«Падручнік, што паказвае стаўленне беларусаў да вайны на Данбасе». У Менску прэзентавалі кнігу Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша


Супольная кніга Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша «Беларускі Данбас», выдадзеная ва Украіне мінулым летам, упершыню прэзентаваная ў Беларусі. Літаральна некалькі асобнікаў, бо наклад рызыкуе быць арыштаваным на мяжы, і без суаўтаркі, якая цяпер знаходзіцца ў зняволенні, – імпрэза адбылася ў амбасадзе Украіны ў Менску 19 лютага і прымеркавалася да сёмай гадавіны Рэвалюцыі годнасці.

Праца над кнігай у Кацярыны і Ігара заняла некалькі гадоў. Яна паказвае людзей, што ваявалі на Данбасе як з аднаго, так і другога боку, а таксама раскрывае шэраг спадарожных пытанняў, якімі тэма абрасла за гады працы над ёй. Гэта, напрыклад, асабістае стаўленне беларускіх спецслужбоўцаў да ўдзельнікаў канфікту, нелегальны гандаль беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку дзяржаўных, з фірмамі, што паводле СБУ фінансуюць тэрарызм ва Украіне, лёс беларусаў, што ваявалі ў групе Вагнэра, ды іншыя.

Ігар Ільяш прэзентуе кнігу «Беларускі Данбас». 19 лютага 2021 г.
Фота: ДЯ / Белсат

Хоць «Беларускі Данбас» быў выдадзены паўгады таму, на прэзентацыі Ігар Ільяш упершыню ўзяў у рукі друкаваны асобнік кнігі. «Яна аказалася дэ-факта пад забаронай у Беларусі, бо ў кнізе праўда. Вакол Еўрамайдана і расейскай інтэрвенцыі ва Украіну наша ўлада выбудавала шэраг пераканаўчых міфаў, галоўны з якіх заключаецца ў тым, што Беларусь заняла ў гэтых падзеях роўнааддалены нейтралітэт як у адносінах да Расеі, так і ў адносінах да Украіны. Насамрэч усё было не так, імідж донара стабільнасці быў толькі прапагандысцкай мішурой, і для нас было важна развеяць міфы ды выкрыць хлусню пра ролю Беларусі і беларусаў у канфлікце на Данбасе».

Паводле Ігара, для іх з Кацяй рэвалюцыя ва Украіне стала важнай тэмай не толькі ў працы, але і жыцці: яна стала адным са складнікаў, чаму Кацярына Андрэева выбрала сваю прафесію і захацела быць «летапісцам гістарычных падзей нашага рэгіёну». «Яна шкадавала, што не працавала на Еўрамайдане, але мы казалі ёй, што ў яе кар’еры ўсё яшчэ наперадзе. Як аказалася, мы мелі рацыю. На судзе Каця сказала, што апошнія паўгады яе праца пераўтварылася ў працу карэспандэнта ў гарачай кропцы».

Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім трымае кнігу «Беларускі Данбас». 19 лютага 2021 г.
Фота: ДЯ / Белсат

Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім, па ініцыятыве якога была арганізаваная прэзентацыя, адным з першых прачытаў кнігу і лічыць, што яна прадстаўляе сабой аб’ектыўную карціну ўдзелу беларусаў у вайне на Данбасе.

«Гэтая кніга дасталася мне амаль выпадкова і я насамрэч ёй захапіўся – тэма ўдзелу беларусаў у вайне на Данбасе з пачатку маёй кадэнцыі ў вашай краіне была адной з самых галоўных. Я чуў абвінавачванні ў тым, што беларусы ваююць на баку Украіны, а ў той жа час нашы службы паведамлялі, што беларусы актыўна выступаюць на баку незаконных узброеных фармаванняў. Цікава было разабрацца, як беларуская ўлада ацэньвае ўдзел і тых, і іншых. Тое, што я ўбачыў у кнізе, знайшло пацверджанне маіх апасенняў, што да тых, хто ваяваў на баку сепаратыстаў, тут ставіліся больш прыхільна. Да таго ж мяне заўсёды хвалявала матывацыя людзей, якія ваююць на абодвух баках, і мяне ўразіла, што матывацыя беларусаў з боку незаконных узброеных фармаванняў стала следствам расейскай прапаганды. У кнізе сканцэнтравана шмат фактаў, якія я нейкім чынам ужо чуў і ведаў, – гэта як падручнік, што паказвае стаўленне беларусаў да вайны на Данбасе».

Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд, ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 году.
Фота: АВ / Белсат

Ігар Кізім выказаў шкадаванне праз адсутнасць Кацярыны Андрэевай: ён спадзяваўся на апраўдальны вырак, дзякуючы чаму журналістка змагла б асабіста прысутнічаць на імпрэзе.

«Вынесены Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай прысуд абсалютна перадузяты, нерэальны і неапраўданы. У мяне яшчэ застаецца надзея на тое, што будзе пачутая апеляцыя, суд вышэйшай інстанцыі адменіць гэтае пакаранне і дзеўчын вызваляць. Я спадзяюся на нейкую разважнасць тых, хто можа прыняць гэтае рашэнне».

Кнігу «Беларускі Данбас» можна спампаваць у электронным выглядзе на сайце выдавецтва «Фоліо».

Hавiны
«Беларускі Данбас»: украінская вайна вачамі беларусаў
2020.06.29 13:34

ІК belsat.eu

Стужка навінаў