Прысудзілі 1,5 года «хатняй хіміі» і Br 1500 за слова «жывёліна» пад фота ўчастковага

Віталь Талсцяк у зале суда. Фота: spring96.org

Суд Бярозаўскага раёну Берасцейскай вобласці 19 лютага прызнаў вінаватым Віталя Талсцяка ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, то бок у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 369 КК, паведамляе «Вясна».

Суддзя Людміла Рудзіна прызначыла яму пакаранне 1 год 6 месяцаў без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Акрамя таго, Віталь мусіць выплаціць пацярпеламу працаўніку Баранавіцкага РАУС Сяргею Каўшу кампенсацыю за маральную шкоду 1500 рублёў, у даход дзяржавы – мыта 87 рублёў і мабільны тэлефон.

Віталь Талсцяк 27 жніўня напісаў каментар пад здымкам участковага інспектара Сяргея Каўша, размешчанага ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники». У прыватнасці, абвінавачаны, прачытаўшы, што міліцыянт браў удзел у разгонах мірных дэманстрантаў падчас паслявыбарчых пратэстаў і ўжываў да іх гвалт, не стрымаў эмоцыяў і пакінуў каментар: «Ты, капітан, – жывёліна».

МГМ, belsat.eu

Hавiны