Сяргей Зікрацкі: «Калі пакласці на адну чашу шаляў ліцэнзію, а на другую – свабоду слова, я абяру другую»


Адвакат Сяргей Зікрацкі. 9 лютага 2021 году.
Фота: ТК / Белсат

Адваката Сяргея Зікрацкага, вядомага юрыста, абаронцу журналістаў у судах, 24 сакавіка выклікаюць у Міністэрства юстыцыі на паседжанне Кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці дзеля пазачарговай атэстацыі. Такім чынам ужо некалькіх выбітных беларускіх адвакатаў пазбавілі ліцэнзіі. «Белсат» паразмаўляў са спадаром Сяргеем напярэдадні паседжання – пра шлях у прафесію, як 2020 год змяніў працу адваката ў Беларусі, выбар паміж ліцэнзіяй і магчымасцю свабодна выказваць сваю думку.

Юрыстам стаў выпадкова

– Я не магу сказаць, што з дзяцінства марыў пра адвакатуру ці ўвогуле юрыспрудэнцыю. Не было такога прыкладу і ў сям’і – мае бацькі былі інжынерамі. Юрыстам я стаў цалкам выпадкова. У 11 класе з сябрамі вырашылі паступаць у БДЭУ. Калі мы пайшлі падаваць заявы, я нават не ведаў, які факультэт абраць. У прыёмнай камісіі наш будучы дэкан рэкламаваў новы накірунак, які тады толькі-толькі адкрыўся – гаспадарчае права. Ён казаў, што гэта як раз тое, што трэба – модна, перспектыўна, на сутыку эканомікі і права. Гэта быў 1996 год. Так я і трапіў у юрыспрудэнцыю.

Трэці дзень суда над журналісткамі «Белсату» Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Менск, Беларусь. 17 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Пачынаў працу з пасады юрыста ў камерцыйнай кампаніі, дарос да пазіцыі загадчыка юрыдычнага аддзелу ў групе кампаній. У пэўны момант зразумеў, што хачу працаваць на сябе, зарэгістраваўся індывідуальным прадпрымальнікам, атрымаў ліцэнзію на юрыдычныя паслугі. А потым здарыўся 2012 год – рэформа адвакатуры, якая забараніла юрыстам без ліцэнзіі адваката прадстаўляць кампаніі ў судах. Тады перада мной і паўстала пытанне – ці я застаюся звычайным юрыстам, які не мае права працаваць у судах, ці атрымліваю ліцэнзію адваката. Так і прыйшоў у адвакатуру – у красавіку 2013 атрымаў ліцэнзію. Зараз у мяне невялікі офіс і тры памочнікі.

Права на свабоду выказвання – адно з асноўных правоў чалавека

– Пытаннямі прававога рэгулявання СМІ я пачаў цікавіцца яшчэ ў студэнцкія гады, на апошніх курсах адмыслова вывучаў гэтую тэматыку, потым адразу пасля ўніверсітэту працаваў у IREX – арганізацыі, якая займалася праблемамі медыяў у Беларусі. У той перыяд пазнаёміўся з журналістамі, бо ўдзельнічаў у шматлікіх семінарах для медыяў, чытаў лекцыі, тлумачыў заканадаўства.

Тэма медыяў заўсёды цікавіла мяне, бо я лічу права на свабоднае выказванне сваёй думкі адным з асноўных правоў чалавека. Яно блізка мне асабіста.

Адвакат Сяргей Зікрацкі і гендырэктарка «ТУТ БАЙ МЕДИА» Людміла Чэкіна.
Фота: TUT.BY

Медыям я прысвяціў дыпломную працу, якая тычылася пазоваў аб абароне годнасці, гонару і дзелавой рэпутацыі. Потым як раз па гэтым накірунку я вёў шмат спраў. Пасля ўніверсітэту дадаткова вывучаў пытанні прававога рэгулявання СМІ ў Польшчы, Расеі (курс Школы права СМІ цэнтру «Права і сродкі масавай інфармацыі», 1999 год), у Англіі ў Оксфардзе (University of Oxford, Media Law Advocates Training Programme, 2004 год).

Першая перамога ў судзе: справа «Задзіночанне беларускіх студэнтаў супраць Мінюсту»

– З трэцяга па пяты курс я актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці Задзіночання беларускіх студэнтаў. Уваходзіў у Раду ЗБС, узначальваў праваабарончую камісію. Мы змагаліся з абавязковым размеркаваннем студэнтаў, лічылі яго незаконным. Пачалі актыўную кампанію ліставання з дзяржаўнымі органамі па гэтай тэматыцы. Адзін з лістоў мы даслалі ў Міністэрства юстыцыі. Замест адказу атрымалі папярэджанне з-за таго, што на нашым бланку ў адрасе было напісана Менск, а не Мінск. Мінюст палічыў, што гэтым мы парушылі заканадаўства.

А мы ж былі студэнтамі, эмацыйнымі, вельмі абуранымі, і падалі скаргу ў суд на Мінюст. Разглядаў наш пазоў Вышэйшы гаспадарчы суд. Гэта была мая першая справа ў жыцці. Я думаю, што гэта мара для любога студэнта-юрыста – падаць пазоў супраць Міністэрства, у вышэйшую судовую інстанцыю Беларусі. Мы выйгралі. Першая справа ў жыцці, у вышэйшым гаспадарчым судзе, і справа пераможная – я не памятаю, калі яшчэ атрымліваў столькі эмоцый, як ад таго кейсу.

Адвакат Сяргей Зікрацкі. Чацвёрты дзень суда над журналісткамі «Белсату». Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 году.
Фота: АВ / Белсат

Эвалюцыя светаўспрымання беларусаў у 2020-м

– Да 2020 года ў нас не было ўсё так адчайна дрэнна, як цяпер. Я бачыў плён ад сваёй працы, было шмат выйграных спраў з удзелам медыяў, чым я ганаруся. 2020 год перавярнуў усё нашае светаўспрыманне – і ў цэлым у насельніцтва, і ў юрыстаў тым больш.

Неяк у ліпеньскую пятніцу мы з сям’ёй ехалі за горад. І тут мне тэлефануюць і кажуць, што майго кліента – журналіста – затрымалі падчас стрыму на нейкай акцыі. Мы адмянілі ўсе свае планы, я развярнуў машыну і вярнуўся ў Менск. Стаў тэлефанаваць па РАУСах, шукаць таго журналіста. Праз пару гадзін яго адпусцілі без складання пратаколу. Я памятаю, як мы тады былі абураныя тым затрыманнем. Гэта быў самы пачатак. Мы не ведалі, што будзе далей. Потым журналістаў сталі адпускаць праз чатыры-пяць гадзінаў, без складання пратаколаў, і мы зноў абураліся, што гэта здзекі і парушэнні правоў. Далей журналістаў пачалі судзіць за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, мы абураліся соднямі. Але аказалася, што і гэта не фінал. Цяпер журналісты сядзяць за кратамі па крымінальных справах за сваю працу. Узгадваю той ліпеньскі выпадак і думаю, як за гэты час усё перавярнулася – тады мы абураліся, што журналіста тры гадзіны пратрымалі ў РАУСе, цяпер радуемся, калі далі 15 содняў, бо гэта не два гады па крымінальнай справе. Эвалюцыя нашага светаўспрымання на працягу 2020 года жахлівая.

Журналіст Радыё Свабода Антон Трафімовіч. 1 верасня 2020.
Фота: ТК / Белсат

Ці мае права адвакат публічна выказваць сваю думку?

– Права на свабоднае выказванне думкі гарантавана Канстытуцыяй, таму і абмяжоўваць яго магчыма толькі па крытэрах, замацаваных у Канстытуцыі і ў міжнародных прававых актах. І там няма нормаў, якія б забаранялі адвакатам выказвацца па з’явах, якія адбываюцца.

Ёсць меркаванне, што не варта адвакатам выказвацца па пэўных тэмах, маўляў, у палітыку лезці не трэба. Я не лічу, што мае, напрыклад, выказванні – гэта палітыка. У большасці сваёй яны тычыліся юрыдычных пытанняў, хоць і былі звязаныя з агульнапалітычнай сітуацыяй. Так, шмат хто з маіх кліентаў – палітычныя фігуры. Таму выказванні адносна законнасці ці незаконнасці іх затрымання ці прыцягнення да адказнасці могуць кімсьці разглядацца як палітычныя. Але я настойваю, што гэта юрыдычныя каментары.

А нават калі б гэта была палітыка! Чаму мы мусім абмяжоўваць адваката ў магчымасці выказвацца па палітычных пытаннях? Чаму адвакат не можа сказаць, што тая сістэма кіравання, якая ёсць сёння, дрэнная, і ён яе не падтрымлівае? Чаму адвакат не можа сказаць, што ён не згодны з вынікамі выбараў? Што неабходныя перамовы паміж уладамі і іншай часткай грамадства? Гэта палітычная дыскусія, у якой могуць удзельнічаць усе – і юрысты, і дактары, і інжынеры, усе. Таму, на мой погляд, няправільная пазіцыя, што адвакаты мусяць быць па-за палітыкай.

Адвакат Сяргей Зікрацкі. 9 лютага 2021 году.
Фота: ТК / Белсат

Пра ліцэнзію

– Я ніколі не шкадаваў пра свае ўчынкі. Калі б мне зараз прапанавалі вярнуцца ў чэрвень 2020 года і нешта зрабіць інакш, я б нічога не змяняў. Таму што, паўтаруся, я лічу, што права на выказванне сваёй думкі – адно з асноўных правоў чалавека.

Канешне, мне будзе шкада застацца без ліцэнзіі. Адвакацкай дзейнасці я аддаў значную частку свайго жыцця. Дзякуючы гэтай працы я стаў тым, кім я ёсць сёння. Зразумела, што будзе шкада. Але калі пакласці на адну чашу вагаў ліцэнзію, а на другую – права на выказванне сваёй думкі, я выберу другую. І ўвогуле лічу, што гэтыя рэчы нельга параўноўваць.

Пра галоўнае ў жыцці і прафесіі

– Па-за працай увесь свой вольны час стараюся праводзіць з роднымі. У мяне шматдзетная сям’я, малодшым дзяўчынкам-блізнятам хутка будзе па пяць гадоў.

Я жыву так, як унутрана лічу правільным. Калі я з нечым не згодны, я не буду гэтага рабіць. Я вельмі ўпарты, і калі нешта вырашыў, мала што можа спыніць мяне. Калі ёсць мэта, я іду да яе ўсімі магчымымі шляхамі.

У прафесіі адным з асноўных прынцыпаў лічу адчуванне кліента і ўменне ўсталяваць кантакт і давер. Тым, хто за кратамі, вельмі цяжка. Ім патрэбная ўпэўненасць, што ўсё зменіцца, будзе добра, што родныя іх падтрымліваюць. Вельмі важна – знайсці правільныя словы. Калі я размаўляю з кліентамі ў СІЗА, я стараюся даслоўна перадаць іх родным, што яны кажуць, калі ёсць магчымасць, запісваю. Я ведаю, што сям’я адчувае усе гэтыя абароты, якімі размаўляюць іх блізкія, і калі ты перадаеш даслоўна, гэта дае адчуванне, што яны ўсцяж разам.

Адвакат Сяргей Зікрацкі падчас пасяджэння над журналісткамі Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. 9 лютага 2021 году.
Фота: ТК / Белсат

У 2020 годзе, калі мы ўбачылі, што нормы права часта не працуюць, ці не на першы план стала выходзіць псіхалагічная падтрымка, часта яна важнейшая за юрыдычную.

Так, гэта цяжка. Перажываеш за сваіх кліентаў. Адначасова, у сітуацыі, калі ты не можаш нічога змяніць, траціць сябе на лішнія эмоцыі не мае сэнсу. Я спрабую гэта данесці да кліентаў – так, мы разумеем, што ўтрыманне за кратамі несправядлівае, але юрыдычна мы не можам гэтага сёння змяніць. Таму мы прымаем гэта як ёсць і стараемся ўсімі спосабамі сябе захаваць. Мы бачым арыентыр, мы ведаем, калі ўсё зменіцца, таму мы проста ідзем у тым кірунку. І я бачу, што ў маіх кліентаў прыкладна такі ж настрой. Так, тут кепска, так, умовы жудасныя, і хацелася б быць на волі. Але сёння наш лёс такі, таму мы жывем і не спыняемся, бо наперадзе ў нас будучыня, і мы верым, што гэтая будучыня будзе добрай.

Размаўляла Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў