Віцэ-дырэктар «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі пра вырак Кацярыне Андрэевай і Дар'і Чульцовай: Чорны дзень у гісторыі беларускай журналістыкі


Віцэ-дырэктар «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі пракаментаваў вырак для журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, якіх суддзя Наталля Бугук прысудзіла да двух гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму:

Не што іншае, як чорны дзень у гісторыі беларускай журналістыкі і Беларусі. Даць па два гады турэмнага зняволення, нават не ўмоўна, не хатняй хіміі, – гэта не ўмяшчаецца ў галаве. Беларусь месціцца ў Еўропе, на вуліцы 2021 год, а ў нас садзяць у турму маладых дзеўчын толькі за тое, што яны выконваюць свае прафесійныя абавязкі. Суд нічога не давёў. Ніякіх доказаў сэнсоўных не было. Я спадзяваўся, што гэта рассыпецца і ўсё ж дзеўчын вызваляць.

Па-нармальнаму, калі б выконвалася заканадаўства, калі б стражы парадку звярталі ўвагу на закон, то дзеўчын трэба было вызваліць яшчэ ў першы дзень і выплаціць кампенсацыю за незаконнае ўтрыманне пад вартаю. Цяпер вельмі істотна яшчэ раз паўтарыць імёны людзей, якія спрычыніліся да гэтага цемрашальства, да гэтага злачынства.

Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай агучылі вырак. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму.
Фота: АВ / «Белсат»

Мы заўсёды ў «Белсаце» стараліся пакідаць эмоцыі па-за студыяй, таму што стараемся як мага больш узважана падаваць інфармацыю, незалежна ад нашых унутраных перажыванняў. Але цяпер я б хацеў сказаць: суддзя Наталля Бугук, дзяржаўная абвінаваўца Аліна Касьянчык, а таксама следчыя, якія «расследавалі» гэту справу, – Ігар Кудзеля, Ігар Курыловіч, – гэта на вашых руках, вашымі рукамі рэжым зрабіў гэтае злачынства. Потым не кажыце, што вас змусілі, што ў вас не было выбару, бо выбар застацца сумленным чалавекам заўсёды ёсць. Ці амаль заўсёды, калі ты не ў канцлагеры. Але вы пайшлі на службовае злачынства. Вы не выканалі нават вашых уласных законаў. Вы асудзілі нявінных людзей. Як вы будзеце спаць, забіраць з садка і школы дзяцей, не ведаю.

Мы як «Белсат» натуральна рабілі ўвесь час, што маглі, – на міжнароднай арэне, сярод палітыкаў, дыпламатаў. Мы будзе з узмоцненай сілай працягваць гэта – патрабаваць націснуць на ўлады Беларусі ўсяляк, як толькі магчыма, каб нашых дзеўчын неадкладна вызвалілі. Няма гаворкі пра тое, каб змякчыць пакаранне. Трэба неадкладна вызваляць, таму што гэта татальнае дзікунства.

Мелі рацыю тыя, хоць я не хацеў у гэта верыць, хто казаў, што ўсё гэта адмыслова робіцца паказальна абы-як. Гэты працэс разышоўся на ўвесь свет. Абвінавачванне і суд самі з сябе зрабілі цырк. Можна смяяцца з такой непрафесійнасці. Гэта было зроблена так, каб паказаць усім, не толькі журналістам, але ўсім беларусам, што нават калі вы нічога не зрабілі, не пхнулі міліцыянта, нават коса на яго не паглядзелі, калі няма аніякіх доказаў, мы ўсё адно можам вас пасадзіць, бо мы паны, а вы быдла. Вельмі спадзяюся, што гэта сітуацыя не задушыць незалежных медыяў, бо нашая роля ў гэткай сітуацыі, у гэтым судовым канвееры, у гэтым тэроры вельмі важная.

belsat.eu

Стужка навінаў