Трасуць эколагаў Нарачанскага краю нібыта за справу Аўтуховіча. Але актывісты лічаць гэта надуманаю нагодаю


Нарачанска-Вілейскі край славіцца сваёй прыродай. Тут месцяцца два заказнікі ды нацыянальны парк, назву якому дало самае вялікае беларускае возера – Нарач. Вабяць гэтыя мясціны турыстаў. Сярод мясцовых – шмат тых, каму не абыякавы лёс свайго краю. З пачаткам будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы, які тэрытарыяльна мяжуе з Мядзельскім раёнам, актывісты і эколагі трапілі пад асаблівую ўвагу спецслужбаў. Аднак яшчэ ніколі ў дачыненні іх не было такога пераследу, як у паслявыбарчы час.

Экалагічныя актывісты зазнаюць рэзкае ўзмацненне ціску на іх з боку сілавікоў. Яны лічаць гэта пераследам экалагічнага трэцяга сектару.

Падставай для ператрусу стаў падпал аўтамабіляў у Горадні

Ігар Пастухоў – жыхар Лынтупаўшчыны. Раней займаў пасаду дырэктара заказніку Сарачанскія азёры. Добра ведае мясцовую прыроду, сябе называе экалагічным актывістам. Ладзіць для дзяцей і ўсіх ахвотных вандроўкі, знаёміць з лакальнымі цікавінкамі і наваколлем.

Ігар Пастухоў.
Фота: асабісты архіў

Ігар трапіў у шэраг мясцовых, да каго праявілі інтарэс гарадзенскія следчыя. Прыехалі да яго ў глухую вёску на мяжы з Літвой у канцы студзеня.

«Раніцою, а 10-й гадзіне, прыйшлі чатыры чалавекі. Яны прадставіліся працаўнікамі Гарадзенскага камітэту дзяржаўнай бяспекі. На руках мелі пастанову на правядзенне вобшуку», – распавядае актывіст.

Паводле Ігара, падставаю для ператрусу быў падпал аўтамабіляў у Горадні ўвосень 2020 года, што які прыпісваюць групе Аўтуховіча.

Ігар запрасіў «гасцей» у дом, каб не мерзнуць на двары. Па справе падпалу транспартных сродкаў актывісту паказалі фотаздымкі нейкай асобы, папрасілі апазнаць. Але Ігару чалавек быў не знаёмы.

Затым прыступілі да працэдуры ператрусу. Напачатку ў Ігара спыталі пра наяўнасць забароненых рэчаў. Але, як прызнаецца актывіст, цяпер пад забароненае можа трапіць усё што заўгодна, тая ж каністра з бензінам, якая стаіць у гаражы. Гэта ён падкрэсліў і сваім «гасцям». Таксама сказаў, што вырабляе нажы ды сякеры, спалучаючы старыя, непатрэбныя рэчы і прыродныя матэрыялы – цяпер гэта модная экалагічная плынь «ZeroWaste».

Ігар Пастухоў вырабляе нажы ды сякеры, спалучаючы старыя, непатрэбныя рэчы і прыродныя матэрыялы.
Фота: асабісты архіў

Ігару запрапанавалі самому выбраць панятых, якія будуць прысутнічаць пры ператрусе. «Я паклікаў двух аднавяскоўцаў. Вобшук праводзіўся карэктна, працаўнікі камітэту былі ветлівымі. У гэтым плане ў мяне няма ніякіх прэтэнзіяў. Нічога не пераварочвалі і на падлогу не кідалі», – падкрэслівае Ігар.

У актывіста вынялі 28 адзінак тых самых вырабаў, склаўшы на іх кароткае апісанне з замерамі даўжыні ды характарыстыкамі.

«Нажы забралі на экспертызу. Як і каваную цяслярскую сякеру. Ды я іх не хаваў, усе яны апублікаваныя ў мяне на старонцы ў сацыяльных сетках. Пры ўсім яны сказалі, што відавочна – гэта не халодная зброя, але судовым экспертам мусяць паказаць, – кажа Ігар. – Праглядалі і тэхніку. Тэлефон у мяне кнопачны, яго забіраць не сталі».

Ігар Пастухоў вырабляе нажы ды сякеры, спалучаючы старыя, непатрэбныя рэчы і прыродныя матэрыялы.
Фота: асабісты архіў

Пры размове з актывістам не складалі пратаколаў, што здзівіла нашага суразмоўцу, бо гаворка нібыта вялася ж пра тэрарыстычны акт.

«Прыезд іх, пэўна, быў не столькі па справе падпалаў, колькі скіраваны на актывістаў»

Ігар Пастухоў – не адзіны мясцовы, да каго прыходзілі прадстаўнікі следчых органаў ды міліцыі. Вобшукі праводзілі ў экалагічных актывістаў, краязнаўцаў, уладальнікаў аграсядзібаў: у некаторых вымалі тэхніку, з іншымі проста гутарылі.

«Прыехалі пяць маладых хлапцоў, дакументаў ніякіх не паказвалі, толькі сказалі, што з КДБ. Як пасля высветліў паміж людзей, гэта былі з Віцебску ды мясцовыя пастаўскія працаўнікі. Выказаў я ім усё што думаю. Дык яны пачалі апраўдвацца, што не амапаўцы, палітычным вышукам не займаюцца», – распавядае краязнаўца Алесь Гарбуль, да якога прыехалі ў Лынтупы ў 20-х днях снежня.

Спадара Алеся таксама прасілі апазнаць чалавека на здымку, быццам бы той мае дачыненне да нанясення шкоды маёмасці сілавікоў. Аднак асоба была для краязнаўцы незнаёмай, хоць прадстаўнікі камітэту нібыта маюць звесткі, што той перадаваў Алесю Гарбулю падзяку за дапамогу. У чым менавіта, адказаць не маглі.

Краязнаўца Алесь Гарбуль.
Фота: Белсат

«Намагаліся злавіць мяне на слове. Але я сапраўды не знаю гэтага чалавека. Ды тады ў мяне стан быў такі, маці памірала, яны прыйшлі напярэдадні яе смерці. Папрасілі паказаць мой тэлефон, а ў мяне просценькі кнопачны, толькі кантакты прагледзелі. Сам распароліў ім камп’ютар, бо я шмат пішу, не хацелася, каб яны яго забіралі, не вяртацца ж мне да сшыткаў. Дык вось у камп’ютары доўга калупаліся.

Увесь час, што былі ў мяне, я ім лекцыі чытаў наконт чалавечнасці. Відавочна, так надакучыў, што збягалі ад мяне. Але прыезд іх, пэўна, быў не столькі па справе падпалаў, колькі скіраваны на актывістаў», – мяркуе Алесь Гарбуль.

Ігар Пастухоў прытрымліваецца таго ж меркавання: органы вышуку і следства маюць загад аб пэўных людзях, а справа аб нанясенні шкоды маёмасці па падпалах у Горадні – выключна афіцыйная падстава, каб прыйсці.

«У мяне цікавіліся маёй пазіцыяй наконт сённяшняй сітуацыі ў краіне: маўляў, вы супраць? Так, я не ўтойваю, што супраць. Распытвалі пра экалагічную дзейнасць і сувязь з антыядзерным рухам, пра мясцовых, што выступаюць супраць БелАЭС», – зазначае наш суразмоўца.

У час, калі ладзіліся абмеркаванні будаўніцтва атамнай станцыі пад Астраўцом, Ігар Пастухоў быў дырэктарам заказніку Сарачанскія азёры і рыхтаваў экалагічнае абгрунтаванне ў межах незалежнай экспертызы аб уплыве на прыроду заказніку.

«Яны запытвалі: «Адкуль вы ўзялі дакументацыю па БелАЭС?» Ды гэта ўсё было даступна, тры тысячы старонак ляжалі тады ў Астраўцы, у скарочаным варыянце – у інтэрнэце. Мы метадычна ўсё вывучалі. А вывад? Вывад па майму блоку, што будзе хана заказніку з улікам антрапагеннай нагрузкі», – зазначае Ігар.

На гэты конт актывіст звяртаўся ў Савет Міністраў, вось толькі адказу адтуль не атрымаў. Неаднаразова падымаў праблему адмоўнага ўздзеяння станцыі на наваколле азёрнага краю ў сродках масавай інфармацыі, у тым ліку замежных.

«Зараз могуць што заўгодна прыкруціць»

Цяпер Ігар занепакоены, бо нягледзячы на тое, што нажы, якія вынялі ў ходзе вобшуку, – сувенірныя, мастацкія вырабы ручной работы, аздобленыя стразамі, бісерам і роспісамі, каб гэта ўсё ж не стала падставаю прыцягнуць яго да адказнасці:

«Зараз могуць усё што заўгодна прыкруціць, могуць так падагнаць, што ў мяне тут ледзь не групоўка напагатове. У нас жа вагнераўцы па лясах дагэтуль бегаюць…» – кажа ён.

Пра сапраўдныя матывы правярання актывіст можа толькі здагадвацца.

«Нават калі сабе ўявіць, што тыя асобы, якіх вышукваюць у рамках справы аб пашкоджанні маёмасці сілавых структур, аселі дзесьці тут на аграсядзібе за 300 кіламетраў, чаму прыязджаюць выключна да экалагічных актывістаў? Чаму не ладзяцца вобшукі па ўсіх сядзібных дамах? У нас жа тут сарафаннае радыё, людзі пра ўсё ведаюць. Дык ці не хочуць такім чынам запужаць, каб пасля не браліся вырашаць экалагічных праблемаў?»

З нагоды павелічэння ціску на эколагаў Нарачанска-Вілейскага краю, правядзення ператрусаў у іх Беларуская партыя «Зялёныя», грамадскае аб’яднанне «Экадом» і Беларуская антыядравая кампанія выпусцілі заяву, у якой асуджаюць дзеянні ўладаў. Актывісты ўпэўненыя, што такія крокі могуць прывесці да спынення ўзаемадзеяння грамадства з дзяржаўнымі інстытутамі ў экалагічных пытаннях. Ды заклікаюць неадкладна спыніць пераслед актывістаў.

«Мы падтрымліваем рэзалюцыю Еўрапарламенту па Беларускай АЭС, якая выказвае салідарнасць з грамадзянамі Беларусі, заклапочанасць ціскам на экалагічных актывістаў і экспертную супольнасць і заклікае Беларусь забяспечыць адпаведнасць міжнародным стандартам, у тым ліку ў дачыненні ўдзелу грамадскасці. Рэпрэсіі павінны быць спыненыя, а законнасць адноўленая!» – зазначаецца ў заяве.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»

Стужка навінаў