«Нават у хуткай каталіся амапаўцы». Гісторыя № 5 праекту «Мне яшчэ пашанцавала»


Публікуем гісторыі белсатаўскага праекту, прысвечанага пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў.

Мілане 21 год. Раней яна ніколі не цікавілася палітыкаю. Але ўлетку ўсе ейныя сябры казалі толькі пра адно. Пра выбары, пра тое, што гэтым разам нешта мае змяніцца. Цяпер Мілана згадвае тыя размовы са смехам: маўляў, спярша нават спрабавала змяніць тэму размовы, але марна. Прагаласаваўшы ў родным Жодзіне, дзяўчына вярнулася ў Горадню, дзе да нядаўняга часу жыла і працавала.

Мілана.
Фота: «Белсат»

Не кожная нашая гісторыя поўная пасінелых целаў і жудасных крыкаў. З аднаго боку, Мілане, вядома, пашанцавала. Пакуль у Горадні збітыя людзі ўжо не змяшчаліся ў РАУС і ўлады нават адкрылі для затрыманых турму, яна пасля першага свайго затрымання трапіла ў больніцу з нервовым знясіленнем. Як толькі выйшла – адразу ж выправілася на акцыі. У ланцуг салідарнасці, на жаночыя маршы і гэтак далей.

У бусе, па абодва бакі ад Міланы, сядзелі працаўнікі АМАПу. Дзяўчына прыгадвае, што чамусьці была ўпэўненая: жанчын затрымліваць не будуць. Яна пачала задыхацца ад шоку і паспрабавала ўзяць сябра, які сядзеў насупраць, за руку.

«Не рыпайся», – кінуў ёй адзін з сілавікоў.

Яна і сама не можа растлумачыць, адкуль знаходзіла сілы выходзіць на акцыі ледзь не штодня. «Галоўнае было – рабіць перапынкі ды адседжвацца», – згадвае дзяўчына. У нейкі момант Мілана пачала баяцца не толькі аўтазакаў або міліцыянтаў у форме, але нават звычайнага транспарту. Падчас разгону адной з акцыяў яна ўбачыла двух працаўнікоў АМАПу ў аўтамабілі хуткае дапамогі.

Малюнак Міланы.
Фота: «Белсат»

Другую сустрэчу з працаўнікамі праваахоўных органаў дзяўчына перажыла 22 жніўня. Тады Аляксандр Лукашэнка, акрыяўшы ад шоку першага тыдня пратэстаў, змяніў мясцовыя ўлады ў Горадні ды выступіў на плошчы Леніна. Усяго за дзве сотні метраў ад тае трыбуны Мілану вялі за шыю ў бок міліцэйскага аўтамабіля. Ёй пагражалі згвалтаваннем, абяцалі «закінуць у сабачнік», але ўрэшце проста адпусцілі.

Мілана кажа, што да апошняга не збіралася пакідаць Беларусі. Аднак старэйшая сястра і бацькі яе пераканалі. У 21 год яна баіцца грамадскага транспарту ў роднай краіне ды ў агляднай будучыні не збіраецца вяртацца ў Беларусь. Але ёй, як і ўсім нашым героям і гераіням, «яшчэ пашанцавала».

Усе гісторыі праекту «Мне яшчэ пашанцавала» чытайце, глядзіце і слухайце тут.

Стужка навінаў