Галоўнае за 24 траўня: міжнародная рэакцыя на затрыманне Рамана Пратасевіча і пераслед журналістаў «Белсату»

Belsat.eu падводзіць вынікі 24 траўня – 289-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

З’явілася першае відэа з затрыманым Раманам Пратасевічам

На відэа Раман пацвердзіў сваё затрыманне ў менскім аэрапорце і расказаў, што на дадзены момант знаходзіцца ў СІЗА на Валадарцы.

Таксама хлопец распавёў, што цяпер ён «супрацоўнічае са следствам і дае прызнальныя паказанні па факце арганізацыі масавых беспарадкаў у горадзе Менску».

У адказ на сённяшнія паведамленні аб крытычным стане здароўя Раман «заявіў», што ніякіх праблем з сэрцам і іншымі органамі ў яго няма, а стаўленне з боку супрацоўнікаў па законе карэктнае.

Маці Рамана Пратасевіча: Не выключаю, што ў яго мог быць сэрцавы прыступ

Ціханоўская выступіла з прэс-канферэнцыяй з нагоды затрымання Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыны

На наступны дзень пасля перахопу самалёта і затрымання Рамана Пратасевіча Святлана Ціханоўская правяла брыфінг у Вільні, дзе распавяла пра ўчорашнюю сітуацыю і далейшыя планы.

Святлана Ціханоўская правяла брыфінг, дзе распавяла пра ўчорашнюю сітуацыю з затрыманнем Рамана Пратасевіча і далейшыя планы офісу ў сувязі з гэтым. Вільня, Літва. 24 траўня 2021 года. Фота: Белсат

Разам з Раманам затрымалі ягоную дзяўчыну, 23-гадовую Сафію Сапегу. Яна ляцела тым жа рэйсам. Паводле інфармацыі сваякоў, дзяўчыну даставілі на Акрэсціна. Сафія – грамадзянка Расеі, але расейскі консул адмовіўся надаваць дапамогу ў ейнай справе.

«Страшна ўявіць, што перажылі ўчора і перажываюць проста цяпер Раман і Сафія. Пасажыры самалёта, якія змаглі даляцець да Вільні, распавялі, што калі борт развярнулі на Менск, Рамана пачало трэсці, а перад затрыманнем ён сказаў: «Мяне там чакае смяротнае пакаранне».

Адбыўся акт дзяржаўнага тэрарызму – і цяпер пад пагрозай будзе любы пасажыр грамадзянскага самалёта, які пралятае над Беларуссю. Бо рэжым ператварыў нашу краіну ў Паўночную Карэю ў цэнтры Еўропы», – кажа Святлана Ціханоўская.

Што вядома пра дзяўчыну Рамана Пратасевіча, якую затрымалі разам з ім у менскім аэрапорце

«Дзяржаўнае пірацтва». Гендырэктар «Ryanair» выказаўся пра падзеі ў Менску

Генеральны дырэктар ірландскай авіякампаніі «Ryanair» Майкл О’Ліры выказаўся з нагоды прымусовай пасадкі рэйсу Афіны – Вільня і затрымання аднаго з пасажыраў – апазіцыйнага блогера Рамана Пратасевіча.

Майкл О’Ліры назваў здарэнне выпадкам «падтрыманага дзяржавай пірацтва».

«Я не магу шмат пра гэта сказаць, бо на гэты момант улады ЕЗ і NATO займаюцца гэтым», – заявіў ён.

ОʼЛіры сказаў, што гэты інцыдэнт быў «вельмі страшным» для пасажыраў і экіпажу, бо іх трымалі пад узброенай аховай і ладзілі ім вобшук.

«Падобна да таго, што ўлада мела намер прыбраць журналіста і яго спадарожніка… Мы лічым, што ў аэрапорце таксама былі агенты КДБ», – дадаў гендырэктар авіякампаніі.

Навошта Лукашэнку спатрэбілася спецаперацыя супраць самалёта «Ryanair» і якімі будуць наступствы? Тлумачаць эксперты

Што за «ліст пра бомбу» і калі паднялі знішчальнік. Версія беларускага боку пра захоп рэйсу «Ryanair»

Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі склікае савет з-за сітуацыі ў Беларусі

Рада Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) плануе сабрацца на тэрміновае паседжанне 27 траўня з-за інцыдэнту з самалётам Ryanair ў Беларусі.

Адпаведнае паведамленне з’явілася ў афіцыйным Тўітэры ICAO:

«Прэзідэнт Савета ICAO склікаў тэрміновае пасяджэнне 36 дыпламатычных прадстаўнікоў 27 траўня з нагоды інцыдэнту, звязанага з рэйсам Ryanair FR4978 ў паветранай прасторы Беларусі 23 мая 2021 года. Мы апублікуем далейшыя абнаўлення, калі яны будуць даступныя», – гаворыцца ў паведамленні ICAO.

У ЗША і ЕЗ заклікалі забараніць палёты над Беларуссю і ўвесці санкцыі

У менскім аэрапорце «з-за пагрозы тэрарыстычнага акту» на дзве гадзіны затрымалі рэйс на Франкфурт

На наступны дзень пасля сітуацыі з разваротам самалёта кампаніі Ryanair нібыта з-за магчымай пагрозы мініравання 24 траўня ў менскім аэрапорце на дзе гадзіны затрымаўся рэйс Менск-Франкфурт авіякампаніі Lufthansa. Па інфармацыі аэрапорту гэта адбылося з-за таго, што нехта хацеў здзейсніць тэрарыстычны акт.

Усіх пасажыраў рэйсу высадзілі з самалёта для паўторнага дагляду рэчаў. Самалёт мусіў быў вылецець а 14:20 па беларускім часе.

Менскі аэрапорт паведаміў, што на іх электронную пошту паступіла паведамленне ад «неўстаноўленых асоб аб намеры здзейсніць тэрарыстычны акт».

Каля 16:10 стала вядома, што пасажыраў рэйсу павялі на пасадку. Пілот самалёту абвесціў, што бомбу на борце не знайшлі і яны могуць ляцець.

Беларусь высылае пасла Латвіі разам з усім дыпламатычным персаналам. Латвія адказала тым жа

Беларусь разам з паслом Латвіі высылае ўвесь дыпламатычны персанал, за выключэннем аднаго тэхнічнага супрацоўніка для догляду за будынкам.

У адказ на гэта Латвія таксама высылае пасла Беларусі і ўсіх дыпламатаў.

«Паслу прапанавана пакінуць Беларусь на працягу 24 гадзін. Усяму дыпламатычнаму і адміністрацыйна-тэхнічнаму саставу амбасады таксама прапанавана пакінуць Беларусь – на працягу 48 гадзін. Пакінуць тут аднаго адміністрацыйна-тэхнічнага супрацоўніка для сыходу за будынкам», – сказаў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Прычынай таму сталася замена чырвона-зялёнага сцяга на бел-чырвона-белы, якую зладзілі кіраўнік латвійскага МЗС і мэр Рыгі. Сцяг змянілі ў тым месцы, дзе вывешаныя сцягі краінаў-удзельніц хакейнага чэмпіянату свету.

Замена дзяржаўнага беларускага сцяга на бел-чырвона-белы. Рыга, Латвія. 24 траўня 2021 года. Фота: Mārtiņš Staķis / Twitter
Замена дзяржаўнага беларускага сцяга на бел-чырвона-белы. Рыга, Латвія. 24 траўня 2021 года. Фота: Mārtiņš Staķis / Twitter

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, які дазваляе блакаванне інтэрнэту

Паводле дакументу, у мэтах папярэджання сітуацыяў, «якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы», можа быць абмежаванае і нават спыненае функцыянаванне сетак электрасувязі і сродкаў электрасувязі.

Закон набывае моц пасля афіцыйнага апублікавання.

У Берасці пачалі судзіць пятую групу ў «карагоднай справе»

24 траўня ў судзе Маскоўскага раёну Берасця пачалі судзіць пятую групу ў гэтак званай карагоднай справе. Працэс вядзе Яўген Брэган.

У судзе Маскоўскага раёну пачалі судзіць пятую групу ў гэтак званай карагоднай справе. Працэс вядзе Яўген Брэган. Гэтым разам судзяць 13 асобаў: Ігар Вінакураў, Сяргей Ксянжук, Зміцер Курганаў, Алена Лойка, Радзівон Медушэўскі, Андрэй Нямірскі, Сафія Нішт, Андрэй Аніскевіч, Ілля Палхоўскі, Кацярына Смірнова, Мікіта Увараў, Аляксандр Храпко, Галіна Чугунова. Берасце, Беларусь. 24 траўня 2021 года. Фота: Белсат

Гэтым разам судзяць 13 асобаў: Ігар Вінакураў, Сяргей Ксянжук, Зміцер Курганаў, Алена Лойка, Радзівон Медушэўскі, Андрэй Нямірскі, Сафія Нішт, Андрэй Аніскевіч, Ілля Палхоўскі, Кацярына Смірнова, Мікіта Увараў, Аляксандр Храпко, Галіна Чугунова.

Паводле артыкулу 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») у гэтай справе асудзілі ўжо 32 чалавекі, 18 з іх ужо адбываюць пакаранне.

Цела памерлага ў калоніі Вітольда Ашурка родным не аддалі

Брат памерлага Андрэй Ашурак расказаў «Белсату», што раніцай 24 траўня дазваніўся да следчага, які праводзіць праверку. Той запісаў ягоны нумар тэлефона і сказаў: «Чакайце званка», «эксперты працуюць». На пытанне, ці могуць родныя забраць цела Вітольда Ашурка, следчы адказаць не змог, прасіў чакаць.

«Мы даведаліся пра тое, што Вітольд памёр, вечарам у пятніцу – а тут субота і нядзеля, – расказвае Андрэй Ашурак. – Гэта ў нас трагедыя, а там выходныя».

У пятніцу ўвечары ўдаве Вітольда Вользе сказалі, што ейны муж памёр у калоніі ад спынення сэрца. Гэта ўсё, што сям’я памерлага ведае пра прычыны смерці. З усімі далейшымі пытаннямі трэба звяртацца ў Следчы камітэт. Вольга кажа, што сэрца ў Вітольда было здаровае.

Жыццё экс-міліцыянта Кулакоўскага, якога зноў адправілі на содні, пад пагрозай. Ён праглынуў лыжку

Содні і штрафы: у Менску прайшлі суды над затрыманымі супрацоўнікамі «Белсату»

У Цэнтральным судзе Менску 24 траўня прайшлі судовыя працэсы над тэхнічнымі супрацоўнікамі «Белсату», якіх затрымалі 21 траўня. Іх усіх судзілі паводле арт. 24.3 КаАП («Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў»). Суддзя – Аляксандр Петраш.

Па выніку судоў супрацоўнікам «Белсату» былі абвешчаныя наступныя прысуды:

  • Аляксандр Кульпо – 15 содняў;
  • Яўген Меркіс атрымаў 25 базавых;
  • Міхаіл Кашкан – таксама 15 содняў;
  • Максім Ерашэнка – 15 содняў;
  • Рыгору Пятровічу далі 15 содняў;
  • Паўлу Патапаву прысудзілі арышт на 15 содняў.

Справу Алеся Сіліча адправілі на дапрацоўку, але журналіста не выпусцілі пасля 72 гадзін. У ІЧУ паведамілі, што яго ў іх няма, але параілі шукаць у Першамайскім РУУС. Магчыма, Алесь Сіліч зноў затрыманы па новаму пратаколу.

Вядоўца праграмы «Шчыра кажучы» з’ехала з Беларусі з-за небяспекі. Цяпер пераследуюць яе сваякоў

АД, belsat.eu

Тэгі: навіны

Hавiны