«Улады ставяць задачу закатаць усіх у асфальт». Што кажуць пра масавыя ператрусы ў журналістаў і праваабаронцаў


Сёння сілавікі праводзяць ператрусы ў праваабаронцаў і незалежных журналістаў. Лік людзей, якія трапілі пад гэтую хвалю, ужо ідзе на дзясяткі. Мы сабралі каментары вядомых людзей і экспертаў наконт новага этапу рэпрэсіяў.

«Гэта акцыя застрашвання журналістаў і праваабаронцаў»

Валянцін Стэфановіч, намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна»:

Валянцін Стэфановіч, фота «Белсат»

«Гэта логіка рэпрэсіяў: спачатку прыйсці да палітыкаў, актывістаў, а потым да журналістаў і праваабаронцаў. Так было і пасля [прэзідэнцкіх выбараў] 2010 года. Тое, што цяпер адбываецца, – гэта менавіта акцыя застрашвання журналістаў і праваабаронцаў.

Адзінае, што можна сказаць: мы ўсе выконваем свае праваабарончыя функцыі. Людзей на вуліцу выводзілі не мы, а ўсім вядомы дзеяч, які сінімі пальцамі трымаецца за ўладу. Людзі выходзілі на вуліцу не таму, што іх на гэта арганізоўвалі праваабаронцы ці журналісты. Мы толькі працуем з наступствамі таго, што ў краіне адбываецца, а ўсю адказнасць за тое, што адбываецца, натуральна, нясуць улады.

Мы пра гэта казалі і адразу пасля жніўня, і працягваем сцвярджаць гэта цяпер, таму што мы бачым узмацненне рэпрэсіяў. Цяпер гэтыя рэпрэсіі перакінуліся на праваабарончыя арганізацыі і журналістаў».

Крыніца: «Вясна».

«Да кожнага прыйдуць»

Валер Карбалевіч, палітычны эксперт:

Валер Карбалевіч, фота baj.by

«Працэс рэпрэсіяў раскручваецца, і ён будзе раскручвацца далей, у мяне наконт гэтага няма ніякіх сумневаў. Улады ставяць задачу закатаць усіх у асфальт, выдратаваць усю палітычную прастору. Я і раней прадказваў, і працягваю прагназаваць, што палітычны рэжым у Беларусі будзе значна больш цвёрдым, чым быў дагэтуль. Таму што ранейшымі метадамі, якія ўжываліся да пачатку выбарчай кампаніі, улада ўтрымаць сама сябе не можа.

Ідзе планамерная зачыстка, у гэтым ніхто не павінен сумнявацца. Калі нехта думаў, што, «можа, абыдзецца, мяне міне чара гэта» – не, нікога не міне, да кожнага прыйдуць, так што да гэтага трэба быць маральна гатовым. Як доўга расцягнецца па часе гэтая зачыстка, усяго толькі пытанне часу – пакуль усіх не закатаюць у асфальт».

Крыніца: «Салідарнасць».

«У небяспецы ўсе беларусы»

Святлана Ціханоўская, былая кандыдатка на прэзідэнцтва:

9 верасня 2020 года. Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Варшаву.
Фота: Юлія Шаблоўская / Белсат

«Яны шукаюць «злачынцаў» сярод тых, хто дапамагае палітвязням і піша пра барацьбу беларусаў за свабоду. Яны шукаюць «злачынцаў» у дамах іхных бацькоў. Але ў пошуку злачынцаў ім варта зазірнуць у офісы АМАПу, ГУБАЗіКУ і ўсіх адказных за рэпрэсіі.

Гэта і ёсць сапраўдны дзяржаўны крызіс, бо дзеля ўтрымання ўлады рэжым рэпрэсуе нават тых, хто абараняе правы людзей. Пакуль гэта адбываецца, у небяспецы ўсе беларусы.

Але беларусы ведаюць, як вырашыць гэты крызіс. Такімі дзеяннямі Лукашэнка сам збірае матэрыялы справы для міжнароднага трыбуналу супраць сябе і сваіх набліжаных. І мы ўжо перадалі інфармацыю ў Еўразвяз і Раду ААН у справе правоў чалавека з патрабаваннем зрабіць захады».

Крыніца: прэс-служба Ціханоўскай.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў