«Мусім прайсці ўсе прыступкі тут». Дачка забітага сілавікамі Генадзя Шутава мае намер звярнуцца ў міжнародны суд


Дачка забітага сілавікамі Генадзя Шутава Настасся Баранчук не спадзяецца на беларускае правасуддзе, але мае намер прайсці са скаргамі ўсе судовы інстанцыі краіны, каб звярнуцца ў міжнародныя судовыя ўстановы. Дзяўчына распавяла «Белсату», што цяпер чакае паседжанне Вярхоўнага суда, у які яна накіравала абскарджванне прысуду.

25 лютага забітага Генадзя Шутава суд Берасцейскай вобласці прызнаў вінаватым у супраціве сілавікам «без прызначэння пакарання». Сведку забойства Аляксандра Кардзюкова пасадзілі на 10 гадоў у калонію ўзмоцненага рэжыму.

Генадзь Шутаў і Аляксандр Кардзякоў. Фота прадстаўленае рэдакцыі Белсат

Настасся Баранчук, дачка забітага Генадзя Шутава, сама абараняла ў судзе свайго бацьку-нябожчыка. Пасля вынясення прысуду яна абскардзіла прысуд абласнога суда ў Вярхоўным судзе.

Дачка Генадзя Шутава Анастасія супакойвае сястру Аляксандра Кардзюкова Марыну, за імі назіраюць нібы пацярпелыя Гаўрылаў і Галіцын.
Фота: Белсат

«У сваім лісце я пісала, што не дапыталі сведкаў, што ў паказаннях блытаюцца «пацярпелыя». Нават на відэа бачна, што бацька намагаецца сысці ад забойцаў, але ніхто не звяртаў на гэта ўвагі. Таксама звяртала ўвагу, што на трубе, якой нібыта ўдарылі па твары Гаўрылава, няма ніякіх слядоў тканак Гаўрылава. Гэта засведчыла экспертыза. Таксама пісалі пра пісталет, што самаадвольна ён не мог стрэліць. Гаўрылаў сказаў на судзе, што не ўдарыў майго бацьку пісталетам, бо баяўся, што будзе самаадвольны стрэл, таму вымушаны быў страляць. Але гэта няпраўда, паколькі экспертыза даказала, што такога не магло адбыцца. Ды і ўвогуле, суд не звярнуў на гэта ўвагу, але насамрэч, Гаўрылаў вельмі добра валодае зброяй. Таксама суд задаваў пытанне Гаўрылаву, чаму той не выстраліў у нагу, а ў галаву. Але ўцямнага адказу не прагучала. Пакуль жа я атрымала толькі ліст, што магу азнаёміцца з апеляцыяй Аляксандра Кардзюкова і яго адваката. Іншых адказаў няма. Але гэта значыць, што разгляд справы адбудзецца ў Вярхоўным судзе, адмовы пакуль няма», – распавяла «Белсату» Настасся Баранчук.

Hавiны
«Супраць мірных грамадзянаў выкарысталі ўзброеныя сілы». У судзе назвалі вайскоўца, які забіў Генадзя Шутава
2021.02.16 18:51

Дзяўчына кажа, што расчараваная прысудам. Але яшчэ больш яе ўразілі паводзіны спецназаўцаў – Рамана Гаўрылава і Арсенія Галіцына. На судзе стала вядома, што менавіта капітан Раман Гаўрылаў, які быў разам з прапаршчыкам Арсеніем Галіцыным, страляў у Генадзя Шутава і забіў яго. Але ў выніку менавіта сілавікі сталі «пацярпелымі». Прычым на судзе яны і паводзілі сябе такім чынам.

Пацярпелыя Раман Гаўрылаў і Арсень Галіцын. У судзе назвалі вайскоўца, які забіў Генадзя Шутава. Суд над Аляксандрам Кардзюковым. Берасцейскі абласны суд, Берасце. 16 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

«Ён быў пацярпелым… Гэта проста жах. Мне падаецца, што нават сумлення ў іх няма, бо ён паводзіў сябе такім чынам, што нібыта ў яго сям’і загінулы чалавек, а мы ўсе вінаватыя ў гэтым. Не было ў іх выгляду засмучэння, перажывання. Але мне падаецца, што іх проста падрыхтавалі да гэтага, каб яны сябе паводзілі такім чынам. Бо часам яны нават агрызаліся з Аляксандрам, калі быў допыт. Мне таксама спрабавалі адказваць вельмі груба», – кажа Настасся.

Усё гэта, кажа Настасся, з самага пачатку прывяло да таго, што не было спадзяванняў на справядлівы прысуд. Але наагул дзяўчына не спадзяецца на справядлівасць у Беларусі.

«У пэўнай ступені былі гатовыя, што нічога добрага не варта чакаць ад беларускіх судоў. Хацелася б адразу звярнуцца ў міжнародныя судовы ўстановы. Але мы мусім прайсці ўсе прыступкі тут, каб звярнуцца ў міжнародны суд. Таму і рухаемся па парадку. Чакаем другі суд, бо пакуль мы не атрымалі адмовы, ды і каб была адмова, то ўжо б даслалі нам паперы. А так мяне вось выклікалі ў суд, я азнаёмілася з скаргамі» – кажа Настасся.

Меркаванні
Яны хочуць замазаць усіх. Чарга дайшла да арміі
2021.03.16 14:20

Вечарам 11 жніўня мінулага года Генадзь Шутаў і Аляксандр Кардзюкоў разам апынуліся на вуліцы Маскоўскай у Берасці. Недалёка ад гэтага месца пачалі збірацца людзі. Вечар скончыўся трагічна: Генадзь Шутаў быў смяротна паранены і памёр 19 жніўня ў менскім вайсковым шпіталі, а Кардзюкова затрымалі, і з таго часу ён за кратамі. З моманту забойства мінула ўжо некалькі месяцаў, Настасся кажа, што цяпер па-іншаму глядзіць на падзеі. Там больш, што на судзе на самой справе, былі адлюстраваныя падзеі трагічнага вечару.

Генадзь Шутаў на крэсьбінах. Фота прадстаўленае рэдакцыі Белсату

«Я так думаю, што мой бацька проста выпадкова апынуўся не ў той час, не ў тым месцы. Нават з відэа, што праглядалі ў судзе, пачала складвацца агульная карціна гэтай трагедыі. Нават адвакат падчас працэсу адзначаў, што ўсё ідзе на карысць абвінавачанага. І сапраўды, шмат дапушчэнняў, сярод якіх нават артыкул «Замах на забойства», я лічу, што гэта глупства. Вельмі шмат у справе дапушчэнняў, у тым ліку нават прысуд заснаваны на дапушчэннях. Тое, што Гаўрылаў распавядаў, цалкам абвяргаецца дзякуючы відэа з месца забойства. Мы неаднаразова праглядалі відэа, на якім бачна, што бацька з Гаўрылавым сам-насам быў усяго чатыры секунды. За гэты час, як сцвярджае Гаўрылаў, мой бацька накінуўся на яго, схапіў за ногі, спрабаваў зваліць яго на зямлю, потым пачаў спрабаваць забраць у яго пісталет і спрабаваў уцякаць. Але гэта проста немагчыма. І бачна з відэа, што бацька рухаецца не на Гаўрылава, але ад яго. Гэта добра бачна, але яны кажуць зусім іншае. І суд не звяртае ўвагі на гэта», – адзначае Настасся Баранчук.

Hавiны
Суд у справе Шутава: стала вядома, хто загадаў выкарыстоўваць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў
2021.02.17 17:12

Увогуле дзяўчына звярнула асобную ўвагу на суддзяў, якія вялі працэс. Узначальвала паседжанне Святлана Крамянёўская.

«Падчас вынясення прысуду на апошнім паседжанні суддзі паводзілі сябе іначай. На папярэдніх паседжаннях суддзі разглядалі людзей, падымалі вочы, можна было злавіць іх позірк. Гэта былі звычайныя людзі. Але падчас апошняга паседжання было іначай. Суддзі выйшлі з апушчанымі галовамі. Ніхто з трох суддзяў не паглядзеў у залю. А ў суддзі, якая зачытвала прысуд нават голас пачаў дрыжэць. Спачатку выглядала, што суддзі ўсё слухаюць, робяць нейкія высновы. Падавалася, што яны цалкам разумеюць сітуацыю, што няма доказаў, якія агучвае абвінавачванне. На апошняе паседжанне Гаўрылаў з Галіцыным нават не з’явіліся. Тады мы і зразумелі, што нічога добрага не будзе. Я не выключаю, што яны ўжо нават загадзя ведалі, што скажуць суддзі».

Hавiны
Дачка Шутава: Абвінавацілі ні ў чым не вінаватага, ужо мёртвага чалавека. Я не чакала такога прысуду
2021.02.25 14:54

Сяргей Ягораў belsat.eu

Стужка навінаў