Суддзя, якая дала журналісткам «Белсату» 2 гады пазбаўлення волі, – адна з лідарак суворых прысудаў


Пастанову прысудзіць Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай па два гады калоніі суддзя Наталля Бугук вынесла на чацвертым паседжанні. Да разгляду справы паводле абвінавачвання ў арганізацыі масавых беспарадкаў нашых каляжанак Бугук ужо адзначылася прысудамі ў іншых палітычных справах і назапасіла важкае партфоліа за апошнія некалькі месяцаў. Ніводнага апраўдальнага прысуду служка закону не вынесла.

Суддзя Наталля Бугук.
Фота: naviny.by

Наталля Бугук займае не апошняе месца сярод самых «эфектыўных» суддзяў Менску. Паводле праваабаронцаў, з 9 жніўня яна пакарала больш 50 чалавек 610 соднямі арышту і штрафамі на агульную суму больш за 10 000 рублёў (375 базавых велічыняў). У Бугук перадапошні, чацверты, кваліфікацыйны клас суддзі, што ёй прысвоіў Лукашэнка ў траўні 2019-га. У антырэйтынгах суддзяў яна займае не апошняе месца.

Мы паглядзелі, каго яна судзіла апошнім часам.

15 содняў для гіда за экскурсію па Менску

Аксану Манкевіч затрымалі 31 студзеня ў беларускай сталіцы падчас экскурсіі па гістарычным цэнтры. Разам з ёй – і ўдзельнікаў шпацыру горадам. 1 лютага Наталля Бугук праз «Скайп» асудзіла атэставаную экскурсаводку на 15 содняў пазбаўлення волі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Жанчына сябе вінаватай не прызнала.

15 содняў для доктара

1 лютага 15 содняў арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі атрымаў эндаваскулярны хірург 10-й ГКБ Сяргей Броўка. Медыка затрымалі 29 студзеня. Прэс-служба МУС паведамляла, што 31-гадовы мужчына – адміністратар тэлеграм-чатаў Фрунзенскага раёну («Жудро і суседзі») і Менскага раёну («Тарасово»). Ведамства назвала яго арганізатарам раённых маршаў. Міліцыя апублікавала відэа ператрусу ў кватэры доктара: знайшлі нацыянальную сімволіку. Сяргей Броўка распавёў, што пасля выбараў пачаў браць удзел у мітынгах і раённых маршах.

15 содняў для дачкі вядомага эканаміста Вадзіма Іосуба

Наталлю Іосуб затрымалі ў нядзелю 31 студзеня. 1 лютага суддзя Наталля Бугук пакарала дзяўчыну 15-дзённым арыштам. Эканаміст Вадзім Іосуб распавёў «Белсату», што насамрэч ягоная дачка не брала ўдзелу ў акцыях. Разам з сваймі сябрамі яна была ў Палацы мастацтва. І калі маладзёны выйшлі з музею ды пераходзілі дарогу, спыніўся бус, з якога выскачылі невядомыя і схапілі іх.

Содні для музыкаў

Наталля Бугук была адной з трох суддзяў, якая прысудзіла арышт музыкам. 11 лістапада саліст гурта «НагУаль» Леанід Паўлёнак, а таксама Андрусь Такінданг і яшчэ два ўдзельнікі гурта «Рэха» – Ігар Асідчанка і Канстанцін Лісецкі – атрымалі ад яе і ейных каляжанак з цэху – Юліі Блізнюк і Алы Скуратовіч – па 15 содняў.

Музыкаў затрымалі 7 лістапада пасля дваровага канцэрту ў Каменнай Горцы ў Менску. Іх прызналі вінаватымі ў «парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых акцыяў» ды кінулі за краты толькі за тое, што яны гралі для людзей. Андрэй Такінданг распавядаў, што ў турме іх зневажалі і абражалі.

3 гады хіміі для інжынера-праграміста

Сцяпана Чыкілёва, якога 15 лістапада збіў мікрааўтобус з АМАПам, прызналі вінаватым у зацятым хуліганстве. Праграміста вінавацілі ў тым, што ён нібыта пашкодзіў аўтамабіль сілавікоў, «кідаючы камяні». Відэа затрымання паказвае, што бус збіў 34-гадовага IT-адмыслоўца, а потым з аўта выскачылі людзі ў чорным і зацягнулі туды мужчыну. Пры гэтым сілавікі жорстка збілі Сцяпана, ён трапіў у шпіталь.

Сцяпан Чыкілёў.
Фота: TUT.by

«Накінулі мне куртку на галаву, каб нічога не бачыў. Зацягнулі ў аўтобус. Працаўнік націснуў каленам на грудзі так, што цяжка было дыхаць. Потым наносілі ўдары па заднім баку шыі, тыкалі шокерам у спіну. Гэта было без прычыны – у той момант я стаяў на каленях», – распавёў Сцяпан у судзе.

Наталля Бугук не стала слухаць ягоных паказанняў і прызнала Сцяпана Чыкілёва вінаватым, прысудзіўшы 3 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў