У ЗША і ЕЗ заклікалі забараніць палёты над Беларуссю і ўвесці санкцыі


Нацыянальны аэрапорт «Менск», Беларусь. 30 красавіка 2020 года.
Фота: ІА / Белсат

Старшыня камітэту замежных справах Сенату ЗША Роберт Менендэс разам з шэрагам заканадаўцаў з Вялікай Брытаніі, Ірландыі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі і Нямеччыны выступіў з заявай адносна пасадкі самалёту авіякампаніі «Ryanair» і затрымання былога рэдактара Teleram-канала Nexta Рамана Пратасевіча. Дакумент апублікавала прэс-служба Менендэса.

«Мы заклікаем Міжнародную арганізацыю грамадзянскай авіяцыі [ICAO] правесці неадкладнае расследаванне гэтага відавочнага парушэння вольнага міжнароднага паветранага транзіту і пагроз для авіяцыі. Да правядзення расследавання мы заклікаем адхіліць Беларусь ад арганізацыі і ўвесці забарону на ўсе палёты над Беларуссю, уключаючы палёты ў краіну і з яе», – гаворыцца ў заяве.

Акрамя таго, палітыкі заклікалі краіны НАТО і ЕЗ увесці санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва і «прыпыніць яго магчымасці выкарыстоўваць Інтэрпол і іншыя міжнародныя арганізацыі для далейшых нападаў на дэмакратыю ў Еўропе».

«Гэтыя безразважныя дзеянні паставілі пасажыраў і экіпаж пад вялікую пагрозу», – гаворыцца ў заяве.

Таксама ў дакуменце заклікаюць да правядзення ў Беларусі «свабодных выбараў пад наглядам АБСЕ» і неадкладнага і безумоўнага вызвалення Рамана Пратасевіча і ўсіх палітвязняў.

Артыкулы
Аперацыя супраць самалёта Ryanair і затрыманне Рамана Пратасевіча. Галоўнае
2021.05.23 23:49

МГ belsat.eu

Стужка навінаў