Зачыстка музейных зорак у Наваградку


Галіна Кавальчук вядзе экскурсію. Фота з сацсетак музею

Галіну Кавальчук звольнілі з Наваградскага гісторыка-краязнаўчага музею. Сёння яна дапрацоўвае апошні дзень на пасадзе старэйшай навуковай супрацоўніцы музею.

Прычына звальнення – грамадская пазіцыя і правядзенне ў нядзелі экскурсіяў для жыхароў Наваградку, сярод якіх былі людзі, пакараныя судом паводле арт. 23.34. КаАП.

Галіна Кавальчук працавала ў музеі амаль 22 гады. Найноўшая музейная гісторыя Наваградку звязаная менавіта з ёй. У 2019 годзе Галіна Кавальчук была прызнаная ўладамі раёну найлепшым музейным работнікам. У лютым 2021 года ёй абвесцілі, што не працягнуць кантракту.

Будынак музею. Фота з сацсетак музею

З музею звольнілі таксама навуковую супрацоўніцу Тамару Вяршыцкую. Яна, між іншага, стварала ў Наваградку Музей габрэйскага супраціву і занесеная ў Кнігу гонару Наваградскага раёну. Вяршыцкая афіцыйна развітаецца з музеем 2 красавіка 2021 года.

1 студзеня 2021 года з пасады дырэктара Дому-музею Адама Міцкевіча ў Наваградку знялі Мікалая Гайбу, які кіраваў установай больш за 20 гадоў.

У сакавіку жыхары Наваградку распачалі збор подпісаў за вяртанне звольненых Галіны Кавальчук і Тамары Вяршыцкай на працу ў музей. Петыцыю плануюць накіраваць у Міністэрства культуры. Падпісанты адзначаюць, што звальненне дасведчаных музейных работнікаў паралізуе навуковую працу музею ў Наваградку.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў