«Кожны хацеў ударыць – атрымлівалі ад гэтага асалоду». Гісторыя № 21 праекту «Мне яшчэ пашанцавала»


Публікуем гісторыі белсатаўскага праекту, прысвечанага пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў.

Уладзімір Усцінаў.
Фота: Белсат

Мянчук Уладзімір Усцінаў пачаў актыўна выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю яшчэ ў 2006 годзе. Сёлета ў жніўні ён быў на вуліцах сталіцы, каб дапамагчы медыкам-валанцёрам развезці медыкаменты. Аўтамабіль Уладзіміра, у якім былі яшчэ два валанцёры, спынілі амапаўцы, усіх выцягнулі ды пачалі збіваць.

Усіх траіх закінулі ў бус, і пасля некалькіх прыпынкаў і перасадак Уладзімір з валанцёрамі трапілі ў аўтобус. Падлогі ўжо не было відаць – спрэс пакрытая людзьмі. Як толькі адчыніліся дзверы ў аўтобус, мужчына зразумеў: «Пачалося».

З крыкамі: «Сволачы, на калені!» іх білі па нагах. Забралі рэчы ды забаранілі варушыцца і падымаць галаву. Інакш – удар дубінкай.

На Акрэсціна выходзілі з аўтобуса праз жывы калідор з двух дзясяткаў сілавікоў. Пасля тры гадзіны стаяння на каленях ва ўнутраным дворыку – зноў мусілі бегчы праз калідор сілавікоў у будынак ізалятару, а там чакалі содні ў прагулачным дворыку разам са 129 іншымі вязнямі. Праз содні Уладзіміра кінулі ў камеру на пяць асобаў, куды ўвапхнулі 65 чалавек. Пазней мужчына трапіў у 7-мясцовую камеру, дзе было «ўсяго» 30 асобаў.

У новай камеры вокны выходзілі ва ўнутраны дворык. Уладзімір чуў і бачыў, што там адбывалася. Несціханыя крыкі, а каля сцяны ўвесь час стаялі людзі. Адной ноччу Уладзімір заўважыў дваіх, што ляжалі пад ліхтаром, і адзін з іх заставаўся абсалютна нерухомы.

Самае страшнае было, калі Уладзімір пачуў голас, падобны да голасу ўласнага сына. Мужчына ведаў, што сын таксама выходзіў на вуліцу і мог быць затрыманы.

З болем і жахам Уладзімір згадвае момант, калі пачуў гукі збіцця хлопца і крыкі, якія здаваліся сынавымі.

Людзі ў камеры маглі размаўляць, есці ды спаць пад крыкі збіваных на вуліцы. Вязняў звонку катавалі, а ў камерах жыццё працягвалася.

Малюнак Уладзіміра Усцінава.
Фота: Белсат

Праз неразбярыху Уладзіміра судзілі двойчы суды розных раёнаў, з двума рознымі месцамі затрымання ў пратаколах. Адзін суд арыштаваў яго на 15 содняў, а другі на 5. У аднаго з суддзяў мужчына заўважыў на руцэ белы бранзалет.

Перад вызваленнем у камеру да Уладзіміра заходзіў Аляксандр Барсукоў, на той момант намеснік міністра ўнутраных справаў. Большасць сукамернікаў прынялі яго, нібыта нейкага ратавальніка, які іх вызваліць. Нават зладзілі авацыю.

Усе гісторыі праекту «Мне яшчэ пашанцавала» чытайце, глядзіце і слухайце тут.

Стужка навінаў