Святлана Ціханоўская: Гэта сапраўдны акупацыйны рэжым


Святлана Ціханоўская апублікавала адмысловую заяву ў сувязі з атакай сілавікоў на TUT.by.

«Сёння мы ўсе – сведкі наўмыснага забойства медыя і незалежнага парталу TUT.by. Ён 20 гадоў спраўна паведамляў беларусам сумленныя навіны і быў узорам незалежнай прэсы. Многія асцерагаліся, што так і адбудзецца, але гэта зусім іншае пачуццё, калі глядзіш на паслядоўнае знішчэнне свабоды на ўласныя вочы. Зборышча людзей, якія трымаюць уладу ў Беларусі, – гэта і ёсць сапраўдны акупацыйны рэжым: яны забіваюць СМІ, забіваюць партыі і суполкі, забіваюць нас – на вуліцах і ў турмах», – падкрэслівае яна.

Ціханоўская кажа, што ейная каманда трымае сувязь з кіраўніком Еўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен (Ursula von der Leyen).

«Мы патрабуем неадкладнай рэакцыі ЕЗ, тэрміновага запуску праграмы падтрымкі незалежных СМІ, абароны журналістаў і дапамогі для працягу працы, насуперак рэпрэсіям. Мы настойваем, што трэба ўвесці санкцыі ў дачыненні ўсіх адказных за рэпрэсіі на адрас рэдакцыяў, журналістаў і блогераў», – дадала яна.

Нагадаем, у офісы TUT.by і hoster.by, а таксама ў кватэры да рэдактараў і журналістаў выдання сёння раніцай прыйшлі сілавікі. КДК паведаміў, што распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 243 КК («Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»). Дамен парталу заблакаваны.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў