У Горадні хочуць ліквідаваць культавы Цэнтр гарадскога жыцця


Пракуратура Горадні разам з Эканамічным судом Гарадзенскай вобласці маюць намер спыніць дзейнасць мясцовай культурна-асветніцкай установы «Цэнтр гарадскога жыцця». З ініцыятывай закрыць папулярны ў горадзе культурны цэнтр выступіў пракурор Уладзімір Клішын. Падрыхтоўчае паседжанне адбылося 20 красавіка ў Эканамічным судзе Гарадзенскай вобласці.

Майстар-клас для айцішнікаў у Цэнтры гарадскога жыцця.
Фота: Белсат

У судзе стваральнік і дырэктар Цэнтру Павал Мажэйка паведаміў, што інфармацыю пра пачатак суда атрымаў літаральна за некалькі гадзінаў перад працэсам, і заявіў хадайніцтва аб пераносе разгляду справы на пазнейшы тэрмін, каб азнаёміцца з прэтэнзіямі пракурора і даць належны адказ.

Хадайніцтва задаволілі і далі час да заўтра. У працэсе бяруць удзел намеснік пракурора Горадні, прадстаўнік аддзелу культуры гораду і прадстаўнік гарвыканкаму.

«З сумам прачытаў пазоўную заяву, складзеную пракурорам гораду Уладзімірам Клішыным. Частка з прэтэнзіямі да Цэнтру амаль даслоўна перапісаная з «Вікіпедыі». Вось такая яна сёння, вяршыня прававой думкі гарадзенскіх пракурораў і ўзровень стасавання права.

Рэжысёр Андрэй Курэйчык у Цэнтры гарадскога жыцця.
Фота: Белсат

Справу ліквідацыі Цэнтру гарадскога жыцця лічу палітычнай замовай. Бяздумна нішчыцца тое, чым нармальная ўлада магла б ганарыцца.

Прыгадаўся верш з улюбёнага Генадзя Бураўкіна: «Перажыла наша родная мова, і Бенкендорфа, і Мураўёва». Так і з беларускай культурай ёсць і будзе! Дзе клішыны, а дзе беларускае мастацтва!» – сказаў у каментары «Белсату» Павал Мажэйка.

Павал Мажэйка пасля 3 содняў зняволення.
Фота: Белсат

Цэнтр гарадскога жыцця працуе ў Горадні амаль 5 гадоў, і за гэты час стаў культавым месцам для творчых асобаў. Гэта прастора, якая гуртуе актыўных, ініцыятыўных людзей, месца, дзе папулярызуецца беларускасць і пашана да свайго.

За час працы пляцоўкі тут адбыліся больш за 250 культурніцкіх і асветніцкіх імпрэзаў, 35 выставаў, больш за сотню прэзентацыяў, творчых сустрэчаў, майстар-класаў, некалькі вялікіх фестываляў, такіх як кінафестываль «Watch Docs» і фестываль інтэлектуальнай кнігі «Pradmova», навуковыя канферэнцыі, канцэрты, прэзентацыі кніг і сустрэчы з літаратарамі.

Сустрэча з тагачасным кіраўніком філіялу ПВТ Юрыем Вайтукевічам у Цэнтры гарадскога жыцця.
Фота: Белсат

Цэнтр выступаў арганізатарам традыцыйных калядных вечароў для дзетак, якія выхоўваюцца ў беларускамоўных сем’ях. Прастора стала домам для штотыднёвых курсаў беларускай мовы «‎Мова нанова»‎. Тут адбываліся выставы выбітных беларускіх мастакоў і іншыя імпрэзы, якія ўзбагачаюць і прасоўваюць культурніцкае жыццё Горадні.

У 2019 годзе Цэнтр стаў адзінай пляцоўкай у Беларусі, дзе адкрылі і паказалі выставу самага прэстыжнага конкурсу фатаграфіі «World Press Photo».

У 2020 годзе Цэнтр гарадскога жыцця прапанаваў сваю пляцоўку для збору і працы валанцёраў «ByCovid», якія дапамагалі гарадзенскім медыкам у барацьбе з пандэміяй каронавіруса. Пасля рэпрэсіяў жніўня 2020 года на пляцоўках Цэнтру выступалі звольненыя акторы гарадзенскіх тэатраў.

Традыцыйныя канцэрты ў дворыку Цэнтру гарадскога жыцця.
Фота: Белсат

19 сакавіка 2021 года ў Цэнтры гарадскога жыцця адчынілася выстава мастака Алеся Пушкіна «Пушкін у Горадні», на якой былі выстаўленыя мастацкія прапановы роспісаў гарадзенскага Старога замку і творы мастака розных гадоў.

Пракурор гораду Уладзімір Клішын палічыў, што адна з працаў парушае заканадаўства Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» і патрабуе ліквідацыі Цэнтру гарадскога жыцця.

АП, belsat.eu

Стужка навінаў