259-ы дзень пратэстаў. Марыя Калеснікава адзначае дзень народзінаў, Лукашэнка распавёў пра сцэнары «дзяржперавароту»


Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі працягваюцца 259 дзён. Грамадзяне краіны патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі, пакарання вінаватых у фальсіфікацыях, гвалце і прававым бязмежжы. «Белсат» падводзіць вынікі гэтага дня.

Марыя Калеснікава звярнулася з СІЗА

Адна з лідараў пратэстнага руху ў і паплечніца кандыдаткі ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай, сябра Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава перадала з-за кратаў свой зварот:

«У мяне сёння дзень нараджэння. Гэты дзень я заўсёды праводзіла ў коле сям’і, блізкіх і сяброў. У якой бы краіне я не знаходзілася. І заўсёды гучна і весела!

Сёння, на жаль, я вас не ўбачу, не абдыму і мы не пасмяемся так заўзята і аглушальна гучна, як толькі мы ўмеем. Але ведайце сёння і заўсёды, вы ўсё ў маім сэрцы і я ўсёй душой з вамі. Смейцеся, абдымайцеся і весяліцеся сёння. І за мяне таксама!»

Марыя Калеснікава

7 верасня Марыю Калеснікаву затрымалі ў Менску. У ноч на 8 верасня пры спробе гвалтоўнага вывазу з Беларусі ва Украіну яна на мяжы парвала свой пашпарт і такім чынам засталася на беларускай тэрыторыі. На наступны дзень была змешчана ў СІЗА-1 у Менску як падазраваная ў крымінальнай справе аб публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады.

Марыя знаходзіцца за кратамі 230 дзён.

Мужу Андрэевай не дазволілі пабачыцца з Кацярынай

Мужу Кацярыны Андрэевай Ігару Ільяшу не дазволілі спаткацца з жонкай, спаслаўшыся на дзіўнае абмежаванне.

Журналісты Белсату Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева.
Фота: сямейны архіў

«Подельникам в один день нельзя», – сказала супрацоўніца Жодзінскай турмы, якая прымала заяву Ігара на спатканне.

«Праблема ў тым, што маці Дашы Чульцовай учора раней за мяне сёння падала заяву. А спатканне са сваякамі фігурантам адной крымінальнай справы нельга мець у адзін дзень», – распавёў Ігар.

Цяпер маці Дашы чакае сустрэчы з дачкой у чарзе.

«Раней я не чуў пра такія абмежаванні. Выглядае на тое, што гэта нейкае ноў-хаў жодзінскай турмы. Адмова ў спатканні падаецца мне абсалютна неабгрунтаванай, а аргументацыя – бессэнсоўнай», – адзначыў Ільяш.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі Белсату. Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 году.
Фота: АВ / Белсат

Лукашэнка агучыў сцэнары планаванага «дзяржперавароту»

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што змоўшчыкі распрацоўвалі некалькі сцэнароў «дзяржперавароту» ў Беларусі. Першапачаткова яны нібыта планавалі ліквідацыю Лукашэнкі на парадзе 9 траўня. Але паколькі рэалізацыя такога сцэнару была складанай, яны адмовіліся ад гэтага і вырашылі ўчыніць напад на картэж. З гэтай мэтай яны набылі і прывезлі ў Беларусь гранатамёты. Але і гэты сцэнар стаў немагчымым, паколькі аўтамабілі ў картэжы рухаюцца даволі хутка і патрапіць у іх з гранатамёта вельмі складана. Таму абралі трэці варыянт – напад на загарадную рэзідэнцыю Лукашэнкі. І на гэтыя мэты нават вылучылі 10 мільёнаў долараў, а на снайпера – 1 мільён долараў. Праўда, Лукашэнка не сказаў, хто вылучыў грошы і каму яны паступілі.

Hавiны
Лукашэнка агучыў версію планаванага «дзяржперавароту ў Беларусі»
2021.04.24 19:11

Акрамя гэтай гісторыі, Лукашэнка заявіў, што мае намер падпісаць падпісаць дэкрэт аб пераходзе Савету бяспекі прэзідэнцкіх паўнамоцтваў у выпадку, калі ў краіне паўстане такая неабходнасць.

Аляксандр Лукашэнка.
Фота: president.gov.by

Пра гэты дакумент Лукашэнка казаў яшчэ тыдзень таму на суботніку. Так дэкрэт мае стаць адным з найважнейшых рашэнняў за гады яго прэзідэнцтва. Цяпер ён заявіў, што рыхтуе план «Б» на выпадак удалага замаху на яго:

«Прэзідэнта застрэлілі – на заўтра Савет бяспекі будзе надзелены паўнамоцтвамі. Трэба ўводзіць надзвычайнае становішча імгненна, аж да ваеннага, калі хтосьці на мяжы паварухнецца. І Савет бяспекі павінен прымаць рашэнне. Таму я казаў, што падпішу гэты дэкрэт і вызначу, хто будзе кіраваць краінай «калі раптам што».

Лукашэнка падкрэсліў, што «гатовы на ўсё, але толькі каб захаваць маю і вашу краіну».

Аналітыка
Палітолагі пра анансаваны дэкрэт Лукашэнкі: Легалізацыя вайсковай хунты ў Беларусі насуперак Канстытуцыі
2021.04.24 17:17

Аналітыкі адзначаюць, што насамрэч дакумент супярэчыць Канстытуцыі краіны, а па-другое, сыходзяцца ў меркаванні, што такім чынам адбываецца легалізацыя вайсковай хунты ў Беларусі.

Лукашэнка заявіў, што «гатовы на ўсё, але толькі каб захаваць маю і вашую краіну». Менавіта таму ён анансаваў, што падпіша дэкрэт аб пераходзе Савету бяспекі прэзідэнцкіх паўнамоцтваў у выпадку, калі ў краіне паўстане такая неабходнасць.

На волі лідар «Альтэрнатывы»

Суддзя суда Маскоўскага раёну Менску Вольга Малашэнка 23 красавіка вынесла прысуд па крымінальнай справе лідара грамадскай ініцыятывы «Альтэрнатыва» Алега Корбана, паведамляе «Вясна». Яго абвінавачвалі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК).

Алег Корбан.
Фота: spring96.org

Алега Корбана затрымалі пасля ператрусу ў кватэры 25 кастрычніка і пакаралі 15-содняў арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а пасля яго заканчэння перавялі ў СІЗА-1.

Вечарам 23 красавіка Алег Корбан напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

«Цуд адбыўся, сёння мяне выпусцілі на свабоду! Суд вынес 1,5 года абмежавання волі. Падрабязнасці будуць пазней, зараз пачынаю адаптавацца да вашай свабоды».

Аб’ектыў
Анансаваны дэкрэт – перадача ўлады ці гарантыі для атачэння?
2021.04.24 22:54

СК belsat.eu

 

Стужка навінаў