў справе датычнасці менчука да фінансавання пратэстаў, бо пенсія Адама Шпакоўскага не перавышае 280 рублёў.

Інтэрв’ю
Запалохваюць, судзяць, звальняюць… Гісторыі медсясцёр, якім у Беларусі не лягчэй, чым лекарам
2021.05.12 08:30

СК belsat.eu

Стужка навінаў